Пекла на Зямлі можна перачакаць на Месяцы
55 гадоў таму першы чалавек трапіў на спадарожнік нашай плянэты. Пасьля той легендарнай місіі палёты людзей на Месяц не праводзіліся, што стварыла ўраджайную глебу для спэкуляцыяў. Аднак ужо адносна хутка, праз гадоў 10 людзі зьбіраюцца стварыць калёнію там, на небе. Як гэта і ці не казка?
20 ліпеня 1969 года Ніл Армстранг зрабіў той самы «адзін маленькі крок для чалавека, адзін гіганцкі скачок для чалавецтва». Ад «Апалёна-11» да «Апалёна-17» была разгорнутая серыя місіяў, якія прадэманстравалі магчымасьці палёту чалавека ў космас, пасадкі на Месяц і бясьпечнага вяртаньня. Кожная місія грунтавалася на дадзеных папярэдніх, і, натуральна, удасканальвала тэхналёгію.
Рэальнасьць 1970-х і 80-х гадоў прынесла больш зямных праблемаў. Бюджэтныя абмежаваньні, зьмена палітычных прыярытэтаў і складанасьць касьмічных падарожжаў перашкодзілі амбіцыйным плянам стварэньня месяцовых калёніяў. У цэнтры ўвагі былі іншыя навуковыя пошукі, і Месяц на некаторы час адышоў на другі плян чалавечых амбіцый.
Але з надыходам нашага ХХІ стагодзьдзя старыя мары скінулі з сябе пыл і імкнуцца да свайго ажыцьцяўленьня. Магчыма, самай значнай зьменай стаў выхад прыватных кампаніяў на касьмічную арэну. SpaceX, Blue Origin і іншыя зьнізілі агульны кошт паездак у космас дзякуючы шматразовым ракетам. І разам з тым яны аднавілі цікавасьць грамадзкасьці да дасьледаваньня сусьвету.
Гаворка зайшла аб выкарыстаньні Месяца ў якасьці прыступкі для больш глыбокага дасьледаваньня таго, што знаходзіцца вакол нашай плянэты. Праграма Артэміда, якую распрацавалі ў NASA, скіраваная на вяртаньне людзей на Месяц у самы бліжэйшы час з плянамі па ўстойлівай прысутнасьці чалавечай базы да канца наступнага дзесяцігодзьдзя.
Праграма прадугледжвае Месяц як базу для навуковых дасьледаваньняў, цэнтр для тэставаньня новых тэхналёгій і стартавую пляцоўку для місій на Марс і нават далей.
Прагнозы
Згодна з цяперашнімі прагнозамі, першая пастаянная месяцовая база можа быць створаная да сярэдзіны 2030-х гадоў. Але як мы туды патрапім? Посьпех калянізацыі Месяца залежыць ад некалькіх ключавых тэхналягічных дасягненьняў.
Ракеты
Прайшлі тыя часы, калі падарожжы ў космас з аднаразовымі ракетамі былі квіткамі у адзін бок. Зьяўленьне шматразовых ракетаў, ініцыяванае SpaceX з серыямі Falcon і Starship, зрабіла сапраўдную рэвалюцыю ў касьмічных падарожжах. Шматразовае выкарыстаньне рэзка скарачае выдаткі і павялічвае частату місій, што робіць рэгулярныя паездкі на Месяц магчымымі. Уявіце сабе, што ракеты прызямляюцца на Зямлю для дазапраўкі і адпраўляюцца зноў – рыхтык як самалёты, а не аднаразовыя прылады.
Сістэмы жыцьцезабесьпячэньня
Жыцьцё на Месяцы запатрабуе вельмі складаных сістэмаў жыцьцезабесьпячэньня, здольных перапрацоўваць паветра, ваду і адкіды. Навакольнае асяродзьдзе Месяца надзвычай жорсткае, з экстрэмальнымі тэмпературамі і адсутнасьцю прыдатнай для дыханьня атмасферы. Стварэньне новых буйных сістэмаў, падобных да тых, якія распрацаваныя для Міжнароднай касьмічнай станцыі, будуць мець першаснае значэньне для пачатку місіяў.
Абарона ад радыяцыі
Касьмічнае выпраменьваньне будзе ўяўляць істотную пагрозу для жыхароў Месяца. Без ахоўнага магнітнага поля Зямлі астранаўты на Месяцы будуць пад узьдзеяньнем шкоднага сонечнага і касьмічнага выпраменьваньня. Стратэгіі выжываньня ў такіх умовах уключаюць стварэньне пабудоваў з тоўстымі сьценамі з выкарыстаньнем месяцовага рэгаліту, стварэньне магнітных палёў і выкарыстаньне вады ці іншых матэрыялаў у якасьці ахоўных бар'ераў.
Стварэньне асяродзьдзя пражываньня
Будаўніцтва дома (у шырокім сэнсе) на Месяцы ўяўляе сабой нязвыклыя для Зямлі праблемы. Традыцыйныя метады будаўніцтва не будуць працаваць ва ўмовах нізкай гравітацыі і высокай радыяцыі. Адмыслоўцы сёньня працуюць над тым, каб выкарыстоўваць тэхналёгію 3D-друку. Калі браць месяцовы рэгаліт (месяцовы пыл) у якасьці асноўнага матэрыялу, можна (зноў такі, калі верыць тэарэтычным распрацоўкам) друкаваць структуры, якія адначасова будуць трывалымі і абароненымі ад радыяцыі.
Гэты метад зьмяншае неабходнасьць транспартыроўкі будаўнічых матэрыялаў з Зямлі, значна зьніжае выдаткі і лягістычныя перашкоды. Гучыць як ідэя з фільмаў 1970-х гадоў, праўда?
Рэсурсы на месцы
Распрацоўваецца практыка збору і выкарыстаньня матэрыялаў, знойдзеных на Месяцы, для падтрымкі дзейнасьці чалавека. Гэта ўключае ў сябе здабычу вады з месяцовага лёду, які можа быць падзелены на кісларод і вадарод для дыханьня і паліва. Выкарыстаньне такіх рэсурсаў зьменшыць залежнасьць ад Зямлі ў пляне паставак. Паверхня Месяца багатая такімі каштоўнымі рэсурсамі, як гелій-3, патэнцыйнае паліва для будучых рэактараў ядзернага сінтэзу, і рэдказямельнымі элементамі, вельмі істотнымі для сучаснай электронікі. Здабыча гэтых матэрыялаў стане значным эканамічным стымулам для калянізацыі Месяца.
Такім чынам праз нейкі час Месяц (грамадзяне Месяца) могуць абвесьціць незалежнасьць ад Зямлі і не прымаць ненароджаных на Месяцы людзей без візы ці адмысловага запрашэньня ад сваякоў.
Гэта вядома гучыць як жарт, але чалавечае грамадзтва ўвесь час імкнецца да падобнага разьвіцьця падзеяў.
Праблемы
Адной з самых страшэнных праблемаў калянізацыі Месяца зьяўляецца астранамічны кошт. Усталяваньне пастаяннай прысутнасьці на Месяцы патрабуе значных фінансавых укладаньняў, якія ўключаюць дасьледаваньні і распрацоўкі, інфраструктуру, транспарт і проста эксплюатацыйныя выдаткі. Гістарычна склалася так, што дасьледаваньне космасу ў асноўным фінансавалася дзяржаўнымі касьмічнымі агенцтвамі, бюджэт якіх залежаў ад палітычных і эканамічных ваганьняў таго ці іншага ўрада. Бюджэт той самай праграмы «Апалён», нягледзячы на ашаламляльны посьпех, быў скарочаны праз зьніжэньне цікавасьці і зьмены геапалітычных прыярытэтаў.
Прыватныя кампаніі сёньня ўносяць новы подых, але на тое яны і прыватныя, што сёньня Маску і Бэзасу цікава (і напэўна выгадна) распрацоўваць праграмы па касьмічных падарожжах, але ці будзе гэта працягвацца праз пару дзесяцігодзьдзяў, асабліва пры небясьпецы правалу першых спробаў – застаецца таямніцай.
Рызыкі для здароўя
Гравітацыя Месяца складае ўсяго адну шостую гравітацыі Зямлі. Доўгае ўзьдзеяньне нізкай гравітацыі можа прывесьці да атрафіі цягліцаў, страты шчыльнасьці касьцяной тканіны і іншых фізіялягічных праблемаў. Касманаўты Міжнароднай касьмічнай станцыі сутыкнуліся з падобнымі праблемамі падчас працяглых місій ва ўмовах мікрагравітацыі.
Права ўласнасьці і правы на рэсурсы
Каму належыць Месяц? Дамова аб космасе 1967 года, якая ратыфікаваная больш чым 100 краінамі, абвяшчае, што нябесныя целы, у тым ліку Месяц, не падлягаюць нацыянальнаму прысваеньню. Тым не менш, гэта не дакладна датычыцца эксплюатацыі месяцовых рэсурсаў. Хто забароніць Індыі ці Судану, у выпадку іх тэхналягічнага прарыву – зьбіраць бясконцыя рэсурсы на Месяцы ў выключна сваіх нацыянальных мэтах?
Амэрыканскі сьцяг Ніла Армстранга напэўна ўжо даўным даўно зьнік з паверхні. І ці не чакаюць нас зорныя войны, як толькі мы зробім новы крок па засваеньні Месяца?
Зваротны адлік пачаўся, і з кожным днём мы набліжаемся да ажыцьцяўленьня мары жыць і працаваць у іншым сьвеце.