Палеанталогія гродзенскіх касцёлаў: на падлозе — скамянелыя ракавіны, якім 450 мільёнаў год
Гродзенскія храмы крыюць шмат таямніцаў. Хто ведаў, што на падлозе Фарнага і Бернардынскага касцёлаў ляжаць пліты, на якіх бачны скамянелыя ракавіны галаваногіх малюскаў, якія жылі 450 мільёнаў год таму?

Архіўныя крыніцы і інвентары касцёла ўзгадваюць аб "шведскім камяні", якім была пакрытая падлога ўнутры касцёла. "Шведскі камень", "шведскі мармур", "lapis sueticus", "шведская падлога" або "вазоўская падлога" — назва папулярнага і вельмі дарагога каменя, які быў распаўсюджаны на нашых землях у XVI – XVIII ст.
Патрапіў ён са Скандынаўскага паўвострава, менавіта — са Швецыі, адсюль і такая назва. Гэтым каменем аздабляліся капліцы, касцёлы, надмагільныя пліты. Характэрнай рысай каменя, які мае асадкавае паходжанне і адносіцца да ардавікскага перыяду, з'яўляецца адсутнасць устойлівага колеру: каменныя пліты маюць шэры і чырвоны колеры. Іншай важнай прыкметай пароды з'яўляецца прысутнасць палеазаалагічных акамянеласцяў, галоўным чынам галаваногіх малюскаў Ortoceras i Endoceras. Гэтыя вымерлыя марскія жывёлы мелі конусападобную выцягнутую ракавіну, даўжыня якой дасягала 4 м (!), але ў асноўным не перавышала 30 см. Пры небяспецы малюскі маглі хаваць у ёй галаву і шчупальцы.
У шведскіх каменяломнях пароду калолі на квадратныя кавалкі ад 20 см да 55 см (у залежнасці ад заказу) і паліравалі пры дапамозе цяглавай сілы. Затым гатовы матэрыял транспартаваўся ў порт Гданьска, адкуль развозіўся па ўсёй Еўропе, у тым ліку і ў Гродна. У наш горад камень прыплыў па Нёману на плытах. Галоўнымі заказчыкамі гэтага матэрыялу былі магнаты і каталіцкія ордэны, асабліва цыстэрыяне, бернардыны і езуіты). Сапраўды, у Гародні са "шведскага каменю" выкладзена падлога ў езуіцкім і бернардынскім касцёлах, магчыма, ім былі аздоблены і іншыя храмы, якія не захаваліся да гэтага часу.
Ніжэй прадстаўлены фатаздымкі акамянеласцяў, якія былі зроблены ў Фарным касцёле:










