«Пахне чабор! Пахне вечна!» Мастачка Аксана Аракчэева напісала карціну на актуальную тэму
Вядомая беларуская мастачка Аксана Аракчэева напісала карціну на актуальную апошнім часам тэму «Пахне Чабор». Цікавая не толькі сама тэма, але і агульны фон карціны, напоўнены сімвалізмам — мінская плошча Свабоды з нацыянальным сцягам над гарадской ратушай, жанчыны ў строях колераў сцягу і сэрцайка побач з букетам, таксам у бела-чырвоных танах.
Пра завяршэнне работы над карцінай мастачка паведаміла сёння на сваёй старонцы, дадаўшы да яе каментар: «Жыве!!! Завяршыла! «Пахне Чабор», 70х50. Карціна — мара! Усё здзейсніцца!!! Пераможам!».
Фонам карціны паслужыў праўдзівы выгляд з мастацкай майстэрні мастачкі, якая ёй перайшла ў спадчыну пасля бацькі, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Барыса Аракчэева.
Аксана Аракчэева мае цэлы цыкл карцін «Мінскія вокны», над якім яна працавала десяць гадоў і які вядомы далёка па-за межамі Беларусі. Спачатку гэта былі вокны, панарамны выгляд Мінска з татавай майстэрні. Пасля з'явіліся і іншыя куткі Мінска. Гэта своеасаблівая гісторыя нашага горада, толькі на палотнах.
Пазней карціны цыкла «Мінскія вокны» разышліся па музеях і галерэях, у майстэрні засталася толькі адна карціна. Але тэматыка з апошнім часам пашыраецца, і цяпер, як кажа сама мастачка, «Мінскія вокны» плаўна пераходзяць ужо ў «Мае вокны».
Між іншым, Аксана Аракчэева добра вядомая і як партрэтыстка — за серыю партрэтаў вядучых салістаў балета Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь была ўзнагароджаная Дыпломам ЮНЕСКА. Апошняя праца заслугоўвае асаблівай увагі. Як ужо было адзначана, яна моцна прасякнутая сімвалізмам, у ёй усё дыхае апошнімі падзеямі, якія адбываюцца на Беларусі. Вокліч «Пахне Чабор!», які апошнім часам часткова замяняе вядомы патрыятычны заклік-дэвіз, папяровы караблік (якія ў свой час прыносілі да амбасады Расіі, каб асудзіць акт агрэсіі Расіі супраць Украіны ў Азоўскім моры), сэрцайка ў афарбоўцы нацыянальных колераў — любімы сімвал Марыі Калеснікавай, мужныя і нязломныя беларускія жанчыны, якія смела маршыруюць у строях колераў нацыянальнага сцяга па цэнтральнай частцы Мінска і пра якіх цяпер кажа ўвесь свет. Ну, і бадай, галоўнае — нацыянальны сцяг над мінскай ратушай. «Пахне Чабор! — Пахне Вечна!»