Пачынаецца запіс на атрыманне візаў на сёлетні фестываль “Басовішча”
Імпрэза адбудзецца 17 –18 ліпеня ў традыцыйным месцы — ва ўрочышчы Барок каля Гарадка, блізу польска-беларускай мяжы. На цяперашні момант у справе візаў ёсць дамоўленасць з польскім консульствам уГродна.

— Збіраем заяўкі ад людзей, якія хочуць атрымаць бясплатныя візы ў консульстве ў Гародні. Пакуль што маем дамоўленасць на 100 візаў, але нам абяцалі, што калі будзе больш заявак, то будзе і больш візаў. Так што дасылайце заяўкі як мага хутчэй. Можна пісаць нам на наш электронны адрас vizy@basowiszcza.org, таксама пішыце нам праз Фейсбук, будзем вырашаць пытанні і дапамагаць. Вядуцца таксама перамовы з іншымі польскімі дыпламатычнымі пляцоўкамі ў Беларусі: у Берасці і Менску, — паведаміла старшыня Беларускага аб’яднання студэнтаў Ганна Пякарская.
Як вядома, сёлета на “Басовішча” вяртаецца конкурсная праграма. У журы адборачнага конкурсу ўвайшлі Ілона Карпюк-Дамброўская, Лукаш Сцепанюк, Сяргей Будкін, Юры Асеннік і прадстаўнікі арганізатараў — БАСу і Фонду Villa Sokrates.
Плануецца, што для ўдзелу ў асноўнай частцы конкурсу ў час фестывалю будуць адабраныя чатыры ўдзельнікі. Рэгламент конкурсу і фармуляр заяўкі павінны з’явіцца на пачатку красавіка.
Калі казаць пра выступоўцаў, то ўжо вядома, што сярод хэдлайнераў фестывалю — новы гурт Сяргея Міхалка Brutto (які дарэчы абяцае спяваць як мага больш па-беларуску). Таксама выступіць гурт Lao Che з новым дыскам "Дзецям”. Наступнай зоркай “Басовішча-2015” з’яўляецца гурт Ostrov, у склад якога ўваходзіць вядомы многім па калектыву RIMA. Андрэй Паплаўскі.