Нямодны фэмінізм Элізабэт Бадэнтэр

Сёння, 5 сакавіка, француская фэмінісцкая філёзафка, гістарыца, адна з натхніцелек лявіцы і непахісная абаронца рэспубліканскай сьвецкасьці Элізабэт Бадэнтэр адзначае 80-годзьдзе. Адна з апошніх пасьлядоўніцаў ідэяў Сымоны дэ Бавуар, у прыватнасьці пастулятаў унівэрсалісцкага фэмінізму, які сама спдн. Бадэнтэр рэзюмуе так: «У мужчынаў і жанчынаў значна больш агульнага, чым адрознага, таму варта працаваць у кірунку таго, што нас яднае, а не раз’ядноўвае». 

frau_mutter_philosophin.jpg

У зьвязку зь юбілеям фэмінісцкай мысьляркі варта падрабязьней пазнаёміць беларускае чытацтва з асноўнымі ідэямі не заўсёды моднай, але вельмі вядомай, заўсёды чутай, публічна і мэдыйна прысутнай і моцнай змагаркі за правы жанчынаў, а таксама, што вельмі важна для ўнівэрсалісцкага фэмінізму, правы мужчынаў. 

У Беларусі Э. Бадэнтэр не зусім новая фігура — у 1997 годзе «Наша Ніва» знаёміла нас зь ейнай творчасьцю, апублікаваўшы ўрывак перакладу зь ейнай працы «XY. Аб мужчынскай тоеснасьці». Праўда, асобных перакладных кнігаў аўтаркі па-беларуску дасюль так і не зьявілася.

Апошнія дзесяцігодзьдзі ейнае імя часта ўсплывае ў мэдыя падчас шматлікіх спрэчах паміж рознымі пакаленьнямі і плынямі фэмінізму. Прадстаўніца ўнівэрсалізму-бавуарызму Э. Бадэнтэр упарта крытыкуе дыфэрэнцыялісцкі фэмінізм, які, на ейную думку, зацыкліваецца на адрознасьцях, тым самым усяляк ахддаляючы кампраміс і салідарнасьць між паламі. І, наадварот, яе крытыкуюць за тое, што яна багатая, прывіліеваная белая жанчына, фэміністка, якая ня ведае праблемаў большасьці простых кабетаў. Адвечны канфлікт, у якім, зразумела, няма цалкам вінаватых, як і тых, хто цалкам маюць рацыю. Прыгадаем тут Сымону дэ Бавуар — ёй таксама заўсёды закідвалі падобную крытыку, тым ня менш, менавіта яна — прывілеяваная і заможная — зрабіла вялізны прарыў у фэмінізьме з сваім эсэ «Другі пол». 

Глядзіце таксама

І зусім нядаўна яе зноў бачылі ва ўсіх мэдыя — зь вельмі сумнай нагоды — сьмерці ейнага мужа Рабэра Бадэнтэра (1928-2024), ключавой постаці францускага сацыялізму, былога міністра юстыцыі, які забараніў сьмяротнае пакараньне ў Францыі і дэкрыміналізаваў гомасэксуальнасьць у самым пачатку 80-х гадоў ХХ ст. за прэзыдэнцтвам Франсуа Мітэрана. Бадэнтэры на працягу дзесяцігодзьдзяў былі ўзорнай інтэлектуальнай левай парай кшталту Бавуар-Сартр.

Рабэр і Элізабэт Бадэнтэры

Рабэр і Элізабэт Бадэнтэры

1. Мацярынскі інстынкт

Менавіта з такой тэмай Э. Бадэнтэр увайшла ў інтэлектуальны і літаратурны сьвет, апублікаваўшы ў 1980 годзе сваю слынную і скандальную кнігу «Любоў у дадатак», прысьвечаную мацярынству, мацярынскай любові і інстынкту ці дакладней сумнеўнасьці ягонага існаваньня. Элізабэт Бадэнтэр ставіць пад сумнеў ідэю, што мацярынская любоў — гэта нешта выключна натуральнае: гэта таксама і перадусім уплыў культурнага кантэксту, які ўдзельнічае ў яе стварэньні. Дзякуючы гэтай тэзе яна зрабіла сабе імя ў актывісцкіх фэмінісцкіх колах і нажыла ворагаў сярод гісторыкаў, якія крытыкавалі працу за не зусім дакладны прааналізаваны гістарычны матэрыял. Як бы там ні было, Э. Бадэнтэр працягнула лінію, распачатую Сымонай дэ Бавуар, якая радыкальна адмаўляла існаваньне мацярынскага інстынкту. Бадэнтэр на прыкладзе (часта) літаратурных тэкстаў ХVI-XX стст. прадэманстравала, як жанчыну пераканалі ў тым, што повязь маці зь дзіцём — гэта мацярынскі інстынкт.  Так, у XVII ст., паводле ейных слоў, мацярынская любоў «адсутнічала», а маці вагалася «паміж абыякавасьцю і непрыняцьцем дзіцяці».

81nuy3wp5al._sl1500__1.jpg

2. Унівэрсалісцкі фэмінізм Э. Бадэнтэр

Абапіраючыся на спадчыну Асьветніцтва, перадусім Нікаля Кандарсэ, а таксама на фэмінісцкую думку Сымоны дэ Бавуар, Элізабэт Бадэнтэр лічыць, што рацыяналістычны гуманізм, акцэнт на падабенстве паміж мужчынамі і жанчынамі, гістарычна адказны за прагрэс у статусе жанчынаў, у той час як усе думкі пра адрозьненьні патэнцыйна адказныя за дыскрымінацыю і няроўнасьць. Таму ў 2000 годзе яна была катэгарычна супраць закону аб (гендарным) парытэце, прынятым францускім парлямэнтам, то бок першапачаткова яна супраць палітыкі пазытыўнай дыскрымінацыі: на ейную думку, кабетам ня трэба міласьць і літасьць мужчынаў — яны самі здатныя здабыць сабе свабоду і правы. Зрэшты, за 24 гады існаваньня закону аб парытэце, гендарнай палітычнай роўнасьці ці парытэту ў Францыі так і не дасягнулі, то бок закон аб парытэце, як і сьцьвярджала Э. Бадэнтэр, не працуе. Іншым прынцыповым момантам унівэрсалісцкага фэмінізму зьяўляецца важная спэцыфіка: фэмінізм ахоплівае ня толькі жанчынаў, але і мужчынаў. На думку мысьляркі, гэтая рыса якраз прынцыпова адрозьнівае францускі і кантынэнтальны наагул фэмінізм ад паўночнна-амэрыканскага і брытанскага фэмінізмаў, якія не ўключаюць у свае шэрагі мужчынаў. Вядома, прынцыповая ўнівэрсаліская пазыцыя Э. Бадэнтэр пастаянна сутыкаецца з пазыцыямі фэмінізму, які прапануе каштоўнасьці адрознасьці. Адкуль канфлікт: маладыя пакаленьні фэміністак-аў, часта натхнёныя амэрыканскім фэмінізмам, не прымаюць ідэяў Э. Бадэнтэр, крытыкуюць яе і нават спрабуюць пазбавіць яе права называцца фэміністкай. Аднак усё гэта сьведчыць толькі на карысьць фэмінізму: ён разнастайны, розныя плыні і традыцыі суіснуюць у дэмакратыі, а сутыкненьне паміж імі каштоўнае тым, што ў дэбатах паўстае кампраміс.

4818609.webp

3. Аналіз маскуліннасьці

У межах унівэрсалісцкага фэмінізму пісьменьніца таксама шмат займаецца аналізам маскуліннасьці. Так, некаторыя дасьледаваньні яна прысьвяціла тэме эвалюцыі і крызы маскуліннасьці. Ейная цэнтральная праца ў гэтым пытаньні — «XY. Аб мужчынскай тоеснасьці» (1992). У эсэ яна разглядае плыўнасьць мужчынскіх сэксуальных і сацыяльных паводзінаў на працягу эўрапейскай і амэрыканскай гісторыі. Мысьлярка ня проста так цікавіцца мужчынамі: мужчынская тоеснасьць — гэта зьява складаная, якую варта зразумець, каб кіраваць і спыніць такія ейныя праявы як гвалтоўнасьць, агрэсіўнасьць, а таксама зразумець мужчынскую гомасэксуальнасьць, меншую працягласьць жыцьця мужчынаў і пад. Часта пра жанчынаў напісана больш кнігаў, фэмінізмам дасьледуюцца розныя аспэкты жаноцкасьці, тады як мужчыны застаюцца па-за ўвагай. Якраз унівэрсалісцкі фэмінізм дапамагае ня толькі жанчынам, але і мужчынам выбрацца з лябірынту, выбудаванага грамадзтвам, і лепей зразумець сябе. 

9782253097839_large.webp

4. Натхнёная Асьветніцтвам

Да ўсяго Э. Бадэнтэр зьяўляецца спэцыялісткай ў гісторыі Асьветніцтва, выпускніцай Сарбоны з дыплёмам філёзафкі. З 1980 яна апублікавала больш за 10 кнігаў, прысьвечаных філязофіі і гісторыі Асьветніцтва. Разам з мужам у 1988 напісала кнігу «Кандарсэ. Інтэлектуал у палітыцы». Ва ўсіх сваіх працах большую частку прысьвячае тэме фэмінізму, «жаночаму пытаньню» ці яшчэ «жаночым амбіцыям», як часта казалі раней. Асаблівай увагі заслугоўваюць эсэ «Эмілі, Эмілі, Жаночыя амбіцыі ў 18 ст.» (1983), «Мадам д’ю Шатле, Мадам д’Эпінэ» (2006) і «Пармскі інфант» (2008). Вартыя і цікавыя таксама ейныя апошнія дзьве кнігі: «Жаночая ўлада, Марыя-Тэрэза Аўстрыйская 1717-1780 — Імпэратарка-каралева» (2016) і «Супярэчнасьці адной маці. Марыя-Тэрэза Аўстрыйская і ейныя дзеці» (2020), натхнёныя Асьветніцтвам і як яко паўплывала на манархаў, у прыватнасьці на імпэратарку Марыю-Тэрэзу Аўстрыйскую. Інтарэс да Асьветніцтва паўстаў ня проста так: мысьлярка лічыць, што якраз XVIII стагодзьдзе — асноўная крыніца будучай эмансіпацыі чалавека, асабліва жанчыны. У эсэ яна апісвае той час, калі кабеты арыстакратыі і буржуазіі мелі ўладу, займаліся навукай, пісалі трактаты, кнігі, уплывалі на думку мужчынаў, якія засталіся ў гісторыі, а яны самі часам не. Праз адданасьць ідэям Асьветніцтва, якое, дарэчы, прапагавала каштоўнасьць унівэрсалізму, падабенства людзей і палоў, Э. Бадэнтэр часта называюць «апошняй асьветніцай».

5. «Жаўнерка» Рэспублікі

Такую мянушку мысьлярка атрымала ад Франсуа Мітэрана, які зьдзівіўся ейнай рэакцыі ў 1989 годзе на тое, што тры шкаляркі ў мястячку Крэй, прыйшлі ў школу ў мусульманскіх хустках. Спачатку шкаляркі былі пазбаўленыя права наведваць школу ў хустках, але ўмяшаньне тагачаснага міністра адукацыі Ліянэля Жаспэна дазволіла дзяўчатам працягнуць навучаньне пры ўмове невыстаўленьня сваёй рэлігійнасьці. Для Элізабэт Бадэнтэр, якая хацела літаральнага прымяненьня закону, які забараняе афішаваць рэлігійныя знакі, сымбалі ў публічнай школе, гэта была саступка і параза. Таму разам зь іншымі левымі інтэлектуал-к-амі яна напісала публічны ліст-крытыку міністру адукацыі і маніфэст у падтрымку настаўнікаў-іцаў «Настаўнікі, не капітулюйце!». Такім парадкам, з 1989 году Бадэнтэр разам з мужам ды аднадумцамі вядзе бой за рэспубліканскую нэўтральную на прадмет рэлігіі школу. Зрэшты, ейны бой завяршыўся перамогай у 2016-м, калі Францыя ўсё ж прыняла закон, які забараняе нашэньне паранджы і мусульманскай хусткі ў публічнай прасторы. 

elisabeth_badinter.jpg

6. Абаронца сьвецкасьці

Такім парадкам, філёзафка выступае за прынцыповую сьвецкасьць. Заяўляючы, што яна фэміністка, яна рашуча выступае супраць нашэньня ў публічнай прасторы мусульманскай хусткі і тым больш паранджы, якія для яе зьяўляюцца сымбалям прыгнёту. Зрэшты як і Сымона дэ Бавуар, яна крытыкуе канцэпцыю «ісламскага фэмінізму», якую яна апісвае як «супярэчлівасьць у тэрмінах» ці нават недаравальны аксюмаран. З 2016 году яна заклікае байкатаваць заходнія брэнды, якія распрацоўваюць ісламскую вопратку, у прыватнасьці ісламскія купальныя касьцюмы. У цэлым яна выступае супраць усіх манатэісцкіх ды іншых рэлігійных праяваў на публіцы, асабліва ў школе, унівэрсытэце і пад. Па словах абаронцы сьвецкасьці, фэмінісцкая барацьба ў Францыі ды Эўропе сяньня павінна засяроджвацца ў асноўным на імігрантах ці насельніцтве Паўночнай Афрыкі, бо тэма прыгнёту жанчынаў не актуальная для карэннага францускага грамадзтва (каталіцкай, габрэйскай ці сьвецкай традыцыі), і ўсё яшчэ актуальная для мусульманскіх супольнасьцяў Францыі. 

7. Мільянэрка

Апрача ўсяго Э. Бадэнтэр вядомая як вельмі ўдалая справункавая кабета, мільянэрка. Яна ўспадчыніла ад бацькі магутную мэдыягрупу «Publicis». Ейнае багацьце афіцыйна ацэньваецца ў 922 мільёны эўра. Многіх дзівіць, чаму мільянэрка цікавіцца фэмінізмам і змагаецца за правы жанчынаў. Усьлед за Бавуар, яна адказвае так: «Калі я сама зьведала хутчэй прывілеяванае жыцьцё, гэта не пазбаўляе мяне разуменьня вялікай праблемы — прыгнёту жанчынаў у сьвеце і права на сваім узроўні дапамагчы справе». Да ўсяго філёзафка ў адрозьненьне ад пэсімізму Бавуар, якая лічыла, што багатыя кабеты хутчэй салідарныя з сваімі мужамі, а не іншымі жанчынамі, дэманструе, што жаночая салідарнасьць якраз не зьнікае, калі ў справу ўключацца грошы, капітал.

8. Новыя выклікі

З самага пачатку свайго публічнага жыцьця яна выступала за гей- і лесьбі-шлюб, ці шлюб для ўсіх, за дапаможныя рэпрадукцыйныя тэхналёгіі для лесьбіек і адзінокіх жанчынаў і за сурагатнае мацярынства. Зрэшты, яна агучвае ўсё менш папулярную сярод маладзейшых фэміністак-аў пазыцыю наконт прастытуцыі: яна супраць ейнай забароны, бо палітыка забароны не працуе. Да ўсяго Э. Бадэнтэр заклікае не абагульняць і адрозьніваць прымусовую прастытуцыю ад той, якую многія кабеты выбіраюць самі (асацыяцыі, прафсаюзы працаўніцаў сэксу ў Францыі, Нідэрляндах, Бэльгіі і пад.). На думку мысьляркі, перадусім трэба змагацца з прымусовай прастытуцыяй і гандлем жанчынаў з сэксуальнай мэтай, але не з добраахвотнай прастытуцыяй.

badinter_elisabeth_hf.jpg

Элізабэт Бадэнтэр застаецца адной з цэнтральных постацяў францускага і эўрапейскага фэмінізму наагул, «духоўнай дачкой» Сымоны дэ Бавуар, апошняй асьветніцай і ці не апошняй фэміністкай-унівэрсалісткай. З таго самага дарагога ёй унівэрсалізму вынікае важнае і дасюль актуальнае пасланьне «мужчына — не вораг». Часта гэта ставіцца пад сумнеў і вельмі часта слушна з улікам такой актуальнай праблемы, як хатні гвалт ці сэксуальныя чапаньні, выкрытыя рухам #MeToo. Цалкам прызнаючы і асуджаючы гэтыя праблемы, якія варта тэрмінова вырашаць, Э. Бадэнтэр заклікае тым ня менш не абагульняць і не рабіць амальгамы кшталту «ўсе мужчыны — агрэсары і дэспаты». Многія мужчыны застаюцца на баку жанчынаў, іх вернымі хаўрусьнікамі і сябрамі. І, наадварот, многія жанчыны праяўляюць гвалтоўнасьць да сваіх дзяцей, удзельнічаюць, напрыклад, на баку дзяржаўнага гвалту, як мы назіралі ў 2020-2021 гадах у Беларусі падчас пратэстаў. 

Напярэдадні свайго 80-годзьдзя Э. Бадэнтэр застаецца цікаўнай да ўсяго: сочыць за міжнароднымі навінамі, ведае, што адбываецца ў Беларусі. На жаль, нашую краіну яна ведае пераважна па сумных фактах: перадусім дзякуючы мужу, які ўсё жыцьцё змагаўся супраць сьмяротнага пакараньня на радзіме і ў сьвеце, а таму Беларусь для іх была і застаецца агідным плямам Эўропы. Ведае яна і пра тое, што адбываецца ў нас цяпер. А яшчэ яна мае сантымэнт да нашага рэгіёну, бо якраз з заходняй часткі былой Расейскай імпэрыі калісьці ў Францыю перабраліся ейныя продкі габрэйскага паходжаньня па лініі бацькі.

Зрэшты, апошняя асьветніца сваім прыкладам разьбівае шматлікія стэрэатыпы вакол фэмінізму і зьдзіўляе многіх мужчынаў: фэмінізм — гэта справа ў тым ліку і мужчынаў, як цьвердзіць мысьлярка. Фэмінізм дапамагае эмансіпавацца і жанчынам, і мужчынам, а таму застаецца ўсё яшчэ актуальным і моцным рэсурсам ва ўсім сьвеце. Мажліва, калі зьявяцца пераклады тэкстаў Э. Бадэнтэр на беларускую мову, зьнікнуць і многія антыфэмінісцкія стэрэатыпы і страхі ў значнай часткі беларускага грамадзтва.