Не толькі «Каласы…» Ініцыятыва Гігіна можа пакінуць беларускую школу без урокаў літаратуры

Прапагандыст, а сёння дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Вадзім Гігін заявіў, што з ягонай ініцыятывы «Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча выключылі са школьнай праграмы, бо там шмат выдуманага.

Фота з bellitmuseum.by

Фота з bellitmuseum.by

Раней «Каласы пад сярпом тваім» праходзілі ў 11 клясе, але з гэтага году раман прыбралі з праграмы. У ім расказваецца пра час перад паўстаньнем 1863 году, сярод гістарычных пэрсанажаў згадваюцца Кастусь Каліноўскі і Тарас Шаўчэнка, піша «Свабода».

На погляд Гігіна, Караткевіч скажона прадставіў падзеі ў мастацкім творы: «Там вельмі шмат выдуманага, розныя гістарычныя пэрсанажы паказаныя ва ўспрыняцьці нашага выбітнага пісьменьніка, але ня так, як яны паўстаюць з гістарычных дакумэнтаў». На думку дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Вадзіма Гігіна, вывучаць на ўроках літаратуры неабходна толькі гістарычна дакладныя творы.

«Кніга пра жыцьцё сялянаў і шляхты»

Прафэсар-беларусіст, доктар філялягічных навук Павал (імя зьмененае зь меркаваньняў бясьпекі. — «РС») тлумачыць, што «Каласы пад сярпом тваім» наагул не гістарычны раман.

«Бо гэты твор не выконвае патрабаваньняў да гістарычнага жанру. Гэта азначае, што аргумэнты Гігіна да гэтага раману якраз прымяніць ніяк нельга. У гістарычным рамане сюжэт разгортваецца на тле гістарычных падзей з удзелам гістарычных асобаў. А ў „Каласах“ ніякіх гістарычных падзей не апісваецца. Гэта кніга пра жыцьцё сялянаў і шляхты. Там расказваецца пра час перад паўстаньнем. Раман прысьвечаны пярэдадню паўстаньня, а не самому паўстаньню», — перакананы прафэсар-беларусіст.

Выкладчык расейскай літаратуры найвышэйшай катэгорыі Іван (імя зьмененае) таксама зьдзівіўся сьцьверджаньню Гігіна, што Караткевіч нібыта «скажона прадставіў падзеі ў мастацкім творы».

«Гэта ж мастацкая літаратура! „Капітанская дачка“ Пушкіна, „Барадзіно“ Лермантава, „Рускія жанчыны“ Някрасава ды іншыя творы — мастацкія творы проста па факце. Вядома, ступень засваеньня гістарычных фактаў у кожным творы розная, і спрачацца, дзе больш выдумкі, а дзе менш, вельмі няўдзячная справа. Але ў любым выпадку мастацкі твор ёсьць вымыслам», — перакананы настаўнік расейскай літаратуры.

«Маладая гвардыя» — наагул фальсыфікацыя

Дасьведчаная чытачка, філёляг паводле адукацыі Алена таксама была зьдзіўленая, што твор Караткевіча выключылі са школьнай праграмы толькі таму, што там ёсьць мастацкі вымысел.

«Калі гаварыць пра аўтарскую інтэрпрэтацыю гісторыі, дык у галаву прыходзяць найперш нават прыклады фальсыфікацыі. У „Моцарце і Сальеры“ Пушкін зрабіў Сальеры забойцам, які атруціў Моцарта, а насамрэч той нікога не забіваў.

Потым „Маладая гвардыя“ Фадзеева. Алег Кашавы ня быў камісарам „Маладой гвардыі“, гэта пацьвярджаюць дакумэнты і сьведкі. Кашавы адказваў за бясьпеку групы падпольшчыкаў. Іван Земнухоў ня быў камандзірам юных падпольшчыкаў, а быў начальнікам штабу. Стваральнікам і кіраўніком арганізацыі быў 19-гадовы Віктар Трацьцякевіч, яго Фадзееў адсунуў на другі плян. Камандзірам быў 24-гадовы афіцэр Чырвонай арміі Іван Туркеніч. Недакладнасьцяў у рамане шмат. Вядома, што сам Фадзееў застрэліўся, і, магчыма, не ў апошнюю чаргу праз фальсыфікацыю.

На памяць прыходзіць „Архіпэляг ГУЛАГ“ Салжаніцына — якраз зь іншага боку. Твор у савецкі час залічылі ў фальсыфікатарскі — „грандыёзная фальсыфікацыя гісторыі“. А потым давялося прызнаць, што „Архіпэляг ГУЛАГ“ — гэта ўнікальны твор з аўтарскім разуменьнем гісторыі. Ад аўтара мастацкага твора насамрэч патрабуецца толькі выяўленьне гістарычнай справядлівасьці. Але гэты панятак мяняецца ў залежнасьці ад канкрэтнай гістарычнай эпохі», — выказала сваю думку Алена.

Глядзіце таксама

На просьбу «Свабоды» выкладчыкі выбралі топ-7 твораў расейскай літаратуры, якія вывучаюцца ў беларускіх школах і ў якіх шмат выдумкі. Пераказваем іх меркаваньні.

«Слова пра паход Ігараў». Твор уключаны ў школьную праграму 7 клясы

У аснову «Слова пра паход Ігараў» пакладзеныя рэальныя гістарычныя падзеі — няўдалы паход князя Ігара Сьвятаславіча на полаўцаў у 1185 годзе. Аднак тэкст паэмы зьмяшчае мноства элемэнтаў выдумкі і паэтычнай фантазіі.

Насуперак гістарычнай рэчаіснасьці аўтар «Слова» малюе кіеўскага князя Сьвятаслава магутным і аўтарытэтным, у той час як рэальны Сьвятаслаў дзяліў уладу з Рурыкам, які саступіў яму Кіеў, каб прымірыць Манамашыча і Вольгавічаў. У паэме Сьвятаслаў завецца «бацькам» Ігара і Ўсевалада, хоць насамрэч ён іх стрыечны брат.

У паэме апісваюцца фантастычныя прыгоды зь міталягічнымі і магічнымі элемэнтамі. Праслаўленьню князёў служаць вобразы-сымбалі «сонца», «сьвятла», «сакалоў», якія процістаяць «цемры», «хмарам», «галкам», «чорным крумкачам» — сымбалям ворагаў-полаўцаў.

Аляксандар Пушкін, «Капітанская дачка», 7 кляса

Пушкін сам прызнаў, што ў ягоным творы шмат мастацкага вымыслу. 25 кастрычніка 1836 году паэт пісаў цэнзару ўжо гатовай да друку «Капітанскай дачкі» П. А. Корсакаву: «Раман мой заснаваны на паданьні, некалі пачутым мною, быццам бы адзін з афіцэраў, якія здрадзілі свайму абавязку і перайшлі ў шайкі пугачоўскія, быў памілаваны імпэратрыцай па просьбе састарэлага бацькі, які кінуўся ёй у ногі. Раман, як самі можаце пабачыць, адышоў далёка ад ісьціны».

Гістарычная праўда ў аповесьці — апісаньне аўтарам Емяльяна Пугачова як правадыра паўсталых казакоў, яго лёс, яго пакараньне. Цалкам выдумана аўтарам гісторыя з жыцьця Грынёва, яго сустрэча ў крэпасьці з Машай Міронавай, яго паядынак з Швабрыным. Сустрэча ў стэпе Грынёва і Пугачова, хутчэй за ўсё, таксама выдумана Пушкіным — каб паказаць партрэт Пугачова і рысы яго свабодалюбнай асобы.

Міхаіл Лермантаў, верш «Барадзіно», 6 кляса

Сярод навукоўцаў сёньня няма дзьвюх думак: Барадзінская бітва — гэта параза рускай арміі і перамога Напалеона. Расейскае войска страціла амаль палову рэгулярных войскаў, неўзабаве пасьля бою зусім разбэсьцілася (тысячы марадэраў рабавалі ўласныя вёскі), а «сьвятыню»-Маскву здалі бяз бою на ласку пераможцы. Армія Кутузава ўцякала так шпарка, што кінула каля 30 000 расейскіх параненых (пасьля чаго генэрал-губэрнатар Ф.В. Растопчын спаліў горад, прычым сам Кутузаў гэтаму спрыяў, загадаўшы вывезьці пажарны інструмэнт).

Лермантаў у сваім вершы адбірае толькі тыя факты, якія дазваляюць расказаць пра гераізм салдат, паэт імкнецца выклікаць у чытача пэўныя пачуцьці: гонар, захапленьне. Расказ вядзецца ад асобы выдуманага пэрсанажа.

Глядзіце таксама

Леў Талстой, апавяданьне «Каўкаскі палоньнік», 6 кляса

Той факт, што палонных было двое, выдуманы Львом Талстым. У апавяданьні няма імёнаў герояў, толькі прозьвішчы. Жылін паўстае ў вобразе сумленнага, самаахвярнага і добрапрыстойнага воіна, для якога слова «гонар» — не пусты гук. Ягоны напарнік Кастылін, наадварот, паказаны як подлы і баязьлівы здраднік.

Таксама цалкам выдуманая гісторыя і першых, і другіх уцёкаў герояў з палону. Жылін дзякуючы сіле духу, разважлівасьці і стойкасьці змог пераадолець неймаверныя перашкоды і дабрацца да сваіх. Кастыліна ж чакаў іншы лёс. Аслабелага, ледзь жывога, яго вызвалілі толькі тады, калі за яго ўнесьлі вялізны выкуп.

Леў Талстой, раман-эпапэя «Вайна і мір», 10 кляса

Дасьледчыкі падлічылі дакладную колькасьць герояў «Вайны і міру» — 559, і 200 зь іх — гістарычныя асобы. Сам пісьменьнік лічыў, што рэальныя падзеі і героі ў мастацкім творы павінны ўскладняцца і разьвівацца аўтарскай выдумкай.

Так, Напалеон у трактоўцы Льва Талстога вызначаецца самаўпэўненасьцю, эгаізмам і абмежаванасьцю: «Усё, што было па-за ім, ня мела для яго значэньня, таму што ўсё ў сьвеце, як яму здавалася, залежала толькі ад яго волі». Пісьменьнік малюе партрэт Напалеона ў іранічна-прыніжальных тонах: «патаўсьцелая, кароткая постаць», «тлустыя сьцёгны кароткіх ног».

Міхаіл жа Кутузаў, паводле Талстога — гэта ўвасабленьне народнай мудрасьці, маральнасьці, сапраўднай велічы, прастаты, дабра і праўды. Асноўная рыса гэтага палкаводца — блізкасьць да народу, разуменьне ягоных дум і спадзяваньняў.

Леў Талстой шмат чаго выдумаў і ў апісаньні бітваў пад Аўстэрліцам і Барадзіно. Барадзінскую бітву ён паказвае вачыма самага далёкага ад ваенных падзей пэрсанажа — П’ера Бязухава, які нічога не разумее ў вайсковай справе, успрымаючы тое, што адбываецца, выключна сэрцам. Такім чынам, аўтар выбраў для апісаньня бітвы каля Барадзіно псыхалягічны, а не ваенна-гістарычны пункт гледжаньня.

Дзьмітрый Фурманаў, раман «Чапаеў», 11 кляса

Сам Фурманаў пісаў, што шмат што ў рамане — выдумка, але для яго «галоўнае, каб характарная асоба, асноўная вернасьць гістарычнай асобы была выканана, а дэталі значэньня зусім ня маюць».

Так, Фурманаў сьцьвярджае, што Чапаеў быў зусім непісьменны. Аднак насамрэч Васіль Чапаеў правучыўся 3 гады ў царкоўна-прыходзкай школе. Базавыя навыкі чытаньня, пісаньня і арытмэтыкі будучы камандзір дывізіі атрымаў. Тым больш што ў 1915 годзе, пасьля мабілізацыі, Чапаева залічылі ў вучэбную каманду 326-га Белгарадзкага палку, дзе рыхтавалі унтэр-афіцэраў. Туды бралі найбольш дысцыплінаваных і толькі пісьменных салдатаў.

Пісьменьнік сьцьвярджае, што Чапаеў заўсёды быў «наперадзе на хвацкім кані». Але Чапаеў ніколі не камандаваў кавалерыйскімі часткамі. Ягоны вайсковы досьвед быў выключна пяхотны. Так, ён умеў езьдзіць конна. Аднак, атрымаўшы ў камандаваньне дывізію, Чапаеў перасоўваўся на матацыкле зь люлькай альбо на аўтамабілі. У рапартах вайсковаму начальству ён патрабаваў падобнага транспарту, спасылаючыся на свае раненьні. Пры штабе дывізіі быў цяжкі «Пакард», заменены пазьней на больш манэўраны і праходны «Форд».

Глядзіце таксама

Аляксей Талстой, «Блуканьне па пакутах», 11 кляса

Талстой служыў у «белых», працаваў у аддзеле прапаганды дзянікінскага ўраду. Таму эпізоды рамана, якія адлюстроўваюць тое, што адбываецца на поўдні Расеі, вобразы афіцэраў Добраахвотніцкай арміі выпісаныя даволі дакладна. І ў цэлым першыя два тамы — «Сёстры» і «Васямнаццаты год» — цалкам гістарычныя. Пачатак рамана быў напісаны ім яшчэ на эміграцыі. А апошні том Аляксей Талстой пісаў ужо ў СССР.

У трэцім томе «Хмурая раніца» (пра абарону Царыцына, разгром і эвакуацыю белых з Новарасійску) гістарызм саступае ідэалягічным устаноўкам 1930-х гадоў. Магчыма, літаратар пастараўся выкарыстаць сваю працу, каб рэабілітаваць сябе ў вачах савецкіх правадыроў.

Паводле Талстога, інтэлігенцыя — Цялегін, Даша, Рошчын і Каця — можа знайсьці свой шлях толькі ў яднаньні з народам. Пасьля заканчэньня вайны ўсе чацьвёра герояў сустракаюцца ў сталіцы Савецкай Расеі, дзе ў прысутнасьці Леніна і Сталіна з захапленьнем слухаюць гістарычны даклад Кржыжаноўскага аб пляне ГАЭЛРА. А эмігрантаў, паводле Аляксея Талстога, чакае тупік.

Захаваны правапіс арыгіналу