“Мы адной крыві!” — аншлаг на канцэрце Akute ў Re:Public
Гурт Akute прадставіў новую праграму “Як на далоні” на сольным канцэрце ў Re:Public і пацвердзіў статус вядучай каманды на беларускай незалежнай музычнай сцэне.
Фота Аляксандра Ждановіча
На выхад Akute чакалі з гадзіну. Публіку разаграваў праект Pryzma, з якім Akute парадніліся пасля таго, як той зрабіў “Кроў бы вада” па драм-н-бэйсу. Прагучаў гэты рэмікс і цяпер. Саміх Akute дагукаліся бліжэй да восьмай вечара. Стаса, Рому ды Паўла віталі, як герояў, — кожнага паасобку і бурнымі апладысментамі. Некалькі месяцаў яны не давалі вялікіх сольных канцэртаў і рыхтавалі новую праграму. Назваць яе было вырашана ў гонар адной з песень, “Як на далоні”, узятай з рэпертуару гурта ULIS з альбому “Танцы на даху” 1993 года. Лідар ULIS Слава Корань даў дабро на выкарыстанне гэтага твору і нават наведаў канцэрт. Рома Жыгараў прадставіў славутага музыканта асобна ды горача падзякаваў яму за выдатную песню.
Канцэрт Akute ў Re:Public быў другі ў туры. Да гэтага музыкі з поспехам прадставілі праграму ў родным Магілёве, а пасля Мінска скіраваліся ў Віцебск. Потым будуць яшчэ канцэрты ў Гомелі, Берасці і Гародні. Канцэрт пачаўся з твора “Наскрозь”. Музыкі за пару дзён да гэтага выклалі яго ў сеціва, аднак танцпляц падпяваў смела: “Мы адной крыві, цемра — гэта я…”. Зрэшты, тое тычылася абсалютнай большасці песень, якія на памяць ведалі гледачы. Дзіўна толькі было пачуць змененую “Цішыню”, якую падпяваць у такім рытме было няпроста. З сюрпрызаў чаканых — згаданая ўжо “Як на далоні” ў меланхалічным прачытанні. З нечаканасцяў — “Пасткі”, новы твор, які хутчэй за ўсё зробіцца загалоўным на будучым трэцім дыску гурта.
Пасля выканання кампазіцыі “Не існуе” музыкі растварыліся ў дыме, але ніхто не паверыў, што гэта канец. І праўда — праз пару хвілін выйшаў Стас Мытнік і паведаміў мінскай публіцы, што яна найлепшая, ды пачалася другая частка канцэрту. Ужо вядомыя песні музыкі перамешвалі з новымі, і гэта быў бяспройгрышны варыянт. Падчас эфектнага нумару “Бегчы” Рома ў нязменных чорных акулярах з жоўтай аправай зрабіўся жаўнерыкам на вялікай калонцы на ўскрайку сцэны на ўсеагульнае захапленне. Публіцы падабаецца, калі музыкант змяняе звыклае месцазнаходжанне. Апынулася, што Akute ўзялі да выканання не адзін хіт з “улісаўскага” даробку.
Набыла другое жыццё яшчэ і песня 20-гадовай даўніны “Марнатраўны сын”, якая пачалася як мядляк, аднак бадзёры прыпеў Стас з Ромам усё ж пакінулі. Пік канцэрту прыйшоўся на “Кроў бы вада”. Вакаліст Akute пры канцы дзякаваў людзям за падтрымку, і голас яго ледзь не сарваўся ад расчуленасці. Падчас канцэрту ён нават даў памацаць сваю гітару. Развіталіся на “Агні” з пажаданнем, каб ён гарэў у кожным.
Без выкліку на біс справа не абышлася. Дзеля гэтага і быў прыхаваны першы хіт каманды “Адзіноцтва”. Але выклікалі музыкаў на біс тройчы, так што давялося думаць, што ж сыграць яшчэ. Зарыентаваліся хутка — паўтарылі “Наскрозь” ды сыгралі “Непазбежна” ў нечаканым запаволеным варыянце. Наступным разам Akute ў Мінску чакаюць ужо з жывой прэзентацыяй альбому “Пасткі”. І здарыцца гэта павінна ўжо хутка.
Фотарэпартаж глядзіце budzma.org
Фота: Аляксандр Ждановіч