«Мы працягваем іх гісторыю». «Нерасстраляныя» цяпер на iTunes i Google.Play
На асноўных лічбавых платформах адбыўся афіцыйны рэліз музычнага праекту «Нерасстраляныя». У яго межах вядучыя беларускія музыкі стварылі песні на вершы беларускіх паэтаў 1920-1930-х.
Музычны альбом «(Не)расстраляныя» — частка вялікага праекту, які паўстаў з ініцыятывы парталу TuzinFM. У яго межах прайшлі лекцыі з выступамі музыкаў у Мінску, прэзентацыі ў рэгіёнах, выйшла серыя дызайнерскіх нататнікаў, з’явіліся персанальныя старонкі паэтаў у Facebook, прайшоў вялікі канцэрт з удзелам Лявона Вольскага, Змітра Вайцюшкевіча, гуртоў Dzeicuiki, Re1ikt ды іншых удзельнікаў праекту. Цяпер усе песні, якія былі створаныя для яго, даступныя для праслухоўвання, набыцця і спампоўвання на асноўных лічбавых пляцоўках. Усе грошы, атрыманыя са стрымінгу, пойдуць на далейшае развіццё гэтага праекту.
«Мы хочам ушанаваць творцаў не толькі за тое, што іх забілі, але і за тое, што яны зрабілі: прыняць іх у нашым часе, асэнсаваць тое, што яны паспелі стварыць і працягнуць іх гісторыю далей», — тлумачыць сэнс праекту аўтар ідэі і прадзюсар Сяргей Будкін.
Цяпер рыхтуецца да друку кніга «(Не)расстраляныя» з тэкставымі версіямі лекцыяў, якія ў межах праекту падрыхтавалі літаратуразнаўцы і гісторыкі. У яе таксама ўвойдуць абраныя творы кожнага з 17 герояў праекту, фота і дакументы. Плануецца, што кніга «Нерасстраляныя» выйдзе пры канцы 2020 года ў выдавецтве «Янушкевіч».
Тым часам, на базе відэа лекцый для праекту «(Не)расстраляныя» Лятучы ўніверсітэт зрабіў адукацыйны курс, які можа прайсці кожны ахвочы. Адну з слухачак, пісьменніцу з Бялграду Даяну Лазарэвіч гэты курс натхніў на тое, каб перакласці інфармацыю і творы герояў праекту на сербскую мову.
Паводле прэс-рэлізу