Мемуары Ларысы Геніюш выйшлі ў чэшскім перакладзе

Пасля дзесяцімесячнай працы перакладчыцы і выдаўцоў на гэтым тыдні выйшла ў чэшскім перакладзе кніга мемуараў Ларысы Геніюш «Споведзь», піша Радыё Свабода. У чэшскім выданні кніга называецца «Пані доктарава 0-289, або з Чэхаславаччыны да ГУЛАГу».

5d872600_fafb_46d5_8438_1665c2ef2eb6_w1023_r1_s.jpg

Кнігу пераклала Святлана Вранова. Гэта ўжо пятая кніга, якую яна пераклала з беларускай. Роўна год таму выйшла кніга турэмнай прозы Змітра Дашкевіча «Чарвяк».



Як паведаміла перакладчыца ў Фэйсбуку, гэтая кніга была вынікам калектыўнай працы. Яна падзякавала чэшскім беларусам Алене Ціхановіч і Сяргею Кныревічу за іх працу ў архівах, напісанне тлумачэнняў і каментароў для кнігі, за кансультацыі і карэктуры перакладу.
Вершы Ларысы Геніюш пераклаў для кнігі Макс Шчур. Сямейныя фатаграфіі і іншыя дакументы перадаў для выдання ўнук паэткі Міхась Геніюш.
Кніга выйшла ў Брне ў «Картузіанскім выдавецтве». Выдавец Іржы Браўнэр так тлумачыць, чаму ён далучыўся да гэтага праекту:
«Адзін мой знаёмы, чэх маладзейшага пакалення, не ведаў, што такое ГУЛАГ. Тады я яму даў пачытаць кнігу ўспамінаў пані Соснаравай — яна напалову чэшка, напалову расіянка. Разам з рускай маці, яе і сястру пасьля вайны вывезлі ў ГУЛАГ. Тое, з якімі словамі той чалавек потым кнігу вяртаў, мяне абавязвае працаваць надалей», — кажа выдавец Іржы Браўнэр.
На паліцах кнігарняў кніга з'явіцца ў новым годзе.
Радыё Свабода