Масленіца-палізуха, сыр і масла палізала
Бадай, ніводнае іншае беларускае каляндарнае свята не мае такой вялікай колькасці мясцовых варыянтаў, як Масленіца. Да таго ж, святкаванні ў розных частках краіны і нават назвы свята могуць быць адно да аднаго зусім непадобныя.
У беларускім традыцыйным календары Масленіца займае месца паміж зімовым і вясновым каляндарнымі цыкламі, гэта адначасова і провады зімы, і сустрэча вясны. Тэма каляндарнага пераходу з'яўляецца адной з асноўных у сімволіцы свята нароўні з тэмамі шанавання продкаў, стымуляцыі ўрадлівасці культурных раслін, фертыльнасці чалавека і жывёл.
Масленіца — рухомае свята, можа прыпадаць на розныя даты. Дні святкавання разлічваюцца так: у праваслаўных восьмы тыдзень перад Вялікаднем, у католікаў з чацвярга на восьмым тыдні да аўторка на сёмым тыдні перад Вялікаднем. У мясцовых традыцыях працягласць святкаванняў можа адрознівацца ад царкоўна- ці касцёльна-кананічнай. У некаторых беларускіх вёсках гэта свята наогул не адзначалі. Масленіца можа прыпадаць на перыяд з 3 лютага да 14 сакавіка.
Бадай, ніводнае іншае беларускае каляндарнае свята не мае такой вялікай колькасці мясцовых варыянтаў, як Масленіца. Да таго ж, святкаванні ў розных частках краіны могуць быць адзін да аднаго зусім непадобныя. Адрозніваюцца і мясцовыя назвы свята. У некаторых раёнах на пытанне «Як у вас святкавалі Масленіцу?» ў адказ можна пачуць: «Такога свята не ведаю». Затое вам ахвотна раскажуць пра Запусты, Загавіны ці Папелец. Асобна выдзялялі чацвер на Масленічным тыдні: яго маглі зваць Крывы (адпавядае значэнню «сакральны»), Тлусты, Шырокі. Таксама сустракаліся назвы кшталту Валоссе, Улассе, Улас, Аўлас, якія маглі пазначаць не толькі масленічны чацвер, а і цэлы тыдзень.
Агульныя рысы Масленіцы, характэрныя для ўсёй Беларусі, канечне, ёсць: гэта спажыванне малочных прадуктаў і бліноў, катанні на конях, на каруселі-«круцёлцы», з горак, гасцяванні ў сваякоў і суседзяў, спяванне песень (у кожнай мясцовасці адметных). Суцэльны вясёлы настрой! Праўда, усё гэта было актуальна для вёсак і толькі да 1980-х гадоў. Сучасныя хатнія святкаванні Масленіцы і ў вёсцы, і ў горадзе звычайна абмяжоўваюцца выпяканнем бліноў, накрываннем багатага стала і хаджэннем у госці.
Пра што пяецца ў масленках
Сярод масленічных песень (часам іх завуць «масленкі») выдзяляюцца звернутыя да самога вобраза свята. Яны часта пачынаюцца з закліку («Масленіца, дарагая», «А ты, Масленіца-палізуха», «А ты, Масленіца, белы сыр», «А ты Масленка каўзуха, працягніся да Духа», «Чаму ў цябе Маслянка не сем нядзель») ці з апісання святочных рэалій («Мы Масленіцу дажыдалі», «Мы Маслянку сустракалі», «На святую Масляніцу да вылятала ластавіца»). Масленіца ў звернутых да яе песнях паказваецца як любімае і доўгачаканае свята. Выказваецца шкадаванне аб малой працягласці святочнага перыяду, Масленіца выступае як прадвесніца Посту, галоднага часу.
Сярод масленак шмат твораў на любоўна-шлюбную і сямейна-побытавую тэматыку. Паэтызуецца клопат моладзі пра стварэнне сям’і. Адзін з самых распаўсюджаных сюжэтаў — «Ластаўка кідае масла, дзяўчына топіць яго і поіць хлопца» (выкарыстоўваючы масла як прываротнае зелле ці сродак падвышэння патэнцыі). Сустракаюцца пазнавальныя сюжэты з жыцця: «Маці не пускае дачку на вуліцу», «Дзеўка збіраецца замуж», «Як ісці замуж за старога і як за маладога (роўніцу)», «Як ісці замуж за нялюбага», «Хлопцы дзеляць дзевак», «Хлопцы пабіліся за дзеўку», «Хлопец варожыць, ці здраджвае яму дзяўчына», «Сацыяльная няроўнасць хлопца і дзеўкі». У некаторых песнях сюжэт яўна больш драматычны за жыццёвыя рэаліі: «Хлопец плача па дзеўцы», «Хлопец падманам ажаніўся з дзеўкай».
Па сваёй вобразнасці масленічныя любоўна-шлюбныя песні блізкія да вясельных. Хлопец параўноўваецца з Месяцам, селезнем, а дзяўчына — з зоркай, качкай, кветкай. Дзявоцтва сімвалізуе вішанька, вінаград, моркаўка. Узнікае вобраз Дунай-ракі, што разліваецца на шляху ў вясельнага поезда.
У сямейна-побытавых масленічных песнях найчасцей пяецца пра цяжкасці і беды замужняй жанчыны. Шмат тэкстаў паказваюць нам складанасці адаптацыі маладой жонкі ў сям’і мужа. Гэта сюжэты «Свякроў ці свёкр шле нявестку па ваду ўначы», «Свякроў загадала працаваць у нядзелю», «Маладзіца бітая за тое, што калыхалася на арэлях з дзеўкамі», «Свякроў нагаварыла на нявестку сыну і той забіў жонку» …На дзіва мала песень апавядае пра цяжкасці сямейнага жыцця з п’яніцам. Гаспадарчыя клопаты маладой жанчыны знайшлі адлюстраванне ў песенным сюжэце «Маладзіца не ўмее ткаць» і ў песнях-заклёнах кшталту: «Зарадзіся, мой лён даўгі». У такіх песнях звычайна няма згадак пра наяўнасць дзіцяці ў жанчыны, хутчэй за ўсё, апавядаецца пра першы год замужжа, пераход у статус сямейнай жанчыны не завершаны, маладой жонцы яшчэ хочацца гуляць на вуліцы з незамужнімі дзяўчатамі.
Масленіца без спальвання пудзіла
Спаленнае пудзіла — бадай, абавязковы атрыбут Масленіцы ў сучаснай масавай культуры, нароўні з блінамі. У беларускіх вёсках пудзіла палілі, але маглі рабіць гэта і на іншыя каляндарныя святы (Купалле, Русалле).
Да 1950-х гадоў, калі праз сістэму ўстаноў культуры распаўсюдзіліся стандартныя метадычныя дапаможнікі са сцэнарыямі святаў, зробленных на аснове праяў рускай традыцыйнай культуры, звестак пра спальванне пудзіла менавіта на Масленіцу ў Беларусі няшмат. Сведчанні пра гэта паходзяць з усходу краіны. У масленічным вогнішчы маглі спаліць таксама старыя рэчы: адзенне, лапці, кола, кастрыцу, спарахнелую салому.
Пудзіла ж у некаторых вёсках «хавалі» (закапвалі ў зямлю ці снег, закідалі саломай). Масленічныя гульнёвыя пахаванні — яскравая адметнасць паўночна-ўсходняй Беларусі. Такая гульня захавалася ў Гарадоцкім раёне. У Масленічны панядзелак там вырабляюць ляльку Дзеда, пра якога кажуць, што ён «касцёй падавіўся» (раней на Масленічным тыдні ўжо не елі мяса, дазваляліся толькі малочныя прадукты). Раней у панядзелак пасля Масленіцы рабілі ляльку Бабы, якая нібыта «падавілася сырніцай» (пасля Масленіцы настае Вялікі Пост, калі нельга есці прадуктаў жывёльнага паходжання).
Па «нябожчыках» галосяць, як на сапраўдным пахаванні, але скрозь слёзы чуваць смех. Расказваюць аб эратычных прыгодах Дзеда, які нібыта і пасля смерці не страціў сваіх мужчынскіх якасцей. У пацверджанне варушыцца морквіна, прымацаваная ў лялькі між ног. Вырабляючы Бабу, жанчыны падкрэсліваюць яе жаночыя атрыбуты: вялікія грудзі. Да ўдзелу ў гэтых «пахаваннях» дапускаліся толькі замужнія жанчыны. Выключэнне, праўда, рабілася для гарманіста.
Жаночыя святкаванні, на якіх не дазвалялася прысутнічаць моладзі і мужчынам, найбольш характэрныя для Масленіцы ў Заходняй і Цэнтральнай Беларусі. Закрытыя застоллі ў складчыну ладзілі і каталічкі, і праваслаўныя жанчыны. Звычайна такія бяседы праходзілі ў апошні чацвер перад Вялікім Постам і зваліся «Валоссе» («Улассе», «(Бабскі) Улас», «Аўлас») па імю святога Уласа і, магчыма, паганскага апекуна хатніх жывёл Вялеса, святы якіх выпадалі на гэты час.
Жанчыны маглі таксама збірацца ў аўторак напярэдадні Папяльцовай серады. Апісанне такога святкавання пакінуў этнограф-аматар Стэфан Казлоўскі. Ён апісвае ўбачаннае яшчэ маленькім хлопчыкам у 1947-м у в. Талюшаны Астравецкага раёна, на мяжы з Літвой. Яго прысутнасць дапускалася, бо дзіця яшчэ не лічылася паўнавартасным мужчынам (дарослага хлопца ў выпадку падглядвання жанчыны маглі і пакалечыць). На вачах маленькага Стэфана разгарнулася сапраўдная містэрыя: хату, дзе балявалі жанчыны, па чарзе наведалі тры пераапранутыя персанажы (Сейбіт, Касар і Сёрба), што сімвалізавалі сезоны года. Іх візіт павінны быў паспрыяць добраму ўраджаю. Сведчанне з Талюшанаў унікальнае, у большасці апісанняў «жаночае свята» — гэта проста застолле, часам з танцамі і непрыстойнымі жартамі.
У Паўднёвай Беларусі на Масленіцу ўжо гукаюць вясну. Выкананне адмысловых песень-вяснянак можа адбывацца пры вогнішчы, у якім згарае пудзіла. Удзельніцы абраду могуць трымаць у руках сыр, каравай ці наражаную ёлку. Даследчыкі лічаць, што вясну можна гукаць не толькі словамі, а і дзеяннямі, напрыклад, гушкаючыся на арэлях ці водзячы карагоды (не абавязкова з загукальнымі песнямі ці вяснянкамі).
На арэлях звычайна гойдаліся незамужнія дзяўчаты, часам да іх далучаліся хлопцы. Верылі, што калыханне сімвалічна спрыяла вырастанню доўгага льну і ўдаламу шлюбу. Замужнім жанчынам далучацца да дзяўчат не дазвалялася. У арэльных песнях сустракаюцца сюжэты «Маладую жонку не пускаюць гушкацца з дзеўкамі», «Маладая жонка прыйшла да арэляў, але не калыхалася» і «Маладую жонку пабілі за гушканне на арэлях».
Па разнастайнасці святкаванняў абганяе ўсе астатнія рэгіёны памежжа Магілёўскай, Мінскай і Віцебскай абласцей. На Масленіцу тут ушаноўвалі маладыя сем’і і бабак-павітух, гушкаліся на арэлях, у рытуальных мэтах цягалі калодку.
Калодка — гэта абрубак дрэва ці палка, маніпуляцыі з якой, верылі, магічна спрыялі плоднасці, заключэнню шлюбаў. Звычайна яе вешалі на вяроўцы на шыю ці чаплялі да нагі моладзі шлюбнага ўзросту як бы ў пакаранне за тое, што доўга не ствараюць сям’ю. У пазнейшыя часы замест кавалка дрэва маглі вешаць штучныя кветкі, пачастункі і нават падарункі (адэкалон, шкарпэткі), а функцыя калодкі ў некаторых мясцінах памянялася — вешаючы яе, гурт запрашаў аднавяскоўцаў на супольнае застолле.
З чацвярга масленічныя гулянні набываюць вялікі размах і завяршаюцца ў нядзелю загавінамі на сямітыднёвы Вялікі пост. Да Вялікадня вернікі не спажываюць ежы жывёльнага паходжання, не наведваюць забаўляльных мерапрыемстваў. Таму на Масленіцу імкнуцца наесціся і нагуляцца на сем тыдняў наперад.