Like Water, Like Fire: «Пагоня» па-англійску

Першая анталогія беларускай паэзіі на англійскай мове пабачыла свет у 1971 годзе. Яна выйшла з дзвюма супервокладкамі. Першая была белая і з гербам Пагоня, а другая — з ярка-сіняй вокладкай без якіх-кольвек ілюстрацый. Ведаеце, чаму?

like_water_1.jpg

На працягу 57 гадоў — з 1948 да 1985 года — ЮНЕСКА выдавала серыю кніг, мэта якой была садзейнічаць папулярызацыі літаратуры свету ў перакладах на іншыя мовы. У 1971 годзе ў гэтай серыі — UNESCO Collection of Representative Works, — выйшла першая англамоўная анталогія беларускай паэзіі ў перакладзе Веры Рыч.

Кніга называлася «Like Water, Like Fire: and Anthology of Byelorussian Poetry from 1828 to the Present Day». Кнігу сумесна фінансавалі ЮНЕСКА і Нацыянальная камісія БССР па справах ЮНЕСКА, а выйшла яна ў лонданскім выдавецтве George Allen & Unwin.

Да таго часу Вера Рыч ужо зарэкамендавала сябе як перакладчыца ўкраінскай і польскай паэзіі, як літаратуразнаўца і паэтка. З беларусамі ў Лондане яна пазнаёмілася ў кастрычніку 1953 года, і ад таго часу ўдзельнічала ў жыцці беларускай дыяспары і перакладала беларускіх аўтараў.

Кніга налічвае 347 старонак, 221 верш і паэтычны фрагмент, і пачынаецца раздзелам «Ранні перыяд» (The Early Period, 1828–1905). Першы тэкст у ёй — «Зайграй, зайграй, хлопча малы…» Паўлюка Багрыма: хрэстаматыйны антыпрыгонніцкі верш, які абавязкова чыталі і ў савецкіх школах. Ужо ў гэтым выбары першага твора анталогіі можна пабачыць уплыў фундатараў выдання на яго змест, які выявіўся як у выбары твораў, так і ў назвах раздзелаў.

Гэты ўплыў не быў абсалютны, у кнізе знайшлося сціплае месца некалькім рэпрэсаваным аўтарам: Язэпу Пушчу, Уладзіміру Дубоўку і Ларысе Геніюш (яна прадстаўлена, аднак, толькі адным творам, у той час як Пімен Панчанка — ажно чатырнаццаццю). Няма ў анталогіі ніводнага твора Алеся Гаруна. Гэты прагал Вера Рыч запоўніць у 1982 годзе, калі выдасць зборнік перакладаў Багдановіча, Гаруна і Бядулі «The Images Swarm Free».

Арнольд Макмілін, які тады толькі пачынаў свой акадэмічны шлях найбольш выбітнага знаўцы беларускай літаратуры ў англамоўным свеце, вітаў публікацыю анталогіі як доўгачаканы шанец пазнаёміцца з невядомай англамоўнаму чытачу літаратурай, і напісаў прынамсі дзве рэцэнзіі для акадэмічных славяназнаўчых часопісаў. Ён заўважыў, што кніга — прадукт амаль дваццаці гадоў працы Веры Рыч, таму якасць перакладаў у ёй неаднолькавая. На яго думку, найбольш паспяхова атрымаліся пераклады твораў канца XIX — пачатку XX стагоддзяў, нашаніўскага перыяду і міжваеннага часу, найперш — Максіма Багдановіча, а таксама Канстанцыі Буйло, Коласа і Купалы, Дубоўкі і Максіма Танка. Больш познія творы, якіх якраз большасць у кнізе, перакладзеныя менш удала. Ён робіць здагадку, што недахопы кнігі, верагодна, тлумачацца «flood-cum-electrical-fire» (затапленне і пажар з-за электразамыкання), што, як ён чуў, здарыліся напрыканцы падрыхтоўкі кнігі.

Айцец Аляксандр Надсан, кіраўнік Беларускай каталіцкай місіі і Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны ў Лондане, а таксама скарыназнаўца і даследчык беларускай кніжнай спадчыны, часам смяяўся, што Вера Рыч найлепш працавала пад стрэсам і ў апошнюю хвіліну. Гэта, напэўна, і тлумачыць няроўнасць якасці перакладаў. Айцец Надсан быў аўтарам крытычнага артыкула ў часопісе «Божым шляхам», дзе шкадаваў, што «перакладчыца не скарыстала з вялікай, магчыма непаўторнай, нагоды зрабіць анталогію выдатным творам». Ён прадказваў, што іншы шанец для такога выдання здарыцца не хутка. І ў гэтым ён не памыліўся: іншай англамоўнай анталогіі беларускай паэзіі так і не з’явілася. Як прыклад вельмі ўдалага перакладу ў кнізе а. Надсан працытаваў у сваёй рэцэнзіі «Цуд тварыўся» Ніла Гілевіча.

Антон Адамовіч, супрацоўнік Беларускага інстытута навукі і мастацтва (БІНіМ) у Нью-Йорку, таксама апублікаваў рэцэнзію ў акадэмічным «Slavic Review». Ён адзначыў, што сучасная (гаворка ідзе пра першыя дзесяцігоддзі пасля Другой сусветнай вайны) савецкая беларуская паэзія прадстаўлена ў анталогіі вельмі поўна — 165 творамі 29 аўтараў — і, збольшага, добра перакладзена. У той жа час 1920-я гады, багатыя на цудоўных аўтараў і творы, прадстаўлены непрапарцыйна мала, гэтак жа сама, як і ўся дасавецкая літаратура наогул.

Усе рэцэнзіі адзначылі неадэкватнае прадстаўленне ў анталогіі паэзіі ХІХ стагоддзя (сем вершаў трох аўтараў), адсутнасць твораў Чачота, Дуніна-Марцінкевіча і ананімнай паэмы «Тарас на Парнасе», а таксама факталагічныя недакладнасці ў каментарах і непаслядоўнасць транслітарацыі беларускіх імёнаў і назваў.

Падобна, што працэс падрыхтоўкі анталогіі і выніковы прадукт не былі цалкам станоўча прынятыя паваеннай беларускай дыяспарай. Гэта можна зразумець: для нашых суайчыннікаў у замежжы анталогія ў значнай ступені выглядала ахвярай савецкай ідэалогіі. Айцец Надсан прыгадваў, што Вера Рыч да апошняга трымала ў тайне змест кнігі, хоць і не магла абысціся без яго дапамогі і дапамогі іншых беларусаў у Лондане ў сваіх перакладах. Можна толькі здагадвацца, на якіх умовах Веры Рыч давялося працаваць над кнігай.

Нягледзячы на крытычныя заўвагі, аўтары ўсіх рэцэнзій віталі з’яўленне анталогіі — першай аўтарытэтнай крыніцы беларускай паэзіі па-англійску — і горача рэкамендавалі яе чытачам.

like_water_2.jpg

З выданнем звязаны і незвычайны кур’ёз: яна выйшла з дзвюма супервокладкамі. Першая была белая і з гербам Пагоня, вядомы яе дызайнер — Сцюарт Ірвін. Вокладка, відавочна, не атрымала адабрэння прынамсі аднаго з фундараў выдання (вядома, што БССР не магла прыязна паставіцца да нацыянальнага гербу), так што рэшта накладу распаўсюджвалася з ярка-сіняй вокладкай без якіх-кольвек ілюстрацый. Зразумела, з-за замены абгорткі кошт кнігі ўзняўся з 4.50 да 4.95 фунтаў стэрлінгаў.

Пры гэтым абодва выданні мелі аднолькавы міжнародны стандартны нумар (ISBN), што, безумоўна, робіць справу пошуку арыгінальных супервокладак больш складанай. На шчасце, тыя першыя выданні яшчэ можна набыць праз букіністычныя і антыкварныя кнігарні ў англамоўных краінах — калекцыянерам іх варта збіраць, а калі ёсць магчымасць — перадаваць таксама ў беларускія бібліятэкі.