«Купалаўцы» прадставілі прэм’еру спектакля паводле Сяргея Пясецкага (фота)
Прэм’ера незалежнай тэатральнай групы «Купалаўцы» адбылася 4 снежня на сцэне Małopolski Ogród Sztuki (Кракаў, Польшча). Першы паказ спектакля «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» паводле Сяргея Пясецкага адбыўся ў рамках фестывалю Boska Komedia.
Па сутнасці, гэта першая прэм’ера спектакля на жывой тэатральнай пляцоўцы з часоў «Тутэйшых» і першы спектакль другога сезона Незалежнай тэатральнай групы «Купалаўцы». Аўтарам беларускага перакладу выступіў Алесь Астраўцоў. Рэжысёр – Мікалай Пінігін, сцэнаграфія і касцюмы – Кацярына Шымановіч. Далучылася да акцёрскага цэха Незалежнай тэатральнай групы і памочніца рэжысёра з часоў Купалаўскага Алеся Бельская, у якой даўно была акцёрская мара, яе цяпер таксама можна ўбачыць у новым спектаклі.
Не ўсе ахвотныя змогуць паглядзець спектакль падчас прэм'еры ў Кракаве, але 13 студзеня 2022 года, пад Стары Новы год, які сярод купалаўцаў заўсёды быў асаблівым днём, будзе прадстаўлена анлайн-прэм'ера спектакля «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» на ютуб-канале «Купалаўцы». Не прапусціце!
А мы ў сваю чаргу віншуем нашых дарагіх і любімых купалаўцаў з прэм’ерай і жадаем ім творчых поспехаў!
Фота: Joanna Holcgreber, Ośrodek Praktyk Teatralnych „Gardzienice”.