Кожны беларус — гэта паэт, кожны паэт — зорка! (фотарэпартаж)

Паэтычны тэатр «Арт.С», які створаны з ініцыятывы паэткі Аксаны Спрынчан і музыкі Яраша Малішэўскага, ужо пяць гадоў ажыццяўляе паэтычна-міфалагічны праект «Сакральная Беларусь».

Слухачы тэатра Арт.С

Слухачы тэатра Арт.С


У яго рамках беларускія літаратары, навукоўцы, спевакі і музыканты абмяркоўваюць разнастайныя літаратурныя тэмы, знітаваныя вобразамі роднага краю, яе культуры і мовы. Чарговая вечарына праекту «Сакральная Беларусь» — «Зоркі» адбылася ў сталічнай бібліятэцы імя Цёткі.
Вядучыя вечарыны Аксана Спрынчан і Яраш Малішэўскі нагадалі прысутным пра нашыя адвечныя назвы сузор’яў, планет і асобных зорак, адзначылі тое, што беларусы мелі «свае, беларускае неба». У доказ гэтага быў прыведзены той факт, што ў беларускім фальклоры можна знайці згадкі пра больш як дваццаць бачных няўзброенным вокам сузор’яў.

Свае вершы чытае Віктар Шніп

Свае вершы чытае Віктар Шніп


Пастаянны ўдзельнік паэтычна-міфалагічнага праекту «Сакральная Беларусь», паэт Віктар Шніп адзначыў, што слова «зоркі» у яго вершах ён скарыстаў не адзін дзясятак, а мо і соцень разоў, бо кожны чалавек з самага маленства любіць глядзець на зорнае неба, углядаецца ў яе таямнічасць і марыць пра будучыню.Віктар Анатолевіч адзначыў, што гэтая цяга да зорнага неба ў яго не праходзіць дагэтуль: яму цікава глядзець на падаючыя знічкі, на Месяц у розных яго фазах.Таму для сённяшняй паэтычна-міфалагічнай вечарыны паэт выбраў адпаведныя вершаваныя творы са свайго паэтычнага зборніка «Заўтра была адліга».

Ірына Клімковіч вядзе аповед пра астранамічныя ўяўленні продкаў

Ірына Клімковіч вядзе аповед пра астранамічныя ўяўленні продкаў


Вядомая даследчыца беларускай міфалогіі, сакральнай Беларусі Ірына Клімковіч, якая ў суаўтарстве з Людмілай Дудчыц выдала грунтоўнае даследаванне «Язычніцтва старажытных беларусаў», нагадала слухачам тое, як паэтычна, з вялікім піетэтам, трактавалі зорнае неба, і ўсю «зорную сям’ю» нашыя продкі:
«Стаіць дом – вышэй усіх харом. А ў тым доме ды чатыры вуглы, ды чатыры вакны. У адным вакне ясны Месяц, у другім вакне — красна Сонейка. У трэцім вакне — дробны зорачкі, ясныя дзетачкі. У чацвёртым вакне — цёмная ноч». Лічылася, што кожнаму чалавеку адпавядае свая зорка на небе, а тагачасныя знахары маглі вылічыць чалавеку асабістае свяціла на небе.
Спадарыня Ірына нагадала, як па-беларуску гучалі назвы сузор’яў — «Пяруновая павозка», а нашую галактыку беларусы называлі Птушыным шляхам, Шляхам да продкаў, Венеру — Вечарніцай, Начніцай, а ў ранішняй іпастасі — Зарой-Зараніцай. Таксама было адзначана, што васьміпрампенная зорка, якая пашырана ў беларускім традыцыйным арнаменце — гэта і ёсць старажытны вобраз зоркі Венеры.
Даследчыца распавяла пра так званыя «зоркі падучыя», якія па вераваннях беларусаў, лічыліся знакамі грэшнікаў, альбо людзей, якія памерлі раптоўна. Таму «зоркі падучыя» лічыліся прадвеснікамі няшчасця. Для таго, каб засцерагчыся ад цёмных сіл неба, існавалі замовы, якія іх залагоджвалі.
Абавязковая частка паэтычна-міфалагічнага праекту «Сакральная Беларусь» — музычная, у якой бяруць удзел сталічныя выканаўцы, якія ў сваёй творчасці абапіраюцца на паэтычнае слова. Адным з першых на імправізаваную сцэну праекта быў запрошаны вядомы беларускі блюзавы выканаўца Юрый Несцярэнка.

Вядомы блюзмэн Юрый Несцярэнка

Вядомы блюзмэн Юрый Несцярэнка


Пад апладысменты слухачоў і ўдзельнікаў праекту Юрый выканаў па-беларуску кампазіцыю «Я з дзяцінства схільна да перамен» Андрэя Макарэвіча з сумеснага праекту (нажаль, пакуль не рэалізаванага), тэкст якой змешчаны ў «Анталогіі беларускіх перакладаў расійскай рок-музыкі», а таксама кампазіцыю на верш расійскага паэта беларускага паходжання Вячаслава Казакевіча «Хаджу, хаджу», а завяршыў Юрый Несцярэнка свой музычны сэт кампазіцыяй Чэслава Немена «Час, як рака».

sjamejny_duet_maliszeuskih_zapraszae_u_padarozzy_pa_rodnamu_kraju_logo.jpg

Дуэт Малішэўскіх запрашае ў падарожжа па Беларусі
Асабліва цёпла быў сустрэты слухачамі дуэт Яраш Малішэўскі — Альжбета Малішэўская-Спрынчан. Бацька і дачка пад шчырыя апладысменты выканалі імпэтную песеньку-даведнік для падарожжаў па Беларусі «Вандроўка з багоўкамі і без». У выкананні Яраша прагулі таксама сольныя кампазіцыі «Вільня», «Без цябе, мая Марылька», «Нехта ноччу» на верш Ларысы Геніюш. Апладысметамі былі ўганараваныя і іншыя выканаўцы, сярод якіх вакалістка Людміла Шчэрба, гітарыст Валянцін Юркевіч.

Яраш Малішэўскі дэманструе ўнікальную знаходку

Яраш Малішэўскі дэманструе ўнікальную знаходку


Музыка і этнограф Яраш Малішэўскі, карыстаючыся этна-астранамічнай тэматыкай вечарыны, падзяліўся расповедам пра ўнікальную знаходку, якую яны разам з бацькам Антонам Антонавічам зрабілі не так даўно, калі выратавалі ад знішчэння шэраг металічных артэфактаў, якія ўпрыгожвалі не так даўно знесеную ўніяцкую царкву. Сярод іх каваная выява Месяца з рысамі чалавечага профілю. «Такога ў Беларусі нідзе няма!»— адзначыў яе каштоўнасць Яраш.

Гурт «Мерада» выконвае новыя кампазіцыі

Гурт «Мерада» выконвае новыя кампазіцыі


Завяршыць вечарыну «Зоркі» паэтычна-міфалагічнага праекту «Сакральная Беларусь» выпала вядомым выканаўцам з гурта «Мерада» Стыву і Ганне Крамер. Музыканты толькі некалькі дзён таму, як вярнуліся з Беласточчыны, дзе ўдзельнічалі ў фэсце «Бардаўская восень-2016».
Кампазіцыі «Мерады» атрымалі высокую адзнаку слухачоў і новыя канцэртныя запрашэнні з мэтай прадставіць кампазіцыі з наступнага, другога па ліку, альбома гурта. Таму гэтыя песні і прагучалі для ўдзельнікаў і гасцей вечарыны. Сярод іх кампазіцыі «Мой горад», «Зоркавы кілім» (на верш Яраша Малішэўскага) і іншыя кампазіцыі.

Вядоўцы вечарыны Яраш Малішэўскі і Асана Спрынчан

Вядоўцы вечарыны Яраш Малішэўскі і Асана Спрынчан


Трэба адзначыць, што традыцыя правядзення вечарын у рамках паэтычна-міфалагічнага праекту «Сакральная Беларусь» ёсць нішто іншае, як спроба адраджэння гарадской салоннай культуры, але на аснове беларускага літаратурна-мастацкага кантэксту. Добрая традыцыя, якая нясе станоўчы пасыл грамадству. Яго агучыла паэтка Аксана Спрынчан: «Кожны беларус — гэта паэт, кожны паэт — зорка!»