Каб ведаць, чаго вартая твая творчасць, трэба надрукавацца ў «Дзеяслове»
Славуты беларускі часопіс прэзентаваў 100-ы нумар.
У мінскай кавярні-клубе «Грай» 25 чэрвеня адбылася літаратурна-музычная імпрэза, прысвечаная выхаду 100-га нумару часопіса «Дзеяслоў». Падчас імпрэзы бард Алесь Камоцкі ўпершыню на публіку прачытаў уласны верш, а галоўны рэдактар часопіса, старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч быў узнагароджаны медалём «100 гадоў БНР». Музычную атмасферу задавала жывая музыка ў выкананні гурта «Палац».
На імпрэзе выступілі аўтары 1-га і 100-га нумару «Дзеяслова», большасць з якіх можна назваць сучаснымі класікамі беларускай літаратуры: Леанід Галубовіч, Леанід Дранько-Майсюк, Сяргей Дубавец, Барыс Пятровіч, Алесь Разанаў, Анатоль Сідарэвіч, Міхась Скобла, Андрэй Федарэнка, Віктар Казько і іншыя. Святлана Алексіевіч, на жаль, прыйсці не змагла, бо занятая сур’ёзнай працай над новай кнігай.
Аўтары віншавалі часопіс з юбілеем, апавядалі свае гісторыі, звязаныя з часопісам, казалі пра яго значнасць для культурнай спадчыны Беларусі. Часопіс «Дзеяслоў» параўналі з Літаратурнай акадэміяй. Без яго Саюз беларускіх пісьменнікаў не быў бы тым, чым ёсць сёння. Каб ведаць, чаго вартая твая творчасць, трэба надрукавацца ў «Дзеяслове».
Падчас прэзентацыі праходзілі літаратурныя віктарыны і конкурсы з прызамі ад арганізатараў, гучалі цікавосткі, звязаныя з гісторыяй дзейнасці часопіса. Вядома ж, можна было набыць свежыя і рарытэтныя нумары часопіса.
Пару гадоў таму часопіс святкаваў сваё 15-годдзе.
Барыс Пятровіч распавёў, як 17 гадоў таму, у чэрвені 2002 года, ён з аднадумцамі сабраўся ў Малінаўцы, у доме на вул. Слабадская, 117, і было вырашана ўтварыць часопіс. Сярод многіх варыянтаў была абрана назва «Дзеяслоў». Часопіс паўстаў як адказ на ўмяшальніцтва дзяржавы ў літаратурны працэс, калі Міністэрства інфармацыі Беларусі правяло рэарганізацыю літаратурна-мастацкіх выданняў і ўсе літаратурныя часопісы былі аб’яднаныя ў холдынг «Литература и искусство». На знак пратэсту многія супрацоўнікі звольніліся з рэдакцыяў, частка з каторых аб’ядналася вакол «Дзеяслова».
Як адзначаецца ў прадмове да 100-га нумару, «дзеяслоўцам» хацелася зрабіць яго асаблівым і было вырашана «ў 100-м нумары даць слова тым, хто быў у першым, толькі з новымі тэкстамі». У выніку 100-ты нумар складаецца з новых твораў Алеся Разанава, Уладзіміра Някляева, Барыса Пятровіча, Андрэя Федарэнкі. Увайшлі у нумар інтэрв'ю са Святланай Алексіевіч (пра сучасны літаратурны працэс, пра падрыў яе кнігамі «русских скреп», пра родных і літаратурных настаўнікаў), невядомыя творы Алеся Асташонка і Анатоля Кудраўца з прыватных архіваў, ліставанне Леаніда Галубовіча з Нінай Мацяш. Магчыма, выклікаюць цікавасць лісты, што паэт Уладзімір Някляеў адрасоўваў да жонкі, знаходзячыся ў 9-й камеры ўнутранай турмы КГБ у снежні 2010 года... Завяршае нумар традыцыйны агляд новых выданняў «Дзеяпіс». На жаль, ідэю надрукаваць усіх, хто публікаваўся ў першым нумары, не атрымалася рэлізаваць цалкам – няма ўжо Янкі Брыля, Ніла Гілевіча, Алеся Пісьмянкова, Алеся Асташонка…
Фота аўтара