Інтэрв’ю баскскага раварыста Чоміна Тавара сайту Радыё «Свабодная Васконія» (Віктар Марціновіч)
У беларусаў жа зусім іншае стаўленне да сваёй ідэнтычнасці, яны яе хаваюць, як хавалі японцы падчас сакоку.
Фота з сайта budzma.by
— Нягледзячы на тое, што фармальна тэмай нашай гутаркі з’яўляецца веладыскатэка «Вясёлы ровар», вы не маглі б сказаць што-небудзь дрэннае пра баскскую мову? Бо, ведаеце, нашыя чытачы не чулі ні пра вас, ні пра веладыскатэку, а нам трэба набраць праглядаў.
— У мяне супярэчлівае стаўленне да баскскай мовы. Рэч у тым, што большую частку часу я цяпер жыву далёка ад Навары, у невялічкім паўночным гарадку Мінск, дзе трэніруюся перад адказнымі стартамі. Мінск знаходзіцца ў мясцінах, дзе на нашых мапах дагэтуль пазначаны СССР ці Расія. Але ў Мінска свая асобная культура і свая мова, яны называюць яе беларускай. Нашая баскская мова — яна нежывая, мёртвая мова ў параўнанні з беларускай. Беларуская мова і беларуская культура існуе не пры падтрымцы дзяржавы, а насуперак ёй. Людзям патрабуецца прыкладаць вялікія намаганні, каб прыстроіць сваё дзіця ў беларускамоўны садок, каб знайсці ўніверсітэт, дзе хаця б некаторыя прадметы вядуцца па-беларуску (для апошняга часцяком даводзіцца ехаць вельмі далёка ад Мінска, ажно ў Вільню).
— То бок гэта музейная мова, калі яе няможна вывучыць?
— У тым і рэч, што не! Людзі гартуюцца ў моўныя класы, вучацца роднаму слову па кнігах, і гэта вельмі жывая гаворка! На беларускай мове размаўляе як найменей 2 мільёны чалавек згодна з перапісам. У той час як на нашай, баскскай, мове гаворыць 700 тысяч. І гэта з улікам тых, хто жыве ў Францыі. Пры гэтым вы паглядзіце, як яе прапагандуюць — ад баскскай жа няма куды падзецца, нават сына майго навучылі баскскай мове, і яму, сыну, зараз з ёй у галаве жыць, з гэтай баскскай, а я думаю, лепей бы хлопцу ў спорт, на ровар! Але я не пра тое! Я таксама некалі атрымліваў пяцёркі па баскскай мове ад баскскіх настаўнікаў у школе, і што? Як яна мне прыдалася? Баскская мова — рэліктавая мова эксклава, мы жывём у атачэнні народаў, маўленне якіх паходзіць з іншых моўных груп, напрыклад, раманскай. Дык навошта мне, раварысту, баскская мова? Я ж на ёй нават з суседам-французам не паразумеюся! Зусім іншая справа з беларускай. Калі ведаеш яе — зразумееш украінскую мову і польскую. Лёгка паразумеешся і ў Львове, і ў Варшаве. Тым часам у Польшчы і Украіне супольна жыве 80 мільёнаў чалавек. Дык і навошта мне баскская мова?
— Вы не маглі б параўнаць баскскую і беларускую мову з пункту гледжання прыгажосці?
— Не, ну я б усё ж вярнуўся до роварнага спорту і веладыскатэкі «Вясёлы ровар»…
— Я напрыканцы задам некалькі пытанняў на гэтую тэму, але магу запэўніць: у большасць рэпостаў яны не ўвойдуць, у адрозненне ад вашых дрэнных выказванняў пра родных наварцаў ды васконскую культуру. То не стрымлівайце сябе.
— Беларуская мова сапраўды прыгажэйшая за баскскую, бо мае іншыя прынцыпы граматычнай пабудовы. Мы ўжо казалі пра тое, што дзяржава прамаўтуе баскскую мову…
— І гэта не абы-якая, а іспанская дзяржава! (саркастычная рэмарка ад Радыё «Свабодная Васконія»)
— Так, тая самая дзяржава, якая мае багаты гістарычны досвед забароны каталанскай ды галісійскай моў ды культур — дык вось, баскскую мову яна не абмяжоўвае, бо ведае, што яе аглютынатыўную граматыку проста фіг хто вывучыць. Што як яе ні дазваляй, колькасць носьбітаў ніколі не дойдзе нават да мільёна. Але размова не пра тое. Размова пра сэкс.
— Пра сэкс?
— У сэнсе гендар. У беларускай мове «дзяўчына» і «хлапец» — істоты рознага полу, так, як і ў рэальным жыцці. У нашай жа баскскай мове ў назоўнікаў наогул няма полу. Так, у нас ёсць розныя словы для «маці» (ama) і бацькі (aita), але ўявіце сабе мову, дзе кожнае слова мае гендар! Ці ж гэта не прыгажосць? Да таго ж у баскскай усе літары супадаюць з агульнаеўрапейскімі, нават нашае хвалёнае «ñ» пазычанае з іспанскай. Беларусы ж маюць літару «Ў», якой няма болей ні ў кога.
— Чым яшчэ баскі выклікаюць у вас супярэчлівае стаўленне?
— Ды нават нашая хвалёная кухня. Кажуць, мы выбітныя адсутнасцю культуры зберажэння прадуктаў, і гэта добра. Каго забілі, каго злавілі, таго адразу і з’елі. І таму, маўляў, нашая ежа заўсёды свежая. А ў той жа Беларусі леднікі пры маёнтках будаваліся спрадвеку, гэтаксама як традыцыйнымі ёсць вэнджаніна, саленне, марынаванне. Асобная размова — пра беларускія сала з цыбуляй: паспрабуйце іх і зразумейце, што нашыя тушаныя плаўнікі шчупака — безгустоўная гідота. Пры гэтым заўважце: пра баскаў ведае ўвесь свет, у нас нават рускамоўныя сайты ёсць, прысвечаныя прапагандзе нашай культуры і мовы. У беларусаў жа зусім іншае стаўленне да сваёй ідэнтычнасці, яны яе хаваюць, як хавалі японцы падчас сакоку. Вы ведаеце, пры Такугаве за распаўсюд японскай мовы сярод неяпонцаў было прадугледжанае смяротнае пакаранне — так і з беларусамі. Яны не свецяць уласнай беларускасцю на ўвесь свет, у Мінску колькасць замежнікаў — як у Нагасакі ў 1853-м. У іх нават ёсць спецыяльнае міністэрства, якое адказвае за прыхоўванне ды зацяненне парасткаў беларускага, за пакіданне іх у цені. Называецца, калі не памыляюся ў перакладзе, Міністэрства культуры. Там праводзяцца спецыяльныя прафілактычныя мерапрыемствы («Год культуры» і г. д.) па прытойванні сапраўднага, каштоўнага: аўтараў, якія атрымалі Нобелеўскую прэмію, беларускамоўных музыкаў, старажытных будынкаў, якія праз нацыянальную сарамлівасць трэба руйнаваць і г. д. Я так гэтым усім уражаны, што хачу хутчэй забыць баскскую мову і вывучыць мову беларускую.
— А чым найбольш захапляецеся ў беларусах?
— Разумееце, гэты народ меў сваю дзяржаўнасць яшчэ ў ХІІІ стагоддзі. Мы ж набылі ўласную аўтаномію ад Іспаніі толькі ў кастрычніку 1936-га, прычым страцілі яе праз некалькі месяцаў, у чэрвені 1937-га. Усё гэта адбывалася, як вы памятаеце, падчас Грамадзянскай вайны. Аналагічную кароткабежную дзяржаву, створаную беларусамі ў 1918-м, у Мінску наогул прынята не ўспамінаць. А ў нас Эўскадзі — адзіны вопыт суверэнітэту. Бо не лічыць жа Васконію ды Навару баскскімі дзяржавамі. Цяпер мы марым пра аўтаномію, але ніколі яе не атрымаем, бо гэтае пытанне не ў палітычным парадку дня Мадрыда і ніколі там не будзе. Мы настолькі носімся з уласнай культурай, што намі захапляюцца нават раварысты з Беларусі, а ў іх ёсць уласная дзяржава з выдатнай гісторыяй, мілагучнай мовай, захапляльнай літаратурай і неаспрэчнымі дзяржаўнымі межамі, унутры якіх любы небарака можа без наступстваў неахайна выказвацца пра бясцэнныя скарбы, атрыманыя ў спадчыну ад славутых продкаў.