Індыйскае вяселле ў цэнтры Мінска (фота)

Маляўнічае індыйскае вяселле, яркія колеры сары, духмяныя спецыі, зачаравальная чаруючая музыка і завадныя індыйскія танцы. Сёння запрашае да сябе ў госці загадкавая і чароўная Індыя. І ўсё гэта зусім побач — у самым цэнтры Мінска, на плошчы Свабоды.

2_52_logo.jpg


Свята індыйскай культуры прымеркавана да 25-годдзя ўсталявання дыпламатычных адносін паміж Індыяй і Беларуссю і 70-годдзю незалежнасці Індыі. Спецыяльна на свята прыляцеў з Індыі танцавальны калектыў пад кіраўніцтвам Сваці Вангну Цівары. Артысты пазнаёмяць госцяў з адным са стыляў індыйскага класічнага танца — катхак, зыграюць на традыцыйных інструментах — парным барабане табла, шматструнных сітары і сарангі, а таксама праспяваюць песні. Выступіць перад мінчукамі і Віммі Есвар — вядомая выканаўца танца ў стылі кічыпудзі, якая прыляцела ў Мінск з Дубая. Прадэманструюць сваё майстэрства і беларускія танцавальныя калектывы, якія навучаліся ў Індыі.

1_66_logo.jpg

4_45_logo.jpg


Апроч канцэртнай праграмы госцяў чакае знаёмства з неад'емнай часткай індыйскай культуры — ёгай і філасофіяй аздараўлення — аюрведай, якую называюць яшчэ навукай жыцця. Таксама адбудуцца і бясплатныя майстар-класы па індыйскім танцы.  

5_47_logo.jpg


Сёння на Дне Індыі прадстаўлены і традыцыйныя віды спорту — камандныя гульні кабадзі (найстаражытная камандная гульня ў Азіі, якая ўключае ў сябе элементы барацьбы і квача) і кхо-кхо. А беларускім прыгажуням мастачкі мехендзі з задавальненнем распішуць далоні хной. Ахвочыя ж бліжэй пазнаёміцца з гісторыяй і культурай краіны могуць гэта зрабіць на інфармацыйнай пляцоўцы.

12_28_logo.jpg


На галоўнай сцэне каля канцэртнай залы «Верхні горад» адбудзецца парад індыйскіх нацыянальных касцюмаў. Тут жа можна будзе ўбачыць і галоўную разыначку свята — госці змогуць стаць відавочцамі традыцыйнай індыйскай вясельнай цырымоніі. Акрамя таго, арганізатары свята праводзяць віктарыну на веды далёкай краіны на прызы ад Пасольства Індыі ў Рэспубліцы Беларусь. А каля гарадской ратушы будуць працаваць фотазоны — дзеці змогуць адчуць сябе Маўглі, дарослыя — індыйскім раджой.

9_27_logo.jpg


А гурманы могуць пакаштаваць стравы нацыянальнай кухні — курыцу з рысам і карры, духмяную гарбату, найсмачнейшыя ўсходнія ласункі. Задаволіць голад змогуць таксама і вегетарыянцы, для якіх прыгатавалі асобнае меню. На свяце можна таксама набыць традыцыйныя сувеніры, гарбату, спецыі, рыс, касметыку і біжутэрыю.

14_24_logo.jpg

13_22_logo.jpg


17_7_logo.jpg


Месца правядзення свята: плошча Свабоды. Час: з 13.00 да 17.00. Пакаштаваць стравы індыйскай нацыянальнай кухні можна з 12.00 да 22.00.


Арганізатары — Пасольства Індыі ў Рэспубліцы Беларусь пры падтрымцы Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта.

Даведка:

У Беларусі пражываюць каля 100 грамадзян Індыі, у тым ліку бізнесмены, прадстаўнікі фармацэўтычных кампаній. Прыкладна 350 індыйскіх студэнтаў навучаюцца ў беларускіх ВНУ.
Першыя кантакты паміж Мінскам і індыйскім горадам Бангалор былі ўсталяваны ў 70-е гады мінулага стагоддзя дзякуючы Беларускаму грамадству сяброўства і культурнай сувязі з замежнымі краінамі. А дамова пра сяброўскія сувязі была падпісана ў 1986-м падчас візіту старшыні Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Уладзіміра Міхасёва ў Індыю. Праз тры гады адна з вуліц Бангалора атрымала назву Мінскай, тады ж у беларускай сталіцы назвалі плошчу імем горада-пабраціма. Сёлета Беларусь і Індыя святкуюць 25-годдзе з дня ўсталявання дыпламатычных адносін.