Гурт Re1ikt прэзентаваў новыя песні на Пешаходцы (фота, відэа)
Падчас дармовага канцэрта на мінскай «Пешаходцы» 8 верасня гурт Re1ikt прэзентаваў кампазіцыі з двух новых альбомаў. Гэта інтэрпрэтацыі беларускай і амерыканскай народных песень.
Нягледзячы на
шэраг імпрэз, што адбываліся паралельна ў межах Дня горада, канцэрт Re1ikt
сабраў поўны Карэтны дворык прыхільнікаў гурта. Гучалі старыя хіты, пад якія
публіка актыўна падпявала. Таксама былі прэзентаваныя дзве новыя песні — акустычная
версія амерыканскай народнай “The Wayfaring Stranger” і інтэрпрэтацыя беларускай
народнай песні з працоўнай назвай “Татачка”.
Пачатак амерыканскай песні Re1ikt выканаў па-ангельску, а частку – у перакладзе на беларускую. Праз тое, што песня народная, існуе мноства варыянтаў яе слоў. Больш-менш кананічная версія гучыць прыкладна так:
I'm just a poor wayfaring stranger
A traveler through this world of woe
But there's no sickness, toil nor danger
In that fair land to which I go
I'm going there to see my father
I'm going there no more to roam
I am just going over Jordan
I am just going over home
I know dark clouds will gather round me
I know my way is rough and steep
But beau-teous fields lie just before me
Where God's redeemed their vigils keep
I'm going home to see my mother
She said she'd meet me when I come
I'm only going over Jordan
I'm only going over home
I'm just a going over home
Твор вельмі папулярны сярод амерыканскіх музыкаў, яго шмат разоў інтэрпрэтавалі. Як распавёў бубнач Re1ikt Аляксандр Дземідзенка, “The Wayfaring Stranger” увойдзе ў новы альбом гурта разам з акустычнымі версіямі старых песень. Музыкі спадзяюцца прэзентаваць гэты альбом ужо ў канцы 2018 года.
Песня “Татачка” — гэта інтэрпрэтацыя беларускай народнай песні з вёскі Новае Палессе Лельчыцкага раёна. Песенны стыль выканаўцаў, гурта “Палескія напевы”, унесены ў Інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі і мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці краіны. Арыгінал можна паслухаць тут у раздзеле “Аўдыёфіксацыя”. Яго запісала даследчыца Ірына Мазюк ад жыхаркі Новага Палесся Аляксандры Аляксееўны Бялоцкай 1938 года нараджэння. Песню выконвалі ад імя маладой падчас традыцыйнага вяселля, у момант прыезду сватоў:
Таточко мой родненькій,
Прыснівся сон дзівненькій,
Шо с суботы да на недзелю,
Шо соколы на двор налецелі,
Всей шоўк разруўнелі.
– Ох, дзіцятко мое родненьке,
Шчэ ты малы розум маеш,
Свойго сну не розгадаеш.
Шо соколы – то сваты твое,
Чорны шовк – коскі твое,
А Іванко – слёзкі твое.
Птушкі ў народнай карціне свету выступаюць як вестуны пераменаў, пазначаюць пераход, змену статусу: з незамужняга стану маладой у замужні, змену сезонаў (“прыносяць” вясну; “забіраюць” з сабой лета, адлятаючы ўвосень). “Чорныя косы” – устойлівае спалучэнне слоў, што пазначае адзін з аспектаў дзявочага хараства. Змена фрызуры маладой была абавязковай часткай традыцыйнага вяселля: замужняя жанчына ўжо не мела права з’яўляцца на людзях з непакрытай галавой, як незамужняя дзяўчына, павінна была хаваць валасы пад галаўны ўбор. Таму “чоўны шоўк” праз асацыяцыю з “чорнымі косамі” – метафара вяселля. Лічылася, што маладая, ад’язджаючы з роднай хаты да мужа, павінна абвязкова заплакаць.
Здавалася б,
вяселле – даволі радасная падзея, але дзяўчыну чакала жыццё ў чужой сям’і, дзе
яна цалкам залежала ад волі старэйшых сваякоў і не мела амаль ніякіх правоў.
Адсюль “Іванко – слёзкі твое”. Да таго ж плач меў рытуальную ролю, павіны быў
спрыяць паспяховаму завяршэнню пераходу маладой у новы статус.
Песня “Татачка” ўвойдзе ў альбом гурта Re1ikt з цалкам новым матэрыялам. Як распавёў Аляксандр Дземідзенка, ён будзе прэзентаваны на пачатку 2019-га.
Фота і відэа Алены Ляшкевіч