Гаспадыня на зямлі продкаў

Адпачынак на ўлонні прыроды стаў вельмі паспяховай і запатрабаванай галіной нашага турызму, у вёску кіруюцца як беларусы, так і замежныя госці. Шмат хто спяшаецца і ў вёску Валодзькава Глыбоцкага раёна на адпачынак да Юліі Бук.  



agra.jpg

Гаспадыня “Роднага кута” Юлія Бука

Гаспадарка Юліі перамагла ў рэспубліканскім конкурсе “Найлепшая аграэкасядзіба 2010 года” ў намінацыі “Зялёная сядзіба”. Дарэчы, пачынала Юлія сваю нялёгкую справу, можна сказаць, з нуля і крэдытаў не брала.

― Мая сядзіба ― гэта звычайная вёска, дзе я выкупіла некалькі дамоў, ― распавяла Юлія. ― Давялося іх крыху падправіць і дадаць “цывілізацыі”. Хаця заўсёды шкада руйнаваць тое, што ўжо ёсць у хатах. Таму па магчымасці стараемся захаваць стыль дамоў, бо мы запрашаем людзей не адпачываць, а пажыць, дакладней, акунуцца ў сапраўднае вясковае жыццё, дзесьці нават патрыярхальнае. Госці бачаць, што ў побыце тутэйшых насельнікаў шмат што захавалася з сямідзясятых, васьмідзясятых гадоў — калі я была маленькаю, бачыла многае з гэтага. Адных гэтая акалічнасць вельмі здзіўляе, а другіх ― прываблівае і захапляе.

Юлія тут нарадзілася і вярнулася на Глыбоччыну пасля заканчэння Віцебскага ветэрынарнага інстытута. Потым выйшла замуж, у сям’і з’явілася дзіця, а жыць не было дзе. У вёсцы ад бацькоў засталася хата. Вырашылі ў ёй і пасяліцца. Потым пачалі пакрыху купляць хаты па суседстве, каб заняцца агратурызмам. А яшчэ не хацелі, каб у іх засяліліся “чужынцы”. Ужо тады, напрыканцы мінулага стагоддзя, стала модным прыязджаць з вясёлай кампаніяй з горада на выхадныя.

― Мне вельмі не падабалася, што нехта “чужы” будзе гаспадарыць на зямлі маіх продкаў, ― горача зазначае гаспадыня “Роднага кутка”. ― Сёння я жыву ў хаце, якая пабудавана больш як сто гадоў таму. Гэта дом маёй маці, яе дзеда. Па суседстве ― хата старой пабудовы, якую ў 50-я гады перавезлі з хутара. Выкупіла будыніну ў бабулі, якая з’ехала жыць да дзяцей у горад. Зразумела, што патрэбна было яе падрамантаваць. Захавалі амаль усю мэблю. Госці заўсёды з цікавасцю разглядаюць шафу, зробленую без адзінага цвіка!

Юлія разам з дзецьмі ― малодшым сынам Данатам і дачкою Алесяй ― збірае аўтэнтычныя рэчы. Навошта ім гэта? І так штодзённых клопатаў хапае, толькі паспявай: адны госці ад’язджаюць ― другія ўжо на парозе.

agrasjadz_ba.jpg

Аўтэнтычная хата прываблівае і захапляе турыстаў

― Не хацелася б, каб гэтыя каштоўнасці бясследна зніклі, ― тлумачыць Юлія. ― Ёсць у нас дыван Язэпа Драздовіча. Купілі яго ў бабулі з суседняй вёскі. Ложкі гасцей засцілаем саматканымі дыванамі, якія і сёння ткуць мясцовыя майстрыхі. Маем і калаўроты. А яшчэ дзіўную рэч пад назваю “арфа” ― гэта спецыяльная прылада для адсейвання смецця і прасейвання зерня ды падзелу яго на большае і драбнейшае. І сёння вяскоўцы карыстаюцца арфай, але ўжо ўдасканалілі яе: прыладзілі для паскарэння працэсу маторчык. Часта людзі тэлефануюць мне і пытаюцца: можа, ты гэтую рэч купіш? Выкарыстоўваем у пакоях шмат вышыванак. На жаль, многія рэчы не можам у хатах павесіць ці паставіць, бо госці бываюць розныя. Аднойчы хтосьці скраў старадаўнюю ікону, знік і тканы дыван з ложка.

Неяк купіла Юлія ў адной бабулі адмысловыя дыванкі на падлогу, вытканыя з нітак і… саломы. Ніхто і не здагадваецца, што гэта за палавічок. Магчыма, калісьці ткалі іх так з-за беднасці ― ніткі каштавалі дорага, а саломы ў гаспадарцы звычайна хапала.

― Бачыла на фотаздымках, як унутры катэджа расстаўлены, дзе трэба і не трэба, калаўроты, іншыя прылады сялянскай працы ― маўляў, модна, ― зазначае гаспадыня аграсядзібы. ― Мне ж усё гэта падаецца ненатуральным. Мару стварыць этнаграфічны кут, але пакуль няма дастатковых сродкаў.

Беларускамоўным турыстам гаспадыня прадстаўляе зніжкі на пражыванне ў памеры 20 працэнтаў.

― Я не патрабую, каб госці размаўлялі са мною толькі па-беларуску, ― тлумачыць Юлія. ― Але паважаю тых, хто трымаецца роднай мовы і ўдзячна тым, хто паважае мяне за тое, што я размаўляю па-беларуску.

“Родны кут” мае пастаянных кліентаў, з якімі вельмі проста наладжваць стасункі, бо яны ведаюць, куды едуць і што іх чакае. Гэта нашмат спрашчае працу гаспадарам. Не трэба тлумачыць, што гэта не санаторый, не "еўрарамонт", а асобнае жыллё ў звычайнай вясковай хаце.

― У нас былі такія госці, якія казалі: шкада, што нам трэба плаціць, каб паглядзець, як жылі нашы бацькі, ― заўважае Юлія. ― Неяк прыязджалі палякі ― амаль 20 дзяцей і дзесяць дарослых. Пасля адпачынку хлопчыкі і дзяўчынкі напісалі ў інтэрнэце, што так прыемна, як адпачывалі ў нас, яны нідзе і ніколі час не бавілі. Палякі з’ездзілі на экскурсію ў Полацк і Глыбокае, пакупаліся ў нашым возеры.

Мне таксама вельмі спадабалася ў Юліі, якая захоўвае дух сваёй вёскі, як можа і разумее, клапоціцца пра яе аўтэнтыку. Толькі хацелася б, каб мясцовыя ўлады паклапаціліся пра лепшую дарогу да Валодзькава.

Фота аўтара