«ГараШ»: глядач у чаканні працягу

Тое, што людзей у зале будзе багата, я ўжо здагадаўся, калі касірка,  якая мне прадавала квіток, з жартам і зацікаўленасцю спытала ў мяне праз акенца: «Сёння што, ўсе з гаражоў з’ехаліся? ». На што я таксама з гумарам адказаў: «Так, усе аўтааматары». 13 лютага на адным з лепшых экранаў краіны — у кінатэатры «Масква» — гледачы нарэшце ўбачылі трагікамедыю «ГараШ» рэжысёра-сцэнарыста Андрэя Курэйчыка.



kurejchik_novi_chas.jpg

І вось што цікава — нават не гледзячы на тое, што фільм ужо быў паказаны на мінскіх экранах, падаецца, цікавасць да яго не зменшылася, а наадварот — толькі павялічылася. Паказ у чарговы раз адбыўся пры аншлагу, амаль не было вольных месцаў. Ведаю, што тое ж адбылося днём раней і ў Гродна, дзе фільм таксама сабраў поўную залу. Як і ў мінскім кінатэатры «Сільверскрын», дзе квіткі былі цалкам разабраны.  

Перад паказам адбыўся паказ трэйлера да фільму і выступ творчай групы, якую зала вітала апладысментамі. Гераіню фільма Лізавету ШукавуАндрэй Курэйчык прадставіў, як будучую зорку беларускага кіно. Ён падзякаваў усім, хто удзельнічаў і дапамагаў у праекце, і гледачоў, якія сабраліся ў зале.

Што цікава — публіка прыняла фільм яшчэ больш цёпла і эмацыянальна, чым гэта было на «Лістападзе», хаця і там публіка вітала фільм бурнымі авацыямі і шчырым смехам. Асабліва гучныя і працяглыя апладысменты гучалі пасля «эратычнай» сцэны Эвеліны Сакура, якая згуляла ролю сталай стрыптызёршы па выкліку, якая ўдзень працуе ў сабесу (афармляе грашовую дапамогу інвалідам), а ўвечары падрабляе па выкліку, каб забяспечваць дзяцей. Таксама горача ўспрынялі гледачы філасофскі «тутэйшы падыход» — жарты пра чыноўнікаў-карупцыянераў і «закон пра дармаедаў».

Наогул, большасць жартаў вельмі добра ўспрымалася гледачамі, бо яны насамрэч раскрываюць праблемы, добра зразумелыя сучаснаму беларусу, з тымі, часам абсурднымі, сітуацыямі, з якімі звычайнаму грамадзяніну часам даводзіцца сутыкацца ў штодзённым жыцці.

Фільм адлюстроўвае беларускі менталітэт, адлюстроўвае наша жыццё і вобраз мыслення беларусаў, якія, з аднаго боку жадаюць мець заходні ўзровень дабрабыту, але ніяк не могуць адвыкнуць думаць савецкімі штампамі. Мы не Еўропа, але і не Расія. Імкнёмся да еўрапейскіх каштоўнасцяў, адносім сябе да Еўропы, але жывём толькі дзесьці на яе ўскраіне. Як і Шабаны, размешчаныя на ўскраіне сталіцы — не сталічны цэнтр, але ўсё ж частка горада.

Выпадкова атрымалася, што побач са мной сядзелі маладыя людзі з Шабаноў, дзе і разгортваюцца асноўныя падзеі ў фільме. Па-праўдзе, калі б не чуў іх размовы — падумаў бы, што гэта студэнты, напрыклад, Інстытута культуры. Акуратна, нават трохі ўрачыста апранутыя, культурная размова, сціплыя і выхаваныя. Толькі час ад часу, калі паказвалі шабаноўскія пейзажы, ажыўляліся, ціхенька ўзгадваючы, дзе тое ці іншае месца з карціны знаходзіцца.

Цікава, што фільм яшчэ стаў першым, дзе зняўся сын Андрэя Курэйчыка, Глеб, які выканаў невялічкую эпізадычную ролю. Яшчэ адзін цікавы факт, на які, падаецца яшчэ не звярнуў увагі ніводны кінакрытык ці журналіст — у адным с сюжэтаў ёсць аўтарскае адсыланне на яшчэ адну работу сцэнарыста Курэйчыка — на беларускі фільм «Вышэй за неба». Калі малады герой фільма Віталь Барзоў паліруе белую машыну дачкі чыноўніка, на сцяне, за машынай, вісіць постэр да фільма «Вышэй за неба». А яшчэ адзін з цікавых аўтарскіх жартаў — пасля слова «Гараж», што красуецца над уездам ў СТА, дзе працуюць нашы героі — адбітак рукі ў фарбе, якая саслізнула, быццам след ад рукі па запатнеламу шклу ў фільме «Тытанік» Джэймса Кэмерана.

garash_prakat_maskva_logo.jpg

Паказ у кінатэатры "Масква", 13 лютага 2016 года. Фота Алега Грушэцкага

 

Нельга не адзначыць, што публіка ў зале была з большага — сучасная моладзь, шчырая, адкрытая і ўдзячная. Наша будучыня. У фільме не было дарагіх спецэфектаў, выбухаў і экшану.  Проста, філасофска-сатырычны погляд на нашае сучаснае жыццё. Але, пасля прагляду фільма ўся зала доўгі час апладзіравала стоячы.

Фільм «ГараШ» насамрэч атрымаўся ў шмат чым унікальнай з’явай на нашай культурнай прасторы. Атрымалася не проста зняць незалежнае некамерцыйнае кіно пра Беларусь без дзяржаўнай падтрымкі. Стваральнікі фільма зрабілі значна болей, чым задумвалі — яны не толькі знялі фільм, які мог абмежавацца тым, што быў бы выкладзены ў інтэрнет. Яны паказалі яго на «Лістападзе», у Еўропе, і вывялі ў шырокі пракат. Пры гэтым збіраючы поўныя залы і прымусіўшы казаць пра сваё кіно. Што ўжо само па сабе заслугоўвае вялікай павагі.

Стваральнікі фільма наўмысна пакінулі канцоўку фільма без развязкі. Калі ў пракаце атрымаецца вярнуць грошы, здымачная група абяцала прыступіць да працягу стужкі. А ўлічваючы зацікаўленасць гледачоў да фільма, гэта цалкам верагодна. Толькі па выніках старту фільм стаў другім пасля амерыканскай стужкі «Дэдпул», якая ішла паралельна з «ГараШом». Таму верыцца, што ўсё будзе «ГараШо», і мы яшчэ пабачым працяг гісторыі пра бесшабашных шабаноўскіх аўтарамонтнікаў.

Нагадаем, фільм стартаваў у шырокі пракат з 11 лютага. У Мінску стужка дэманструецца ў кінатэатрах «Масква», «Перамога», «Арт-кінатэатр» і «Сільверскрын». Акрамя гэтага яшчэ больш чым у 20 гарадах краіны.

Чытайце таксама:

«ГараШ». Доктар АўтаХаўс з Шабаноў у Еўропе

Іронія шабаноўскага існавання

«ГараШныя» тайны Шабаноў і Злучаных Штатаў