«Хай Папа ў Беларусь прыедзе. Хай пабачыць, якія мы занядбаныя, якія мы самотныя ў сваім змаганьні» — да дня народзінаў ксяндза Чарняўскага

14 студзеня 1916 года ля Гальшанаў нарадзіўся хлопчык, якому належыла стаць сьвятаром, перакласьці Біблію на беларускую мову і ўзначаліць Касьцёл на Беларусі. З апошнім не атрымалася – валтузьня камуністаў і іншых злых людзей перашкодзіла Ўладзіславу Чарняўскаму стаць біскупам.

Уладзіслаў Чарняўскі 

Уладзіслаў Чарняўскі 

Уладзіслаў мог памерці ўжо ў часы Першай сусьветнай. Як узгадваў сам сьвятар: «Час быў цяжкі, галодны. Сабіралі траву з шышачкамі і ўмешвалі ў муку ці бульбу і пяклі ляпёшкі. У гэты час цяжка хварэў на крываўку. Быў безнадзейны. Адныя косьці. Выносілі на двор, ба раніўся ад мух. Ужо ня ў памяці, расказвалі, што кс. Францішак Чарняўскі, каторы нас наведваў, жартаваў тады зь мяне: «А цяпер лаві мухі і закусвай».

Прыпамінаю, што маці была палажыўшы нейкую ахвяру за абраз за маё здароўе. Быццам у крываўцы было забаронена есьці капусту, а казалі: хай есьць, бо ўсё роўна памрэ. Аднак з волі Божай я не памёр, але малакроўе адчуваў доўгі час».

Сваю першую імшу малады сьвятар Уладзіслаў, як і некалі ягоны брат па духу Адам Станкевіч, адправіў па-беларуску ў касьцёле гістарычнага Крэва. Ад 1954-га амаль паўстагодзьдзя ксёндз Уладзіслаў служыў у касьцёле Марыі ў мястэчку Вішнева пад Валожынам – узгадваў гісторык Уладзімер Арлоў.

1_875.png

У 1944 годзе Ўладзіслаў Чарняўскі быў высьвячаны на ксяндза ў Літве. Прыміцыі (першая імша ў якасьці сьвятара) вырашыў адпраўляць на Беларусі, бо належаў да Барунскай парафіі, але сваякі папярэдзілі, што барунскі ксёндз Карпінскі не любіць беларусаў. Давялося ехаць у Крэва, дзе ксёндз быў добра знаёмы яшчэ з даваенных часоў.

У канцы кастрычніка 1944 года Ўладзіслаў Чарняўскі адправіў сваю першую Сьвятую Імшу ў Крэве. Да гэтай знамянальнай падзеі быў надрукаваны ў Літве і абразок-памятка па-беларуску. Пасля прыміцыі зноў вярнуўся ў Вільню. Працягваў жыць пры касьцёле сьвятога Ігната, — прыгадвае айцец Андрэй Абламейка.

Ксёндз Уладзіслаў застаўся ў Вільні. Напрыканцы 1949 года яго прызначылі пробашчам касьцёла сьвятога Мікалая. Праўда, служба тая працягвалася нядоўга. Праз тры месяцы яго адправілі служыць спачатку ў Укмерге, потым у Гегужыне, Ёрнішкі, Варэну, Эйшышкі.

Але цягнула на Беларусь

Ды і землякі не забывалі. Прыязджалі цэлыя дэлегацыі з просьбай вярнуцца на Радзіму, бо сьвятароў там заўсёды не хапала. Пасьля доўгай бюракратычнай валтузьні, адмоваў, віленскі біскуп нарэшце згадзіўся адпусціць Уладзіслава. Вырашыў ехаць у Воранава, «але калі пераехаў у Беларусь, прапісаўся ў Смаргонях і абжыўся ў Чухнах», з усіх бакоў пачалі сыпацца запрашэньні наведаць і іншыя парафіі. Стараўся па магчымасьці не адмаўляцца, і тады яго шляхі пралягалі праз Крэва, Войстам, Вішнева.

Глядзіце таксама

У Вішнева прыехаў у 1954 годзе. Адразу па прыезьдзе пачаў весьці службу па-беларуску. У 1970-я — 1980-я гады ў Вішнева прыяжджалі найперш да Ўладзіслава Чарняўскага, на той час адзінага ў Беларусі каталіцкага сьвятара, які служыў па-беларуску. У яго бываў Зянон Пазьняк і Ўладзімер Караткевіч. Да яго ехала па духоўную падтрымку адраджэнская моладзь. Менавіта ксёндз Чарняўскі ахрысьціў нобэлеўскага ляўрэята, а на сёньня палітвязьня Алеся Бяляцкага.

У 1966 годзе Папа Пымскі Павал VI прапанаваў Чарняўскаму заняць пасаду адміністратара для ўсіх каталікоў Беларусі. Камуністычныя ўлады не далі на гэта дазвол, як пазьней адхілілі і просьбу Ватыкану аб прызначэньні вішнеўскага ксяндза біскупам. Бязбожны рэжым некалькі разоў не дазваляў ксяндзу Ўладзіславу паехаць у Рым, але былі ня ў стане пахіснуць велізарны маральны аўтарытэт сьвятара.

Дзякуючы беларускаму каталіцкаму духавенству на эміграцыі і, перадусім, біскупу Чэславу Сіповічу, у 1967 годзе айцец Уладзіслаў атрымаў новае запрашэньне наведаць Апостальскую Сталіцу. У інтэрвію дадзеным Алесю Бяляцкаму для Хрысьціянскай Думкі ён узгадваў:

«На той час генэралам марыянаў (манаскі ордэн, да якога належыў Чарняўскі) быў Чэслаў Сіповіч, а біскупам для беларусаў за мяжою – Балеслаў Слосканс. Мы былі на прыёме ў Папы Паўла VI разам з біскупам Сіповічам. Размаўлялі на лаціне. У той жа прыезд мне даручылі ад Кангрэгацыі па Божым кульце перакладаць Біблію. Я вярнуўся і стаў перакладаць».

Уладзіслаў Чарняўскі

Уладзіслаў Чарняўскі

«Сёньня адзіным асяроддзем, у якім беларуская мова жыве на розных узроўнях, зьяўляецца Каталіцкі Касцёл, у тым ліку Грэка-каталіцкая Царква. Гэта была вялікая мара айца Уладзіслава, а да яго віленскіх айцоў 1930-х гадоў. Тады гэта была мара, сёньня мы так жывем – напрацоўкамі гэтымі. І добра, што падключыліся новыя сілы і робяцца новыя пераклады Бібліі. Вядома, можна іх удасканальваць, але не было б іх, калі б не было працы і адвагі айца Ўладзіслава Чарняўскага», — упэўнены кіраўнік беларускіх вуніятаў архімандрыт Сяргей Гаек.

Жыў ксёндз вельмі сьціпла. У яго хаце звычайнай вясковай большасьць месца займалі кнігі, аркушы друкаваных на машынцы перакладаў. Гэта было і галоўнай тэмай размоваў зь ім. Яшчэ памятаю яечню, на вясковым масле. Гатаваў ён сам — частаваў госьця – узгадвае ксёндз Сяргей Сурыновіч.

«15 год прайшло пасьля сьмерці (гаворка пра 2016 год). Касьцёл у жудасным стане. За касьцёлам да рэчкі засаджаныя дрэўцы будучага парку — так разумею, з ініцыятывы новага пробашча. За касьцёлам магіла. Надпіс на беларускай мове - адзіны напамін, што тут служыў, а зараз спачывае кс. Уладзіслаў Чарняўскі. На магіле зьнічы. Пад адным прыціснута катэхізмоўка (пераклаў на беларускую мову ксёндз Чарняўскі). Прабачце, не стрымаўся, забраў з магілы. Перакладам айца Ўладзіслава не месца на яго магіле... Сумна неяк. Вішнева забылася нібы, што тут жыў і працаваў сьветач, якога чамусьці забываем, нібы не ведаем, што зь ім і зь яго спадчынай зрабіць... Але адназначна — не пакласьці на магілу пад зьніч», – працягвае развагу пробашч Друйскай парафіі Сяргей Сурыновіч.

Ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі быў выбітным беларускім патрыётам і нацыяналістам:

«Кожны народ павінен маліцца ў сваёй мове. Гэтак пастанавіў Ватыканскі сабор. Гаворыш па-польску — ніхто не разумее. Што важней, польская мова ці разуменьне веры? А яны ўсё круцяць. Мнё другі раз кажуць: вось ты, ксёндз, працуеш, а калі ты памрэш… Быў такі выпадак. Працаваў за Ашмянамі ксёндз (ён зараз у Маскве). Прыйшла да яго кабета, гаворыць пацеры па-беларуску, а ксёндз кажа, што такіх не прызнае: пакуль не навучышся па-польску, шлюбу ня дам».

Арганістка касьцёла ў Вішнева Марыя Трапашка ўзгадвала пра словы ксяндза Ўладзіслава: «Табе як? Мо лепей у пазычанай кашулі прыйсьці ў касьцёл? Калі ў госьці ідзеш, спадніцу пазычаеш? Ці сваю апранаеш? Свая? А чаму мову чужую ў касьцёле выбіраеш? Яна добрая для польскага народа. Вучыся ў гэтага народа маліцца, песьні складаць. Вунь колькі палякі напрацавалі. І вы так працуйце. Можаш зярнятка, дык зярнятка. Можаш глыбу, дык зрабі больш. Бог скажа: «Я ж табе даў мову. Чаму ж ты яе не берагла?»

katachizmowka.jpg

Два разы яго запрашаў Ян Павал ІІ у Ватыкан. «Але я адмовіўся. Адказаў: хай Папа ў Беларусь прыедзе. Хай пабачыць, якія мы занядбаныя, якія мы самотныя ў сваім змаганьні…» — тлумачуў пасьля айцец Уладзіслаў Чарняўскі.

Аўтару матэрыялу таксама пашчасьціла сустрэць легендарнага сьвятара – ужо ў Менску, у замкнёным сёньня іншым злачынным рэжымам Чырвоным касьцёле, дзе ён спавядаў. Гэта было ў 1999 ці 2000 годзе, напярэдадні сьмерці ксяндза.