Чым і кім могуць ганарыцца беларусы?

Педагог, фалькларыст, краязнаўца і гісторык Сымон Барыс выдаў новую кнігу «Гонар і слава Беларусі».

honar_i_slava_belarusi_3.jpg


Мы жывём у час вельмі неадназначны і супярэчлівы. З аднаго боку, вядзецца змаганне за Беларусь і беларускасць Беларусі. Для гэтага неабыякавыя людзі, інтэлігенцыя, пісьменнікі, гісторыкі, творчыя людзі ўсё больш і глыбей адкрываюць для нас вялікі БЕЛАРУСКІ СВЕТ (у часе і прасторы), частка нашых суайчыннікаў намагаецца вызначыць як месца свайго народу, так і сябе, сваёй сям’і і свайго роду ў гэтай сістэме каардынат. З іншага боку, на вялікі жаль, асноўная маса нашых людзей, вельмі раўнадушная да ўсяго гэтага, у грамадстве пануе некаторая інерцыя і апатыя.
Дык вось, перш чым адказаць на пытанне «Чым і кім могуць ганарыцца беларусы?», варта сказаць, што ўсе намаганні адраджэнцаў будуць марнымі, калі людзі самі не будуць рабіць душэўныя і духоўныя намаганні, не пачнуць працаваць над сабой. Таму стаіць праблема: «Як зрабіць так, каб прымусіць беларусаў (у станоўчым значэнні гэтага слова) думаць, перажываць, дзейнічаць?»
Мне думаецца, што новая кніга вельмі паважанага аўтара служыць менавіта гэтаму: «Абудзіць беларуса!»З кнігі чытачы даведаюцца: хто, што, калі, дзе, як, чаму?... у нас самыя-самыя, чым і кім можна сапраўды ганарыцца. Тысячы асобаў і аб’ектаў: гісторыі, культуры, навукі, прыроды, тых, хто калі-небудзь праславіў нашую краіну, вядомыя, значныя падзеі. І ўсё ў 8-мі раздзелах на 800-х старонках «Краіна маляўнічай прыроды і развітай гаспадаркі», «Беларускай дзяржаўнасці — 1000 гадоў», «Змаганне за волю і незалежнасць сваёй краіны», «Пра самае, самае…» (цуды, рэкорды), «Пераможцы конкурсаў і спаборніцтваў», «Мова і культура — аснова беларускай нацыі», «Яны праславіліся ў свеце», «Беларусь — турыстычная краіна», а дадаткі, дзе ёсць і касмічныя прышэльцы і магдэбургскае права: усё гэта само за сябе гаворыць!
Нідзе вы ў адным месцы такой дакладнай, разнастайнай і новай інфармацыі не знойдзеце! На якое б пытанне не жадалі адказаць: пачынаючы ад беларускіх вучоных-першапраходцаў, военачальнікаў і касманаўтаў, заканчваючы цудамі прыроды, гаспадаркі і культуры. Кожны беларус і патрыёт, які жадае ведаць сваю краіну, павінен мець гэтую кнігу як настольную на кожны дзень! І кожная бібліятэка, як публічная, так і школьная, павінна яе мець у сябе. Гэта вялікая ўдача беларусаў! І я вельмі рады, што таксама, хоць крышачку, але спрычыніўся да стварэння гэтай кнігі.
Як жа аўтар вырашае праблему «абуджэння беларусаў»? Паспрабуем і самі адказаць на, сабой пастаўленыя, пытанні, пазнаёміўшы з гэтымі разважаннямі зацікаўленага чытача.
Без перабольшвання, гэта кніга — як у свой час «Песня пра зубра» Гусоўскага, бо адкрывае свету Беларусь, а беларусам — беларускі свет.
На нашу думку, кожны народ мае свой падмурак (глебу): гэта 1) зямля, прырода, ці прыродна-геаграфічнае асяроддзе; 2) самі людзі, але, як цяпер кажуць, не толькі «дэмаграфічныя рэсурсы», але і простыя воіны, працаўнікі, манахі, эліта і просты люд; 3) эканамічны падмурак (г. зв. «дабавачны прадукт»), які ствараецца працай народа, рабаваннем іншых, пры абмене і гандлі з іншымі народамі — у каго як; 4) культурна-гістарычны падмурак (мова, агульнасць паходжання, рэлігія, пісьменнасць); 5) уладна-праўная і прававая палітычная традыцыя; 6) лідары, уладары, палкаводцы, вялікія асобы, якія з’яўляюцца ў пэўны гістарычны адказны момант, калі і ўзнікае дзяржава, альбо калі яна трансфармуецца на пэўным этапе свайго развіцця, у адказны перыяд; 7) дзяржава — абаронца краю…
Дык чым і кім могуць і павінны ганарыцца беларусы? Аўтар кнігі дае на гэтае пытанне адказ на кожнай старонцы, практычна закранаючы ўсе гэтыя складнікі.
Кожны народ мае свой культурны (ментальны) код, які сядзіць глыбока ў падсвядомасці і гісторыі. Ён належыць не толькі цяперашнім беларусам, але і іх продкам і будзе належыць нашчадкам. Як казала мая бабуля, «гэты хлопчык такі, якім быў пашыты бацькамі і Госпадам Богам». Так і пра народ. Гэта як генетычны код. Думаю, асновы былі закладзены далёка-далёка ў мінулым, а гісторыя і ўмовы жыцця, здабыткі і страты, дачыненні з суседзямі і светам, практычны вопыт і інш. з кожным новым пакаленнем і перыядам крыху нешта ж дадавалі, змянялі, але аснова засталася. І што ж у гэтай аснове? Што складае падмурак нашага народа? Вось гэта якраз тое, чым мы можам ганарыцца, а таксама, што нас засмучае, не задавальняе, але яно ёсць.
Дык чым жа мы можам ганарыцца? Перш за ўсё, гэта прырода. (Памятаем у Я. Коласа: «Мой родны кут, як ты мне мілы! Забыць цябе не маю сілы…»?) Яе рэсурсы і краявіды. Гэтая зямелька, якая карміла, адзявала нашых продкаў спакон вякоў, давала прытулак усім ахвочым. Скажу шчыра пра сябе: я не ўяўляю нават як цяжка людзям, якія вымушаныя гадамі і дзесяцігоддзямі жыць на чужыне, калі нават пасля непрацяглага знаходжання далёка ад дому, цягне не проста на Радзіму, у свае мясціны, на могілкі, дзе ляжаць твае родныя, на Сож, дзе прайшло басаногае дзяцінства. Тут нават паветра нейкае іншае, з водарам…
Наступнае — наша МОВА. Гэта самы вялікі набытак нашага народа. Я ўжо не кажу пра яе багацце і прыгажосць, у мове закадаваны наш нацыянальны характар, гэта наша душа, адзенне і тое, што адрознівае ад іншых, як твар. Без мовы адчуваю сябе, як голы чалавек у натоўпе апранутых разявак… А якая спадчына была створана народам і яе творцамі на нашай мове! Якая духоўнасць, традыцыі і літаратура! Невыпадкова, што наш народ вырас на традыцыях асветніцтва спакон вякоў. І шматлікія войны не здольныя былі знішчыць гэтую зямлю, бо яна адраджалася пастаянна, дзякуючы сваім асветнікам, дзякуючы духоўнасці. Знаходзячыся на раздарожжы (і геаграфічным, і культурным, і рэлігійным, і палітычным), нашы продкі бралі ад суседзяў усё самае лепшае, ствараючы сваё, упрыгожваючы сваё жыццё і зямлю творамі літаратуры, філасофіі, мастацтва, архітэктуры. Тут прыгадаем традыцыю больш чым 1000-гадовай пісьменнасці, помнікі прававой думкі (прыкладам, Статут 1588 г.), першую друкаваную кнігу ўсходніх славян і гуманістычны подзвіг Ф. Скарыны. Яны абагацілі не толькі сябе, але і суседзяў і Еўропу… Уяўляю сабе, а што б было, калі б наша дзяржаўна-культурная традыцыя не была перарваная ў ХⅤІІ — ХІХ стст.? Што б было, каб працягвала існаваць тое ж ВКЛ з рэзідэнцыяй вялікіх князёў, з панаваннем нашай мовы, культуры, з рэзідэнцыяй у Вільні, як з тымі ж брытанскімі манархамі?! І культура, носьбітамі якой з’яўляюцца не 10 мільёнаў, а 50 -60. Чаму не так і як бы магло быць? Пытанне няўдзячнае і на яго наўрад ці ўжо адкажаш…
Часткова адказам на многія нашы вечныя пытанні можа быць наступнае. Праз нашу зямлю праходзілі многія войны, а таксама многія гандлёвыя шляхі і пілігрымкі. Праз Беларусь вандравалі многія народы-плямёны. Мы самі — вынік змешвання і сужыцця найперш славян і балтаў. Вялікі ўнёсак зрабілі і іншыя народы (татары, габрэі, рускія і інш.). Мы жылі ў дзяржаве, дзе дзейнічалі прынцыпы верацярпімасці і павагі да мясцовых звычаяў і традыцыяў (прыгадаем словы Гедыміна: «Не рушыць старыны, не ўводзіць навіны»). Акрамя этнічнага фактару быў яшчэ рэлігійны. Каб захаваць мір, нашы продкі выпрацавалі адметны вопыт сужыцця, талерантнасці і ўзаемнай павагі. Хаця было ўсё ў гісторыі, але не было такіх крывавых канфліктаў, як «Варфаламееўская ноч». Фізічную разню ўчынялі толькі чужынцы-заваёўнікі (прыгадаем, напрыклад, «трубяцкую разню» ці генацыд нацыстаў на акупаванай тэрыторыі). Так, на традыцыях міралюбства і талерантнасці трымаецца наш народ і цяпер. Нават не спяшаемся адстойваць сваё, каб не пакрыўдзіць іншых.
Трэба адзначыць, што наш народ не заваёўнік, амаль ніколі ён ні на каго не нападаў, нікога не заваёўваў. Больш за тое, сам вымушаны быў пастаянна змагацца за сваю свабоду і незалежнасць. Чаго была вартая толькі бесперапынная барацьба з татарамі і крыжакамі, пазней маскоўцамі і інш. заваёўнікамі. Гэта ж якія былі патрэбныя стагоддзямі намаганні, каб стрымаць 300-гадовую агрэсію з усходу. Лівонская вайна, «Крывавы патоп» ХⅤІІ ст., Паўночная вайна… Падзелы канца ХⅤІІІ ст. Затым тры паўстанні (кожнае новае пакаленне), дзве сусветныя вайны… І выжылі ж. А дзякуючы каму і чаму?
І вось тут я далей узгадваю НАШУ ГІСТОРЫЮ — як летапіс змагання за існаванне, разбурэнняў і адраджэнняў, вялікай стваральнай працы, расчараванняў і надзей…
Прынагодна задаешся пытаннем: «Хто, ці што рухае гісторыю? Хто, ці што адстойвае незалежнасць, стварае і аднаўляе?» Канечне ж, — НАРОД. Сваёй стваральнай працай, потам і крывёю. (Нездарма наш народ у сваім характары працаўнік і гаспадарнік!). Народ змагаўся на палях баёў, у сечах. Змагаўся на палях, засеяных касцямі нашых продкаў. Але ж і на палях узаранай зямелькі (бо сваім мазалём кармілі сябе і ўсё стваралі). Нашы продкі ведалі кошт працы. І гэта наш народ!
Гэта той жа самы народ, які са свайго асяроддзя ўвесь час нараджаў волатаў, якія пісалі кнігі і вадзілі палкі ў паходы (баранілі зямельку), якія ўзводзілі цэрквы і замкі, рабілі навуковыя адкрыцці і адкрывалі новыя землі і гарызонты.
Таму самым галоўным багаццем сталі і з’яўляюцца АСОБЫ. Асветнікі і мысляры, палкаводцы і князі, рэлігійныя дзеячы і пісьменнікі, палітыкі і вучоныя-вынаходнікі. Вось чаму гэтая кніга багатая на асобы ва ўсіх магчымых галінах.
І тут важна сказаць пра своеасаблівы саюз народу і асоб, саюз народу і створаных ім дзяржаў (Полацкая, Тураўская і Смаленская землі, Вялікае Княства Літоўскае, у нечым Рэч Паспалітая, БНР, Рэспубліка Беларусь). І пакуль быў гэты саюз, пакуль былі ў нас дзяржавы, а народ спавядаў сваю веру, размаўляў на сваёй мове і быў сам сабе гаспадаром на сваёй зямлі, мы жылі годна, жылі не горш за іншых, маглі бараніцца і адраджацца, ствараць… Будзем жа ганарыцца і сваімі дзяржавамі! Хаця і з некаторымі агаворкамі. Напрыклад, на Рэспубліку Беларусь, пакуль толькі надзеі, яе трэба яшчэ напоўніць нацыянальным зместам…
Тут нашы продкі ўмелі дамаўляцца. Над імі ніколі не было сваёй дэспатычнай улады, а самі яны маглі ўдзельнічаць у кіраванні дзяржавай (часы вечавой дэмакратыі), самакіравання (сялянскія сходы і самакіраванне гарадоў).
Так, мы мелі веліч! Але калі ж пачалі яе страчваць? Перакананы: гэта тады, калі сталі ісці на саюзы і кампрамісы (на наш погляд, пачатак гэтаму паклала Крэўская ўнія 1385 г.), пераймаць чужыя ўзоры жыцця і культуры. Але пры гэтым працягвалі абагачаць сваю культуру і вопыт, ствараць і адкрываць, будаваць і разбураць. Калі наша эліта стала пераходзіць ва ўлонне суседзяў альбо знішчалася. Калі раней нашы замкі і творы знішчаліся ў віхуры войнаў, то ўжо са стратай сваёй дзяржавы сталі знішчацца чужынскай уладай. Прыгадаем, напрыклад, загад цара знішчыць Менскую ратушу ці Старажытны Берасце, альбо знішчэнне помнікаў архітэктуры — той жа Фары Вітаўта ці Віцебскай царквы ХІІ ст. пры бальшавіках-камуністах, якія наогул хацелі стварыць новага чалавека, зляпіць новую паслухмяную і безаблічную супольнасць, гэтак званы «савецкі народ». Я ўжо не кажу пра фізічнае вынішчэнне, а таксама духоўны генацыд і русіфікацыю. Калі глядзіш, хто праславіў наш народ, напрыклад, у часы адраджэння і беларусізацыі пачатку 20-х гг. ХХ ст., то бачыш тых жа самых людзей, якія невыпадкова трапілі пад каток савецкай улады. Але разам з дзяржаўнымі і культурнымі дзеячамі ў шматлікіх курапатах ляжаць і простыя беларусы: рабочыя і сяляне… У выніку ўсяго сярод людзей пасяліўся страх, паступова наш народ ператварыўся ў насельніцтва. Добра вядома, што для паўнацэннага культурна-нацыянальнага жыцця патрэбна нарошчваць «культурны слой» з пакалення ў пакаленне (гэта, як той жа гумус), узбагачаючы яго новымі справамі, асобамі, традыцыямі, узгадоўваць і ўзмацняць эліту.А калі яго рэгулярна знішчаць?!
Нягледзячы ні на што, у самыя неспрыяльныя часы ў нас было шмат людзей, якія стваралі, адкрывалі і ўчынялі шмат карыснага для людзей, культуры, чалавецтва. Не маючы магчымасці служыць сваёй дзяржаве, многія нашы дзеячы былі расцярушаны па свеце, падсілкаваўшы іншыя краіны і дзяржавы. Гэта палітыкі (нават кіраўнікі іншых дзяржаў, той жа Ю. Пілсудскі) вучоныя, палкаводцы, пісьменнікі. Прыгадаем хаця б Ігната Дамейку ці Барыса Кіта. Але куды б нашы людзі не трапілі, і там захоўвалі сваю нацыянальную спадчыну, мову і традыцыі, рабілі і робяць вялікі ўнёсак у захаванне беларускай спадчыны ў свеце. І тут патрэбна цяпер падтрымка, перш за ўсё, нашай дзяржавы, якая павінна стаць цэнтрам прыцягнення ўсіх беларусаў свету, якія жадаюць служыць сваёй гістарычнай радзіме.
Мы шмат далі ў навуцы, культуры іншым народам. Служылі ў арміях розных дзяржаў, часта змагаючыся супраць адзін аднаго. Цікавы беларускі феномен: роля жанчын у гісторыі, культуры. Прыгадаем хаця б гордую Рагнеду (якая паўстала за свой гонар і годнасць і гонар і годнасць сваёй Радзімы), Еўфрасінню Полацкую, Настассю Слуцкую, Уршулю Радзівіл, Соф’ю Кавалеўскую, Алаізу Пашкевіч. Як адзначае аўтар, беларусы вельмі часта былі шмат у чым першымі. Наш народ стварыў сваю цывілізацыю, вялікія традыцыі самакіравання, гарадоў, права. І нават, воляю лёсу, страціўшы сваю нацыянальную эліту і нацыянальную дзяржаўнасць, стаўшы сялянскай нацыяй, захаваў самае галоўнае — сваю мову, багатую культурную спадчыну, фальклор, традыцыю. І, нягледзячы на край неспрыяльныя ўмовы, знайшоў у сябе сілы для адраджэння ў ХХ ст. І ў змаганні за права мець свой дом, нягледзячы на пастаяннае вынішчэнне культурнага поля і нацыянальнай эліты ў ХІХ — ХХ стст., адрадзілі ў ХХ ст. сваю дзяржаўнасць. Пра ўвесь шлях, які прайшоў наш народ, на гэтым шляху і апавядаюць раздзелы гэтай кнігі.
Паглядзім навокал: нягледзячы на вялікія страты, на тое, што мы пакуль мала ведаем, ці не ведаем сваю спадчыну, гісторыю, свой гонар, нам ёсць кім і чым ганарыцца. Наша нядаўняе і цяпершчына стварылі такіх волатаў, як Уладзімір Караткевіч і Алесь Адамовіч, Мікола Ермаловіч і Васіль Быкаў, Зянон Пазьняк і Івонка Сурвіла. А колькі сучаснікаў, вынікі дзейнасці якіх будуць па-належнаму ацэнены на адлегласці часу……Гэта кніга павінна стаць настольнай для кожнага беларуса. Па вялікім рахунку, яна павінна быць запатрабавана ў сям’і: бацькі, прачытаўшы яе самі, павінны чытаць сваім дзеткам, распавядаючы пра тое, хто мы, адкуль, што ў нас ёсць, якія прыродныя багацці і спадчына.
Выданне можа стаць своеасаблівым евангеллем сапраўднага беларуса. Да якога раз за разам звяртаешся, каб суаднесці свае думкі і пачуцці з продкамі, роднай зямлёй, з тымі каштоўнасцямі, якія напаўняюць свядомасць «шараговага» беларуса. Гэта: зямля і прырода, мова, гісторыя, народныя звычаі і традыцыі, яго характар, а таксама наша дзяржаўнасць і сімвалы — усё, што мы павінны любіць і шанаваць, чым павінны ганарыцца.
Чытаючы кнігу, уяўляеш вялікія галерэі асоб, помнікаў і падзей. Часцей, гэта падзеі, якія шануюцца ці павінны шанавацца ўсімі беларусамі. Але яшчэ для кожнага з нас павінны быць асобы, да якіх мецьма любоў у сваім родзе і сваёй сям’і. Гэта нашы дзяды-прашчуры, канкрэтныя паданні пра тое, як ім жылося і як яны праявілі сябе ў мінулых гістарычных варунках. Гісторыя і спадчына простага чалавека, якая хаваецца за нашымі пагоркамі, рэчкамі і балотамі. І тут кожнага з нас чакаюць яшчэ вялікія (прыемныя і непрыемныя) адкрыцці. Бо гісторыя пачынаецца з роду і сям’і…
Яшчэ адным аб’ектам, на каго скіравана кніга, на маю думку, замежнік. Гэта наша візітка ў свеце. Яна можа быць дапаможнікам для вандроўнікаў-турыстаў, палітыкаў і простых людзей, каб лепей спазнаць нашу краіну, яе людзей і спадчыну. Яе смела могуць дарыць беларусы сваім сябрам, знаёмцам, творчым таварышам і партнёрам ва ўсім свеце.
І цяпер, маючы амаль 30 год жыцця ў суверэннай дзяржаве, маем вялікі шанец на будучыню. 30 год! За 30 год не адзін беларус не загінуў па волі дзяржавы за яе межамі! Новае, адно пакаленне, ужо народжанае пры незалежнасці. Амаль 80 год без вайны! І хаця ёсць шмат пытанняў, пра што казалася ў пачатку. Калі побач стаяць помнікі Сувораву і Касцюшку, многія вуліцы працягваюць быць «савецкімі» і «леніна»… Калі ў нас ёсць прэтэнзіі да беларуса, абыякавага да сваёй мовы, гісторыі і спадчыны (некаторыя нават гавораць пра «страчанае пакаленне» моладзі…).
У нас цяпер ёсць унікальны (і, магчыма, апошні) шанец; трэба спыніцца, аддыхацца, азірнуцца на тое, што было і людзей, якія стваралі нашу краіну раней, нашу гераічную і трагічную гісторыю. Вызначыць сваё месца ў гэтым жыцці і свеце, месца нашых продкаў у гісторыі і перспектывы нашых дзяцей і ўнукаў.
Заслуга аўтара гэтай кнігі ў тым, што яму удалося знайсці, сабраць разам і абагульніць, падсумаваць усебаковую інфармацыю аб нашай спадчыне і галоўным багаццем — АСОБАЎ з усіх магчымых галін жыцця і дзейнасці. Такую інфармацыю мы не зможам знайсці разам нават у шматтомных падрабязных энцыклапедыях, якія рыхтуюць вялікія калектывы аўтараў ці нават цэлыя інстытуты.
Усё, што ёсць у кнізе, прайшло праз сэрца і душу аўтара, а таму я ўсцешаны, што яго штодзённыя радасныя адкрыцці, з якімі ён дзяліўся са мной у час работы над кнігай, сталі набыткам усіх беларусаў і ўсіх тых, хто любіць і адкрывае для сябе нашу краіну за мяжой.
Таму без перабольшвання можам сказаць: гэта кніга павінна быць у кожнай бібліятэцы, кожнай школе, у кожнай сям’і. І з цягам часу яна будзе запатрабаваная беларусамі.
І калі і ёсць якія хібы, даруем аўтару. Бо ён зрабіў для нас вялікую справу — пералапаціўшы вялізны аб’ём інфармацыі, адкрыў нам усім занава Беларусь! А фактычна прыадкрыў яе як вяршыню айсбергу. І гэтая кніга — толькі пачатак адкрыццяў. З цягам часу, калі будуць адкрытыя архівы, калі многія дакументы, расцярушаныя па архівах і бібліятэках свету, будуць знойдзены, вывучаныя, мы пераканаемся ў тым, што багаты БЕЛАРУСКІ СВЕТ сапраўды бяздонны. Мо тады будуць створаны шматтомныя энцыклапедыі і даследаванні, як па нашай агульнай гісторыі і спадчыне (а ў многіх краінах яны налічваюць сотні тамоў, узяць, хаця б палякаў, чэхаў, англічан ці японцаў). Мо будуць створаны хронікі і даследаванні па гісторыі кожнага гораду, нашых вёсачак, кожнай сям’і і роду… У гэтым павінны быць зацікаўлены як кожны беларус, так і наша дзяржава.
Гэтая кніга — таксама пачатак спазнання і пошукаў сябе і Беларусі для кожнага неабыякавага беларуса.Думаем, што гэтая кніга дапаможа беларусу задумацца. І нашы людзі пачнуць думаць і працаваць над сабой, узяўшы адказнасць за свой лёс і сваю будучыню. Дзеля сваіх дзяцей, унукаў і праўнукаў… Прыйшоў час дзейнічаць!
Вялікай удачай выдання стала высокая паліграфічная якасць, а таксама прыгожае і густоўнае мастацкае афармленне (вокладка, фарзацы, 24 старонкі каляровай уклейкі). Усё радуе чытача.