Ці стане ў Беларусі паэт «больш чым паэтам»?
Саюз беларускіх пісьменнікаў, з’езд якога праходзіць у 4 сакавіка ў мінскім Палацы Мастацтваў, павінен граць большую ролю ў грамадскім жыцці краіны. Прынамсі, так лічаць некаторыя дэлегаты з’езду. Але ці ўдасца гэта зрабіць «па-за палітыкай»?
Гэтае мерапрыемства — з’езд СБП, — можна сапраўды назваць зборам «цвету нацыі». Не дзіва — у шэрагах гэтага аб’яднання былі Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Васіль Быкаў, Генадзь Бураўкін. Застаюцца яго сябрамі лаўрэат Нобелеўскай прэміі Святлана Алексіевіч, зоркі беларускага мастацкага слова: Уладзімір Някляеў, Алесь Разанаў, Уладзімір Арлоў, Віктар Марціновіч і шмат іншых — усіх не пералічыш. Падавалася б, такое «зорнае» мерапрыемства ў любой дзяржаве выклікала б ажыятаж у дзяржаўнага чынавенства (прынамсі, адказнага за культурніцкую палітыку) і сродкаў масавай інфармацыі.
Спрыяў такому збору, дарэчы, статут Саюзу: дэлегаты на з’езд не вылучаюцца па нейкіх квотах, і кожны сябра-пісьменнік можа ўзяць у ім удзел. З’езд лічыцца паўнамоцным, калі 50%+1 сяброў СБП прыйшлі ў ім паўдзельнічаць. Усяго у СБП 470 сябраў, на з’езд прыйшоў 251 чалавек (прынамсі, так было зарэгістравана на пачатку мерапрыемства). І гэта яскрава паказвае: СБП — не «мёртвая» структура.
Між тым, уладныя
чыноўнікі (прынамсі тыя, якія павінны апекавацца культурай) гэты пачэсны сход чамусьці
праігнаравалі. Не прыйшлі запрошаныя прадстаўнікі Міністэрства культуры,
Міністэрства інфармацыі. Калі лічыць «прадстаўніком улады» дэпутатку парламента
і намесніцу старшыні Таварыства беларускай мовы Алену Анісім, — то была «ад улады»
толькі яна. Не было ў залі Палацу Мастацтваў камер дзяржаўных тэлеканалаў. І,
дарэчы, мы так і не пачулі адказу ад таго ж Міністэрства культуры, ці ўключана
гэтая, безумоўна аўтарытэтная пісьменніцкая арганізацыя, у пералік творчых
саюзаў.
Не дзіва, што ў такіх варунках размова на з’ездзе ў асноўным ішла не пра персаналіі. На любым падобным мерапрыемстве галоўная інтрыга заключаецца ў тым, каго абяруць старшынёй арганізацыі на наступны тэрмін. Але не гэтым разам — пісьменнікі вырашалі, у якім рэчышчы ім рухацца далей увогуле.
Частка дэлегатаў, відавочна абураная такой «увагай» з боку ўлады, была за «радыкалізацыю» СБП. Уладзімір Някляеў, безумоўна, аўтарытэт сярод пісьменнікаў, нават выказаў незадаволенасць праектам выніковых дакументаў з’езду, якія былі прапанаваныя дэлегатам.
Яшчэ перад пачаткам з’езду Уладзімір Пракопавіч у размове з «НЧ» заўважыў, што СБП у адносінах з уладай занадта мяккі, усё чагосьці ад яе чакае, на нешта спадзяецца, у той час, як улада звяла пісьменніцкі саюз «да ўзроўню дармаедаў» (відавочна, ён меў на ўвазе неўключэнне СБП у пералік творчых саюзаў, — сябры ўсіх такіх саюзаў, якія не трапілі ў спіс Мінкульта, павінны плаціць «дармаедскі збор»). Па яго словах, Саюз павінен заняць больш уцямную пазіцыію па ўсіх пытаннях: па пытаннях беларускай мовы і культуры, па пытаннях абароны незалежнасці краіны, яе ідэнтычнасці. І, нарэшце, дамагацца вяртання сваёй, адабранай уладамі, уласнасці — Дому літаратараў у Мінску. То бок, выказаць жорсткую і палітычную пазіцыю.
Тое самае спадар Някляеў адзначыў, вітаючы сябраў-пісьменнікаў ад імя дэмакратычнай апазіцыі. «Я зірнуў зараз у рэзалюцыю нашага з’езду, і скажу вам, што я не ўсцешыўся з гэтай рэзалюцыі. «Мы канстатуем, мы адзначаем, мы выказваем, мы падкрэсліваем, заклікаем, запаўняем» і гэтак далей. Ніводнага слова «патрабуем». Безумоўна, місія пісьменніка, яго прызначэнне ў гэтым свеце — пісаць. Але ў часы, калі перад Беларуссю стаіць пытанне, быць ці не быць, СБП — найстарэйшая творчая арганізацыя краіны — павінен заявіць уцямна і цвёрда сваю грамадзянскую пазіцыю. Над намі твораць здзек. Нас то не прызнаюць творчай арганізацыяй, то патрабуюць даказаць, што Вярцінскі, Казько, Разанаў, — пісьменнікі», — у прыватнасці заўважыў Някляеў.
«Мы патрабуем вярнуць зрабаваную маёмасць — вось што павінна быць напісана тут, — меў на ўвазе рэзалюцыю Някляеў. — Каб мы яе зрабілі цэнтрам беларушчыны, дзе б акумулявалі сілы і пашыралі дзеянне гэтых сіл на Беларусь. І калі ўжо ўлада, рэжым пачаў нешта гаварыць пра беларускасць, пра беларускую гісторыю, дык нам мала слоў. Зрабіце дзеянне, крок. Вярніце тое, што ў нас забралі. Дайце нам доступ да тэлебачання, да радыё, да сродкаў масавай інфармацыі. Мы патрабуем роўных умоў у дзяржаўных выдавецтвах, — вось што тут павінна быць напісана», — заклікаў дэлегатаў Някляеў.
І пры гэтым адзначыў, што не трэба палохацца азначэння «палітыка». «Колькі разоў я пра гэта казаў, і чуў у адказ: «Уладзімір Пракопавіч, вы ўцягваеце нас у палітыку». Слухайце, сёння — усё палітыка. Куды ні ўступі — ці ў гэта ўступіш, ці ў палітыку. І рабіць выгляд, што гэта не так, што гэтага не існуе, неяк увесь час падлашчвацца пад уладу, пад рэжым — гэта абсалютна няправільная пазіцыя», — рэзаў з трыбуны Някляеў.
Някляеў у гэтым быў, відавочна, не адзіны. Напрыклад, Уладзімір Арлоў напачатку з’езду сказаў «НЧ», што таксама чакае ад СБП пазіцыі. «Я чакаю, што з’езд выкажацца не толькі па літаратурных пытаннях, але і прыме заяву ў падтрымку нашай незалежнасці, чакаю, што будзе высокі ўзровень размовы пра нашы літаратурныя справы, і ўвогуле культурную сітуацыю ў нашай дзяржаве, дзе цяпер назіраецца той перыяд, калі змагаюцца розныя тэндэнцыі. З аднаго боку, ідзе гаворка пра «мяккую беларусізацыю, з другога боку, ставяцца помнікі гарадавым, як гэта адбылося літаральна днямі — тым, каго Антон Чэхаў называў «держимордами». І на адкрыцці гэтага помніка прысутнічае міністр культуры», — зазначыў Арлоў.
Спадар Арлоў прыгадаў акадэміка Вернадскага, які казаў, што ў складаныя і пераломныя для грамадства і краіны эпохі чалавек навукі і творца не мае права хавацца ў сваім кабінеце, адседжвацца за сваім пісьмовым сталом, бо гэта будзе шкодзіць яму не толькі як грамадзяніну, але і як навукоўцу і творцу.
Гэта, адзначыў спадар Арлоў, усведамляюць большасць яго калег. Невыпадкова, адзначыў ён, СБП «трапіў у спіс падазроных, дармаедскіх саюзаў». «Я думаю, што ў тых умовах, у якіх мы жывем, трапленне ў такі спіс азначае высокую ацэнку працы», — зазначыў знакаміты пісьменнік.
Тым не менш, з трыбуны з’езду гучалі і іншыя думкі. Старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў, вітаючы з’езд, адзначыў, што саюзу пісьменнікаў «не варта ператварацца ў нейкую палітычную арганізацыю ці партыю — слава богу, у нас іх больш дзесяці ў нашай краіне, а рабіць штодзённую працу па нашай нацыянальнай адукацыі людзей. Кніга Арлова, напрыклад, часам лепей, чым дваццаць дэманстрацый і трыццаць мітынгаў». Кожны з нас павінен займацца сваёй справай», — дадаў Трусаў.
Канешне, дзіўна чуць гэта ад чалавека, які балатаваўся ў Палату прадстаўнікоў і здолеў праціснуць у парламент Алену Анісім, які ў свой час абвяшчаў тую ж Анісім кандыдатам на пасаду прэзідэнта — ну куды ўжо больш палітыкі? Але тым не менш.
Хто б не стаў у выніку старшынём СБП — яму будзе складана. Складанасць у тым, як знайсці сярэдзіну паміж «творчым саюзам», СБП як арганізацыяй, і грамадскай пазіцыяй яго сябраў. З аднаго боку ж, сапраўды, справа пісьменніка — у творчым адлюстраванні рэчаіснасці. Але вядома нават са школьнага курсу фізікі, што «прыбор», якім ёсць пісьменнік у адлюстраванні той самай рэчаіснасці, непазбежна ўплывае на вынік «эксперыменту», — то бок, на тую самую рэчаіснасць. Пісьменнік не можа пісаць, будучы «выключаным» з тых працэсаў, якія адбываюцца ў грамадстве.
Куды пойдзе СБП — у бок «радыкалізацыі», альбо застанецца больш «памяркоўным», — залежыць нават не ад асобы яго старшыні, а ад таго, як будуць дзейнічаць сябры арганізацыі. Відавочна ж, што стаўленне ўлады да СБП вызначалася не пазіцыяй Барыса Пятровіча (Сачанкі), які быў старшынём мінулую кадэнцыю, а тым, што ў шэрагах саюзу — нялюбыя ўладзе Алексіевіч, Арлоў і Някляеў.
А таму, у прынцыпе, СБП няма чаго губляць. Можа быць, асэнсаваннем гэтага і абумоўленая «радыкалізацыя» часткі пісьменніцкай арганізацыі.