«Беларушчына, урэшце, стала зорным небам». Тэкст, які ўздыме вам настрой
«Цяпер ты ўжо не глядзіш на сям’ю з беларускамоўнымі дзецьмі — з нейкім сакральным жахам. Нібы тыя дзеці былі зачатыя ў ненатуральны містычны спосаб. Гэта норма», — піша Алесь Кіркевіч на «Будзьме».
Сяргей Дубавец нядаўна назваў сваё пакаленне апошінм, якое магло прачытаць усё, напісанае па-беларуску. Літаральна ўсё: паэмы, казкі, раманы, навуковыя працы, нават перыёдыку. Зараз беларускага кантэнту настолькі шмат, што не здолееш. Як ні круціся.
Гэта цікавая тэза, бо яе аўтар асэнсаваў рубікон. Там, раней — наш Стары Запавет. Доўгі шлях праз пустыню, дзе беларушчыны ўвесь час «застаецца на тры дні». Бо ўсяго нашага мала, яно ў дэфіцыце. Таму, калі варышся ва ўсім гэтым, ты не толькі можаш прачытаць ільвіную долю ўсяго напісанага па-беларуску, але і... ведаеш тых, хто гэта напісаў. Бо яны ўсе валакуцца паўз тую пустыню недзе побач з табой.
Для параўнання. Гадоў 20 таму, калі ты актыўны персанаж і круцішся пры партыях/саюзах/арганізацыях, то ты і фізічна мог ведаць большасць беларускамоўнага актыву ў краіне. Усіх тых, хто прынцыпова размаўляе па-беларуску. У цэлай 10-мільённай Беларусі! То бок, нейкая злая сіла ў тэорыі магла б пасадзіць усіх прынцыповых беларускамоўных беларусаў на адзін крэйсер і адправіць у акіян куды падалей. Ці — затапіць. Цяжка паверыць, праўда?
А гэты час сапраўды мінуў. Гэта — гісторыя. Як яно было?
«Падпішыце на нашу газету... ... бо яна па-беларуску, падтрымайце!» І ты падпісваешся, бо калі не падпісваешся — газеты не будзе. Хоць яна, тая газета, з дрэннай вёрсткай, нецікавая, ніякая. Але па-беларуску. Значыць, трэба.
«Прыходзьце на нашу імпрэзу, бо прыедзе паэт і бард... ...» І ты прыходзіш. Не таму, што паэт і бард нейкі цікавы, а табе падабаецца яго творчасць (на жаль, гэтую творчасць ты ведаеш: вымушаны ведаць). Але па-беларуску. Значыць, трэба.
«Вось гэты чалавек зараз без грошай і жытла, але свой, беларускамоўны, дык... ...» Куды падзецца? Хоць чалавек табе ані разу не падабаецца і свае праблемы ён зрабіў сабе сам. Свой жа. Значыць, трэба.
І вось з гэтага «трэба», са святога абавязку, беларушчына і складалася. Калі кожнае цыдулка, напісаная па-беларуску, кожнае слова, пачутае па-беларуску выпадкова ў аўтобусе — каштоўнае. Бо яно грэе. Дае надзею, што не ўсё яшчэ страчана. Не дарма. Я не адзін. Вуголле яшчэ не выстыгла, значыць — агонь некалі можна будзе раздзьмуць.
Усё гэта, канешне, нагадвала сектанства...
Дарэчы, «сектанства» — не заўжды негатыўная характарыстыка. Першыя хрысціяне таксама былі сектай. І дысідэнты ў СССР былі сектай. А габрэі дык наогул апошнія пару тысяч год толькі так і жылі.
Бо сектанства — гэта пра супольнасць у неспрыяльных умовах. Калі нас і ўсяго нашага мала. А чужога — шмат. Зашмат, нават. І яно — чужое — агрэсіўнае. То бок, сектанства — гэта фармат «зімоўкі» для пэўнай супольнасці. Чаканне вясны. З разуменнем, што дачакаюцца не ўсе.
Ці трэба казаць пра адваротныя бакі сектанства: фанатызм, некрытычны погляд на рэальнасць, агрэсія з пераходам у дэпрэсію і наадварот, неўрозы праз немагчымасць змяніць свет?.. Гэта і так вядома.
А што цяпер?
Цяпер ты ўжо не глядзіш на сям’ю з беларускамоўнымі дзецьмі — з нейкім сакральным жахам. Нібы тыя дзеці былі зачатыя ў ненатуральны містычны спосаб. Гэта норма. Наўпрост, бацькі так захацелі. Зараз ты маеш раскошу выбару культурнага беларускага прадукту. Права наўпрост не ведаць тое, што «не тваё». Гурты, песні, кнігі, кліпы... Бо песні па-беларуску не псальмы, а кнігі — не святыя пісанні. «Я не ведаю, я не глядзеў, не чытаў, не слухаў» — тут няма чаго саромецца, гэта норма. Бо я так хачу.
Цяпер ты ўжо не купляеш цішотку з «Пагоняй», бо... хто калі не ты? Наадварот: ты нават не звяртаеш увагу на людзей у такіх цішотках, з нацыянальнымі тату ці з бела-чырвона-белымі аватаркамі. Ты іх не ведаеш і зусім не абавязаны ведаць. Як і яны цябе. Бо гэта таксама — нашае «хачу».
У гэтай перамозе «хачу» над «трэба» і ёсць пераход з секты ў нейкі іншы стан. Так, магчыма, яшчэ далёка да нормы. Наперадзе шмат працы. Ды і нацыянальная дзяржава, якая, уласна, афармляе секту ў нацыю (так было і ў Ізраілі, і ў Літве, і ў Чэхіі — паўсюдна) — застаецца найважнейшай і самай складанай задачай.
Але мы бачым на свае вочы гэтае сталенне. Нават у эміграцыі, выгнаныя са свайго Дому, са сваімі праблемамі і цмянай візіяй будучыні.
Беларушчына, урэшце, стала зорным небам. І калі гасне адна зорка, нават твая ўласная зорка, само неба не знікае. І не перастае ззяць.
Хаця б тут можна з палёгкай выдыхнуць.