Беларусы Канады ўшанавалі памяць герояў Случчыны
Слуцкі Збройны Чын — спроба ўзброенай абароны незалежнасці Беларусі ў раёне Слуцку ў лістападзе і снежні 1920 года. Альбо, "кажучы строгаю палітычнаю моваю, тое сталася ваенным канфліктам паміж Беларускай Народнай Рэспублікай і РСФСР".
Сёлета ўсе галоўныя грамадска-палітычныя мерапрыемствы, што ладзіць Згуртаванне Беларусаў Канады, праходзяць па знакам 100-годдзя Беларускае Народнае Рэспублікі. Таму і ўрачысты Сход Беларускае грамадскасці Канады з нагоды 98-х угодкаў Слуцкага Збройнага Чыну, праведзены 25 лістапада ў Беларускім Грамадска-Рэлігійным Цэнтры трохмільённага Таронта — сталіцы найбуйнейшае канадскае правінцыі Антарыё, стаўся працягам галоўнага свята беларускага народу.
Распачынаючы святочную імпрэзу старшыня Галоўнай Управы Згуртавання Беларусаў Канады Алёна Лявончанка зазначыла, што здзейсненае беларусамі Случчыны ёсць прыкладам адданасці Бацькаўшчыне, гатоўнасці ахвяравацца самым каштоўным — сваім жыццём дзеля абароны роднае зямлі, сваёй свабоды ад чужынскае навалы.
Сябра Рады Парахвіі Св. Кірылы Тураўскага БАПЦ Ірына Аксёнава зачытала святочнае прывітанне Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілла. У ім у прыватнасці адзначалася, што сёлетні год — юбілейны для беларускай дзяржаўнасці. Але бачна, як на фоне суседніх з намі краінаў, што таксама святкуюць стагоддзе сваёй незалежнасці, рэжым у Беларусі фактычна праігнараваў гэтую найважнейшую дату.
Адначасова з гэтым для ўсіх відавочнай стала ўсё большая небяспека, якую прадстаўляе агрэсіўная Пуцінская Расія. Рада БНР папярэджвала пра гэтую небяспеку шмат гадоў. Але не ўсе хочуць яе чуць. Маскоўскае прамыванне мазгоў выконвае сваю зларадную працу. У сваім лісце Спадарыня Івонка Сурвілла папрасіла кожнага з суродзічаў прыпомніць сёння гераізм нашых яшчэ недалёкіх продкаў і выказаць ім за іх яскравы чын. Яны паказалі ўсім нам, як трэба цаніць сваю зямлю.
Алесь Кот зачытаў Сімвалічны ліст Нацыянальных Герояў, зазначыўшы, што такая традыцыя ўганаравання змагароў за Бацькаўшчыну, за Беларушчыну ў кожны лістападаўскі Дзень Герояў жыве на эміграцыі з самага пачатку існавання на чужыне Беларускіх арганізацыяў.
Напачатку расповеду пра падзеі амаль 100-гадовае даўніны Алесь Кот звярнуў увагу, што Слуцкі Збройны Чын з’явіўся спробаю ўзброенай абароны незалежнасці Беларусі ў раёне Слуцку ў лістападзе і снежні 1920 года, калі цягам месяцу беларускія вайсковыя аддзелы, сфармаваныя пераважна з мясцовых сялянаў, аказвалі супраціў наступаўшым аддзелам войска бальшавіцкай Расіі — альбо, кажучы строгаю палітычнаю моваю, тое сталася ваенным канфліктам паміж Беларускай Народнай Рэспублікай і РСФСР.
Надалей прамоўца прасачыў сувязь падзеяў 1918 года ад абвяшчэння БНР да народнага выбуху ў цэнтры Беларусі на Случчыне напрыканцы 1920 года, прадэманстраваўшы на фактах, дакументах адзінства стратэгічных мэтаў Рады БНР і мэтаў Рады Случчыны, адзінства памкненняў беларускага народу, дэлегаваўшага сваіх прадстаўнікоў на Першы Усебеларускі З’езд у снежні 1918 году, і памкненняў случчакоў, вылучыўшых на свой з’езд прадстаўнікоў зямлі, на якой яны жылі і якую мелі абараняць.
У прыватнасці сталіся агучанымі пэўныя тэзы Рэзалюцыі З’езду Случчыны. А менавіта, што ''...Першы Беларускі Зьезд Случчыны, скліканы ў лічбе 107 дэлегатаў, вітае Раду Беларускай Народнай Рэспублікі і сьведчыць, што ўсе свае сілы аддасьць на адбудову Сваёй Бацькаўшчыны. Зьезд катэгорычна пратэстуе проці акупацыі родных зямель чужацкімі наездамі і проці самазванай Савецкай улады, як урад Кнорына і іншыя, якія паўтвараліся на Беларусі. Бацькаўшчына наша зруйнавана чужынцамі, якія нішчаць яе і да гэтуль, і мы, аддаючы справе адбудованьня нашай Бацькаўшчыны ўсе нашы сілы і жыцьця, зьвяртаемся да ўсяго сьвету і Саюзу Народаў аб дапамозе ў стварэнні нашай вайсковай сілы… Няхай жыве вольная, незалежная, дэмакратычная Беларуская Народная Рэспубліка ў яе этнаграфічных граніцах!''
Пасля кароткага экскурсу ў ваенныя падзеі падчас узброенага супрацьстаяння паўстанцаў і аддзелаў Чырвонае арміі Расіі таксама былі сказаныя колькі словаў пра лёс удзельнікаў паўстання пасля ягонага задушэння, калі са Случчыны з’ехалі каля 15 тысяч чалавек. Напачатку афіцэраў і стральцоў інтэрніравалі ў Беласток, дзе яны знаходзіліся да красавіка 1921-га, а потым іх перавезлі ў Дарагуск пад Бугам, дзе ўтрымлівалі да канца траўня 1921 года.
Тых, хто вярнуўся дахаты, на Случчыну, ГПУ-НКУС спачатку не чапала, вычэкваючы, што да іх далучацца астатнія ўдзельнікі паўстання. Аднак праз якіхсьці 7–8 месяцаў іх арыштавалі, судзілі і выслалі ў Караганду, Салаўкі, на Калыму, дзе яны і памерлі.
З афіцэраў так загінулі падпалкоўнік Ахрэм Гаўрыловіч і паручнік Багушэвіч. Капітан Анастас Анцыповіч і Самусевіч былі неафіцыйна выданы палякамі бальшавікам і пасля здзекаў і катаванняў расстраляныя. Паручнік Бранявіцкі забіты падасланымі ў Польшчу агентамі НКУС. Паручнік Нікадзім Кернажыцкі і Тодар Янушэнка арыштаваны НКУС і сасланыя ў Сібір на цяжкія прымусовыя работы ў 1939 годзе. Прапаршчык Рудзік расстраляны ў 1940 годзе. Сябра Рады Юліян Сасноўскі не вытрымаўшы здзекаў з боку польскай адміністрацыі і скончыў жыццё самагубствам.
Старшыня Беларускага з’езду Случчыны Васіль Русак, стаўшы пазней выдатным прадпрымальнікам, падчас Другой сусветнае вайны выдаваў паштоўкі з Пагоняй, значкі, карты, якія вельмі добра разыходзіліся на тэрыторыі Беларусі і ў эміграцыі. У 1945 годзе яго, на той час ужо грамадзяніна Чэхаславакіі, СМЕРШ гвалтоўна вывез у Савецкі Саюз, дзе ён быў засуджаны на 10 год лагераў. Выбітны беларускі дзеяч у лагеры памёр 23 жніўня 1954 года.
Свой расповед Алесь Кот пра Слуцкі Збройны Чын скончыў словамі, што героі Случчыны — частка нашай вялікай змагарнай гісторыі, непакорнага народнага духу, і яна вечна будуць жыць з намі.
Удзельнікам сходу былі прадэманстраваныя серыя кнігаў пра Раду БНР аўтараў Лявона Юрэвіч і Наталлі Гардзіенка, выпускі першай у Паўночнай Амерыцы беларускае газеты ''Беларускі Эмігрант'', часопісу ''Зважай'' з артыкуламі па тэме Слуцкага Збройнага Чыну, іншыя выданні незалежнага беларускага друку.
Скончыліся ўрачыстасці агульным спяваньнем гімну БНР ''Мы выйдзем шчыльнымі радамі''.