Беларускія дызайнеры: Калі грамадства несвабоднае, то і мода не можа быць свабоднай
Адзенне — яркі складнік нашага вобразу, праз яго мы можам расказаць многае пра сябе і выказаць сваю пазіцыю. Менавіта таму пасля 2020 года беларусы сталі ствараць шмат класных рэчаў — каб падтрымаць беларускасць і выказаць пратэст.
2020 год змяніў Беларусь у многіх аспектах. На фоне бурных пратэстаў у свеце беларускай моды ўзнікла новая хваля крэатыву. Група дызайнераў скарысталася момантам, каб запусціць уласныя брэнды. Яны напоўненыя духам супраціву і надзеі. Дызайнеры і сёння працягваюць кідаць выклік цяжкасцям, выкарыстоўваюць сваё майстэрства, каб расказваць пра культурную самабытнасць, пераасэнсоўваючы беларускую моду ў час перамен.
«PALATNO» пагутарыла з некалькімі брэндамі, якія з’явіліся пасля 2020-га.
Znivien: «Беларускі мерч — гэта маркер»
Гісторыя брэнда пачалася ў 2021 годзе. Стваральнік Уладзімір жыў у Беларусі, займаўся арт-пратэстам. Ён захацеў стварыць цішоткі са сваім дызайнам, але гэта было небяспечна ў беларускіх умовах. Так Уладзімір звязаўся з сябрам Паўлам, які на той момант жыў у Польшчы. Яны разам прыдумалі назву брэнда «Жнівень» і пачалі прадаваць цішоткі.
— Першы дызайн — гэта чырвоны прастакутнік на белым фоне, а не «Make Belarus Zaebis Again», як многія думаюць. Першапачаткова мы нарадзіліся з пратэсту, мы — рэакцыя на тое, што адбываецца ў Беларусі, таму натхняюць нас відавочна людзі, якія ідуць супраць сістэмы, і не толькі ў Беларусі, — адзначае Уладзімір.
Праца над развіццём брэнда дагэтуль займае ўвесь вольны час заснавальнікаў. Паводле слоў Уладзіміра, кожны з тых, хто ўдзельнічае ў працы, укладае свой прафесіяналізм: продаж, маркетынг, вядзенне бізнесу і гэтак далей. Уладзімір удакладняе: «Калі казаць больш рамантычна і прыземлена, то ўкладваем і часцінку Беларусі».
Для заснавальніка «Жніўня» стандартная беларуская мода бачыцца ў будучыні такой, якой яна ёсць сёння. Галоўнае адрозненне — тэндэнцыя на нацыянальнае. Разам з тым, дызайнер падкрэслівае, што беларусам трэба абавязкова насіць яркія рэчы:
— Кожны беларус абавязаны мець у гардэробе яркую рэч. Гэта ружовая кепка, салатавыя штаны і нават якая-небудзь леапардавая куртка.
Нягледзячы ні на што, беларускія брэнды папулярныя за мяжой. Асноўныя кліенты «Жніўня» — маладыя беларусы ў эміграцыі. Паводле слоў стваральніка, брэнд расказвае не толькі пра адзенне, а яшчэ і пра самавыяўленне.
— У эміграцыі адчуваецца туга па доме. Тут беларускае — твая сувязь з родным краем, з тымі людзьмі, якія засталіся. Беларускі мерч — гэта маркер: «О, беларус!» Купляць беларускі мерч варта з дзвюх прычын: калі хочаш невялікую сувязь з радзімай і калі хочаш падтрымаць беларусаў.
Самая папулярная рэч сярод пакупнікоў — цішотка з надпісам «Make Belarus Zaebis Again». Спачатку гэта была толькі карцінка ў Instagram, а пасля яе вырашылі надрукаваць. Стваральнікі падкрэсліваюць, што сувязі з Дональдам Трампам у іх брэнда няма: «Мы яго не любім, нам ён не падабаецца, а яго вядомую фразу “make нешта чымсьці again” выкарысталі за лаканічнасць і простасць». Продажы цішоткі з гэтым надпісам складаюць 70% продажаў ад усіх астатніх прынтоў, кажуць стваральнікі.
У «Жніўня» ёсць шэраг ідэй наконт наступных адзінак адзення, магчымыя калабарацыі.
PRALIŬ: «Наша адзенне носяць не толькі беларусы, але і палякі, немцы, амерыканцы»
Гэты брэнд пачаўся з траіх чалавек — казахстанца Дзяніса, беларусаў Жоры і Паўла. Адзін са стваральнікаў брэнда, Дзяніс, яшчэ да яго заснавання займаўся рознымі бізнэс-праектамі. Пасля пераезду ў Польшчу ў яго асяроддзі з’явілася шмат беларусаў. Паступова Дзяніс стаў паглыбляцца ў беларускую культуру, традыцыю і мову.
— Мяне вельмі цікавіла тое, што пра Беларусь я так мала чуў. Калі з’явіўся мой хлопец Жора з Беларусі, адзін з заснавальнікаў брэнда, захацелася падарыць яму байку з беларускім арнаментам, вышытым тым колерам, што і сама байка.
Так і пачалася гісторыя «Праліву»: гэта была першая калекцыя баек «Вогнішча». Першую калекцыю, як і ўсе наступныя, стваральнікі звязвалі адпаведным гістарычным сэнсам. «Вогнішча» асацыюецца з гісторыяй смерці Кастуся Каліноўскага, а калекцыя цішотак «Жыве» мае палітычны кантэкст. Стваральнікі ўкладалі ў «Праліў» многія сэнсы: барацьбу з забаронамі, пратэст, любоў да Беларусі.
— Мы хацелі стварыць брэнд адзення, якое камфортна было б насіць. Аднак пры гэтым дэталі адзення нашы кліенты маглі б адчуваць, заяўляць з гонарам, што яны з Беларусі. Вядома, у міжнародных рамках гэта яшчэ і прамоцыя беларускай культуры. Наша адзенне носяць не толькі беларусы, але і палякі, немцы, амерыканцы.
Асноўныя кліенты «Праліву» — маладыя людзі. Брэнд асацыюе сябе з домам, сям’ёй і сябрамі: «Насіць беларускія брэнды трэба, каб не страціць сябе і памятаць, чаму мы знаходзімся ў дадзены момант там, дзе знаходзімся».
Самы папулярны прадукт у «Праліву» — цішотка «Жыве». Прататып гэтай цішоткі падарыла адна са знаёмых стваральнікаў свайму мужу, а яны прапанавалі дапрацаваць дызайн і выпускаць у рамках калекцыі. За мінулы год прадалі каля 200 штук такіх цішотак.
— Першапачаткова ў брэнд мы ўкладалі, з майго боку, — каханне да майго мужа-беларуса і любоў да майго сябра, з якімі мы сумесна робім справу, — расказвае Дзяніс. — Ужо пасля вырашылі, што наш брэнд — гэта пра тое, што кожны беларус павінен адчуваць гонар за тое, што ён беларус. Новыя калекцыя з’яўляюцца праз нашы асабістыя гісторыі, парывы звязаць новую калекцыю з нашым досведам, гістарычным і культурным кантэкстам.
Цяпер «Праліў» працуе над новай калекцыяй, якая будзе паказваць сувязь беларусаў з прыродай.
PROEKT_ETIKA: «Калі грамадства несвабоднае, то і мода не можа быць свабоднай»
Стваральніца Воля не называе PROEKT_ETIKA брэндам.
— Брэнд — гэта штосьці маштабнае, нешта з гісторыяй і вялікай камандай. Я працую адна — і толькі тры гады. З часам, магчыма, гэта стане брэндам, а пакуль што — проста праект.
Праект пачаўся з цікавасці Волі да тэм экалогіі, экалагічных праблем. Калі раней жанчына бяздумна купляла адзенне, то пазней звычкі пачалі змяняцца — і яе выбар адзення таксама. Воля называе сваю працу падарункам, які вельмі прыемны сэрцу.
— Я ўкладваю ў працу ідэі. Першая ідэя — гэта ідэя экалагічнай моды. Другая ідэя — пераасэнсаванне беларускіх традыцый, бо мне важна, каб мая праца ззяла.
Што тычыцца беларускай сучаснай моды, то жанчына бачыць яе беларускай і роднай. Яна лічыць, што мода павінна быць заснаваная на чымсьці беларускім, каб яна была больш свабоднай. Паводле яе слоў, працэсы ўнутры краіны ўплываюць і на моду: «Яны яе забіваюць, таму што мода — сацыяльны канструкт. Калі грамадства несвабоднае, то і мода не можа быць свабоднай».
«Праект Этыка» ў асноўным абіраюць маладыя людзі. Стваральніца кажа, што хоча, каб «Этыку» асацыявалі са шчырасцю. Некаторыя рэчы, якія робіць стваральніца Воля, прадаюцца ў адным экземпляры. А штосьці паўтараецца — напрыклад, каралі або вышыўка.
— На новыя дызайны натхняе ўсё вакол: людзі, якія побач ці якія далёка, прырода, мода, эка-тэхналогіі, беларускія традыцыі, гісторыі эмігрантаў. Нядаўна мне задалі такое ж пытанне, і я адказала, што мяне натхняе кошт на арэнду жылля. Мусіць, гэта быў самы сумленны адказ.
На думку Волі, беларускія брэнды трэба падтрымліваць, бо так мы абіраем сваё мастацтва. Часам гэтае мастацтва цяжка захаваць, як і культурны код беларусаў.
— Гэта вельмі круты спосаб паказаць грамадству, што ты беларус і што ты ганарышся гэтым.