Беларускі ПЭН працягне працу ў замежжы
Адбыўся ўстаноўчы сход для стварэння Беларускага ПЭНа ў замежжы: «У час крызісу і няпэўнасці Беларускі ПЭН лічыць асноўным крытэрам прыналежнасці да беларускай культурнай супольнасці не тэрытарыяльны, а каштоўнасны».
Асноўныя каштоўнасныя пазіцыі арганізацыі выкладзеныя ў Маніфесце няпэўнага часу, падрыхтаваным ініцыятыўнай групай.
«У час крызісу і няпэўнасці Беларускі ПЭН, адказваючы на спробы рэжыму раз’яднаць грамадства, заклікае Людзей Слова да адзінства і дыялогу... Беларускі ПЭН ацэньвае існы стан рэчаў у Беларусі як сітуацыю тэрору і заклікае рэжым неадкладна спыніць яго... Беларускі ПЭН лічыць найважнейшым прынцыпам сваёй дзейнасці беларусацэнтрычнасць. Усё, што мы робім, мы робім з думкамі пра Беларусь і для Беларусі», — гаворыцца ў Маніфесце.
Старшынёй Беларускага ПЭНа была абраная Таццяна Нядбай.
У Раду ўвайшлі: Святлана Алексіевіч, Вольга Шпарага, Юля Цімафеева, Андрэй Хадановіч і іншыя.
Сходам таксама зацверджаная назва для арганізацыі: Беларускі ПЭН – на беларускай мове, PEN Belarus – на англійскай.
Беларускі ПЭН з’яўляецца паўнапраўным чальцом Міжнароднага ПЭНа.