Барыс Акунін: Міннае поле, на якім падарвецца культура РФ
Каб зрабіць вайну цэнтральнай тэмай культурнай палітыкі, у Крамлі плануюць перазапусціць савецкую сістэму кантролю за мастацтвам — праз узмацненне творчых саюзаў, ідэалагічныя патрабаванні да атрымальнікаў дзяржаўнага фінансавання і паездкі ў санаторыі.
Прынятая новая палітыка РФ у дачыненні да культуры, дзе цяпер вайна мусіць зрабіцца асноўнай тэмай і фонам не толькі для гераічных учынкаў, але «неад'емнай часткай любога мастацкага свету, пунктам адліку для любых каштоўнасных разваг».
Гэта вынікае з дакументу аб перазапуску культурнай палітыкі ў РФ, які ў канцы 2023 года распрацаваў Сяргей Новікаў. Для дзеячаў мастацтва ў тым дакуменце чыноўнік сфарміраваў, па сутнасці, новы грамадскі дагавор: дзяржава аказвае базавую падтрымку апалітычнаму мастацтву, але вялікія грошы ўкладвае толькі ў кантраляваныя ідэалагічныя праекты, якія адпавядаюць патрэбам дзяржавы і кажуць пра вайну.
Пісьменнік Барыс Акунін паглядзеў, што цяпер прапануе расійская ўлада творцам, і прыйшоў да сумнай высновы: тое, што літаратура стаіць на першым месцы, вельмі дрэнная навіна для расійскіх выдавецтваў.
У мяне ўтварыўся вольны час, таму што я быў у доўгай дарозе, і я прачытаў толькі што прыняты расійскім урадам дакумент пад назвай «стратэгія дзяржаўнай культурнай палітыкі на перыяд да 2030 года».
Дакумент вельмі доўгі і прыкідваецца сумным (мабыць, каб нармальныя людзі яго не прачыталі), але пад шэрым быльнікам хаваецца цэлае міннае поле, на якім расійскай культуры наканавана падарвацца і разляцецца на кавалкі.
Новая стратэгія замяняе старую, прынятую ў 2016 годзе.
«Дзяржава ўпершыню ўзводзіць культуру ў ранг нацыянальных прыярытэтаў», — прачытаў я — і адразу насцярожыўся. Што азначае гэта павышэнне рангу, далей шматслоўна тлумачыцца.
Ёсць у дакуменце пасажы, ад якіх проста адвісае сківіца: «З пачатку правядзення спецыяльнай ваеннай аперацыі ўкраінскімі войскамі нанесеныя сур'ёзныя пашкоджанні знакавым установам культуры, унікальным помнікам гісторыі і архітэктуры, рэлігійным аб'ектам».
І далей ідзе пералік ўкраінскіх блюзнерстваў, уключаючы — вы не паверыце! — разбурэнне Марыупальскія тэатра.
Але нічога, да бессаромнасці мы прывыклі.
Цікавей ідэалагічная база новай стратэгіі. «Чалавецтва сутыкнулася з пагрозай страты традыцыйных духоўна-маральных арыенціраў і ўстойлівых маральных прынцыпаў». На першым месцы сярод пагроз — «свабода асобы», а затым ідзе «актыўная прапаганда ўсёдазволенасці, амаральнасці і эгаізму».
Названа і крыніца пагроз — «традыцыйныя расійскія духоўна-маральныя і культурна-гістарычныя каштоўнасці падвяргаюцца актыўным нападкам з боку Злучаных Штатаў Амерыкі і іх саюзнікаў, а таксама з боку транснацыянальных карпарацый, замежных некамерцыйных няўрадавых, рэлігійных, экстрэмісцкіх і тэрарыстычных арганізацый, якія аказваюць інфармацыйна-псіхалагічнае ўздзеянне на індывідуальную, групавую і грамадскую свядомасць шляхам распаўсюджвання сацыяльных і маральных установак, якія супярэчаць традыцыям, перакананнях і вераванняў народаў Расійскай Федэрацыі».
Змагацца з гэтай заразай дзяржава будзе праз «фарміраванне дзяржаўнага заказу на стварэнне твораў літаратуры і мастацтва».
Тое, што літаратура стаіць на першым месцы, вельмі дрэнная навіна для расійскіх выдавецтваў. Валіць трэба з гэтага бізнесу, спадарства.
Далей ідзе пералік твораў, на якія паступіць дзяржзаказ, у тым ліку «павышэнне прэстыжу службы ва Узброеных Сілах Расійскай Федэрацыі і праваахоўных органах дзякуючы фарміраванню станоўчага вобразу вайскоўца, абаронцы Радзімы», «ажыццяўленне асветніцкай, патрыятычнай і ваенна-патрыятычнай працы сярод моладзі» і г.д.
Ну, зараз пачнецца. Цісканіна ла карыта з дзяржзаказнымі вотруб'ем, жорсткія бойкі з-за таго, хто правільны і хто няправільны патрыёт, конкурсы «хто пахваліць мяне налепш за ўсіх» і хто больш люта ненавідзіць ворага. Пацячэ густы паток казённых шэдэўраў.
Бедныя рускія. Параю вам адно: падвышайце майстэрства карыстання VPN. З родных палеткаў цяпер будзе пахнуць толькі гноем.