«Аўдыенцыя» ў палацы Радзівілаў

Узімку Нясвіжскі палац Радзівілаў – сапраўдная калядная казка. Калі вы ўжо былі тут, то ёсць нагода завітаць у знакаміты палац яшчэ раз: у Вялікай выставачнай зале дзейнічае персанальная выстава Паўла Татарнікава «Аўдыенцыя».

Старшыня секцыі графікі Беларускага саюза мастакоў Андрэй Басалыга і мастак Павел Татарнікаў. Фота Віталя Катовіча

Старшыня секцыі графікі Беларускага саюза мастакоў Андрэй Басалыга і мастак Павел Татарнікаў. Фота Віталя Катовіча

Тут экспануецца 80 арыгінальных работ. Частка з іх створана на казачныя сюжэты ў якасці ілюстрацый да кніг «Нябесны імператар і 10 сонцаў» (2012) і «Залатая шарсцінка, срэбраная павуцінка» (2018). Але дамінуе на выставе гістарычная тэма. Да ўвагі наведнікаў прапануецца шырокая калекцыя гістарычных твораў, намаляваных адмыслова для кнігі «Айчына. Маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі». Ёсць тут і работы, створаныя для другой часткі «Айчыны», якая будзе прысвечана 19 стагоддзю.
«Нясвіжскі палац — найлепшае месца для гэтай тэмы, для гэтых твораў, якое я толькі мог уявіць», — прызнаецца Павел Татарнікаў.
Выстава будзе дзейнічаць да 15 красавіка 2019 года. Пасля плануецца прадставіць творы вядомага беларускага графіка ў Маскве.
«Супрацоўнікі беларускага пасольства ў Расіі прапанавалі правесці персанальную выставу Паўла Татарнікава ў нашым культурным цэнтры, каб паказаць, што беларуская гісторыя не пачалася з падзелаў Рэчы Паспалітай, што ў нас свой шлях, свая культура, свае здабыткі, — адзначыў дырэктар Нясвіжскага музея-запаведніка Сяргей Клімаў, — Творы Паўла Татарнікава могуць змяніць стэрэатыпы пра Беларусь, якія існуюць у расійскім грамадстве».

Сяргей Клімаў,  Андрэй Басалыга, Павел Татарнікаў. Фота Віталя Катовіча

Сяргей Клімаў, Андрэй Басалыга, Павел Татарнікаў. Фота Віталя Катовіча

«Наведнікі выставы пераканаюцца, што Беларусь — краіна з еўрапейскай гісторыяй, еўрапейскай культурай і еўрапейскай ментальнасцю», — упэўнены пісьменнік Уладзімір Арлоў.
На адкрыцці выставы ён падзяліўся сваімі думкамі пра супольную працу з мастаком:
«Я ведаў Паўла як выдатнага майстра, які працуе ў гістарычным жанры, але калі мы пачалі рабіць кнігу «Айчына», быў вельмі ўражаны, што Павел не толькі бліскуча ведае нашу гісторыю — у выніку працы з літаратурай, з архіўнымі матэрыяламі. Ён адчувае гісторыю на колер, гук, смак, дотык — і гэта дало бліскучы вынік для нашай кнігі. Павел не толькі ілюстраваў расповеды — вельмі часта я сваім тэкстам ілюстраваў яго малюнкі».

Уладзімір Арлоў і Павел Татарнікаў. Фота Віталя Катовіча

Уладзімір Арлоў і Павел Татарнікаў. Фота Віталя Катовіча

На думку рэктара Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаіла Баразны, «творам Паўла Татарнікава ўласцівыя віртуознасць, лёгкасць, дакладнасць кампазіцыі, беспамылковасць, адрэдагаванасць… Але самае галоўнае — мастацкасць, узнёсласць і пачуццёвасць. Творы Паўла лёгкія для ўспрымання і… рамантычныя. Нават ваяўнічыя вобразы ў даспехах і латах — чалавечныя, гуманныя, і гэта — беларусы».

Мастак Уладзімір Савіч і Міхаіл Баразна. Фота Віталя Катовіча

Мастак Уладзімір Савіч і Міхаіл Баразна. Фота Віталя Катовіча

Выстава «Аўдыенцыя» выдатна гармануе з інтэр’ерамі музея і агульнай экспазіцыяй, з тым урачыстым і светлым настроем, які з’яўляецца ў Нясвіжскім палацы. Многіх славутых Радзівілаў можна пабачыць на работах Паўла Татарнікава, а панарама Нясвіжа 16 — 17 стагоддзяў дазваляе на некалькі імгненняў адчуць сябе ў самым сэрцы Вялікага Княства Літоўскага.


Фота Віталя Катовіча