Антон Луцкевіч: беларусы — асаблівая нацыя

  17 студзеня 1884 года — 132 гады таму — нарадзіўся Антон Луцкевіч, грамадскі дзеяч, гісторык, літаратуразнаўца, публіцыст.



2.jpg

Антон Луцкевіч быў ініцыятарам абвяшчэння незалежнасці БНР, нагадвае ПБНФ.

У аддзеле рукапісаў Цэнтральнай бібліятэкі АН Летувы захоўваецца (F21-337) рукапіс артыкула Антона Луцкевіча. Ён прысвечаны гісторыі беларускага культурнага Адраджэння пачатку ХХ ст. З тэксту рускамоўнага рукапісу можна зрабіць выснову, што А. Луцкевіч працаваў над ім у канцы 1910 — пачатку 1911 гадоў. Артыкул прызначаўся да друку ў адным з украінскіх перыядычных выданняў. На першай старонцы рукапісу знаходзіцца маларазборлівы надпіс, зроблены алоўкам: "Літ.-Надв. Вістнік".

Перадгісторыя напісання артыкула дакладна невядома. Аднак знаёмства з "беларускімі" матэрыяламі аддзела рукапісаў азначанай бібліятэкі дазволіла заўважыць, што ў гэты ж час А.Луцкевіч рыхтаваў аналагічны артыкул для аднаго з перыядычных яўрэйскіх выданняў Вільні, працаваў над рэфератам, прысвечаным беларускаму руху, каб выступіць у адной з асветніцкіх арганізацый Масквы і г.д. Верагодна, знойдзены артыкул з'яўляўся часткай кампаніі па азнаямленні з дасягненнямі беларускага культурнага Адраджэння народаў-суседзяў.

Артыкул дазваляе паглядзець на дасягненні і праблемы беларускага Адраджэння пачатку ХХ стагоддзя вачыма аднаго з кіраўнікоў беларускага руху. Разважанні і ацэнкі А. Луцкевіча заслугоўваюць асаблівай увагі.

Рукапіс напісаны алоўкам на 34 старонках.

Тэкст рукапісу можна знайсці на kamunikat.fontel.net. Тэкст друкуецца ў поўнай адпаведнасці з арыгіналам.