Святлана Алексіевіч: “Я не ведаю, што такое патрыятызм”
На прэзентацыю беларускага пераклада кнігі Святланы Алексіевіч “Час сэканд-хэнд. Канец чырвонага чалавека”, які выйшаў у выдавецтве “Логвінаў”, сабралася паўтары сотні прыхільнікаў пісьменніцы.
Святлана Алексіевіч. Прэентацыя 18 лютага. Фоіта Таццяны Шапуцька
Імпрэза, падрыхтаваная незалежным Саюзам беларускіх пісьменнікаў ды крэатыўнай прасторай ЦЭХ, працягвалася болей, як дзве гадзіны. Пасля ўступнага слова кіраўніка СБП Барыса Пятровіча Святлана Алексіевіч коратка распавяла пра працу над кнігай, некаторыя ўрыўкі з якой пранікнёна зачытала народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка.
Святлана Алексіевіч так растлумачыла назоў кнігі:
“Сэканд-хэнд — гэта мой дыягназ таму што адбываецца, гэтай рэстаўрацыі. Дарэчы, я, калі пачынала кнігу, была настроеная больш аптымістычна. Я памятаю Адамовіча, Быкава, нашыя размовы, калі яны сядзілі і казалі — вось пройдзе 20 гадоў, максімум 40, калі падрасце новае пакаленне, нам трэба дачакацца гэтага новага пакалення…Ну і дачакаліся, і не так усё проста ў гэтым новым пакаленні. Камунізм сыйшоў, чалавек застаўся. Застаўся чалавек, які не ведае, як жыць”.
Аўтарка распавяла, што шмат чаму навучылася ў Алеся Адамовіча і параўнала яго з Вацлавам Гавелам:
“Калі б ён (Алесь Адамовіч) застаўся жывы, і калі б наш народ яго выбраў, што таксама малаверагодна, мы маглі б быць такой Чэхаславакіяй. Мне пашчасціла, бо я пабачыла чалавека, які здолеў вырвацца з гэтага плоскага сусвету, з гэтай сістэмы. Адамовіч быў чалавек еўрапейскага складу, ён мне даў больш, чым універсітэт — навучыў мяне мысліць. Нейкі ўплыў на мяне аказала творчасць Міхася Стральцова. Гэтая яго мова, як у “Смажанні вепрука” (вядомы аповед М. Стральцова — аўт.), лічу, геніяльная. Брыль, канешне, Адамчык. Нейкія старонкі Кузьмы Чорнага…”
Большасць часу пісьменніца размаўляла з чытачамі — распавядала гісторыі са свайго жыцця, дзялілася цікавосткамі, адказвала на пытанні з залі. А пытанняў было дастаткова — і пра мову, і пра Майдан, і пра патрыятызм.
“Свабоды няма ні на тым баку барыкадаў, ні на гэтым. Каштоўнасць жыцця — капейка, гэта самае страшнае. Нават калі я гляджу на Кіеў (я ж напалову ўкраінка), як я захоплена прымала ўсё напачатку, і як цяпер, калі я бачу многія рэчы, мне страшна. Бо няма свабодных людзей. Усе кажуць пра свабоду, а свабодных людзей няма. І тое, што павінна рабіць літаратура, тое, дзеля чаго я напісала гэтыя 5 кніг — каб данесці, свабоду не на вуліцы зробіш, а ўнутры, у душы… Няма чаго бегчы на вуліцу, бо калі душа пустая, ты пабяжыш туды з сякерай”, — дала сваю ацэнку падзеям у Кіеве пісьменніца.
На паперцы з залі Святлане Алексіевіч перадалі чаканае пытанне, чаму яна не карыстаецца беларускай мовай . Дарэчы, падчас прэзентацыі Алексіевіч размаўляла па-руску, на беларускамоўныя пытанні таксама адказвала на рускай мове, і нават адзін раз памылкова назвала Беларусь “Белоруссией”:
“Я зараз адкажу на такое пытанне, і больш адказваць не буду. Я займалася гісторыяй утопіяй, чырвонай утопіі. Утопія размаўляла на рускай мове. Я займалася той краінай, з якой мы ўсе выйшлі — яны ўсе казалі на рускай мове. Болей за тое, я ніколі не хавала таго, што я магу размаўляць па-беларуску. Але паколькі я ўвесь час карыстаюся рускай мовай, я не роўная сабе, калі размаўляю па-беларуску: я не магу так хутка казаць, так хутка разважаць,у мяне няма гэтай моўнай практыкі. Я разумею, што пытанне мовы важнае для нацыі, але я пісала зусім пра іншае. Таму ў мяне руская мова. І ставіць гэта мне ў віну….Я ўжо стамілася ад гэтага за 20 гадоў”.
Кіраўнік TUT.by Юры Зісер запытаўся Святлану Алексіевіч, што такое патрыятызм.
“Я і сама не ведаю, што гэта, — пасміхнулася пісьменніца. — Пасля чарнобыльскай кнігі для мяне гэтага пытання няма. Там, у Чарнобылі, гэта быў пераварот усёй маёй свядомасці. Я чула аповед бортніка — ён ходзіць па вуліцы першыя дні, а пчолы тыдзень не вылазяць з вулляў. Яны адчувалі, мы —не. Рыбакі распавядалі, што чарвяка не маглі дастаць з зямлі, чарвякі глыбока туды сыйшлі. Першыя адчуванні, якія там былі — не тыя, што ты беларуска, ці руская, ці францужанка, ці яшчэ нехта, а прадстаўнік біявіда, які можа знікнуць, як матылёк. Я прыехала адтуль з абсалютна касмапалітычным поглядам. Я зразумела, што ёсць зямля, ёсць чалавек. І усё. Нашая нацыянальнасць — чалавек”.
Пасля прэзентацыі кіраўнік СБП Барыс Пятровіч распавёў “Новаму Часу”, што ініцыятыва перакласці кнігу ішла ад Саюза беларускіх пісьменнікаў:
“Калі мы сустракаліся з Святланай Аляксандраўнай у Львове, там былі дні беларускай і шведскай літаратуры і культуры. Яна там сказала, што рыхтуецца выхад гэтай кнігі. Сапраўды неўзабаве кніга выйшла спачатку па-французску, па-шведску, па-нямецку, па-англійску, і мы падумалі — як гэта так, напісана па-руску, выходзіць на мовах свету, а чаму яе няма па-беларуску. Мы папрасілі Святлану Аляксандраўну даць тэкст рускамоўны, папрасілі перакладчыкаў тэрмінова перакласці, і вось кніга выйшла. Яе творы друкуюцца ва ўсім свеце, яна атрымлівае дзясяткі самых прэстыжных еўрапейскіх прэмій, трапіла ў шорт-ліст Нобелеўскай прэміі, а ў роднай краіне яе не заўважаюць, не друкуюць. Гэта ненармальна, і мы вырашылі такім чынам гэтую ненармальнасць паправіць”.
Паводле Барыса Пятровіча, выдаць кнігу было няпроста: “Кніга шчырая і справядлівая, вельмі дакладная і жорсткая ў адносінах да таго часу, у якім мы жылі і жывем. Таму яна не магла быць надрукаваная ў некаторых выдавецтвах, і толькі выдавецтва “Логвінаў” пагадзілася выдаць гэты твор. Трэба быць удзячным ім за тое, што яны зрабілі”.
Барыс Пятровіч апавёў, што кніга была перакладзена ў рэкордныя тэрміны — усяго за 3 месяцы. Для таго, каб аператыўна выдаць беларускі варыянт, былі задзейнічаныя два перакладчыкі — Валеры Стралко і Ціхан Чарнякевіч.
“Зараз кніга Святланы Аляксандраўны рыхтуецца ў перакладзе на польскую і італьянскія мовы. Дык вось польскі перакладчык перакладае ўжо больш за паўгода, а італьянскі перакладчык працуе над першай часткай ды папрасіў на другую частку іншага чалавека. Гэта немалая праца па аб’ёме, да таго ж кніга напісаная ад першай асобы, таму перадаць дух гэтай кнігі вельмі цяжка”, — дадаў Барыс Пятровіч.
Набыць беларускі пераклад кнігі Святланы Алексіевіч “Час сэканд-хэнд. Канец чырвонага чалавека” можна ў кнігарні “Логвінаў” (пр-т Незалежнасці, 37А, Мінск) ды ў інтэрнэт-краме imbryk.by.