Ад хобітаў да імперскіх штурмавікоў: як праходзіць фестываль гікаў (фотарэпартаж)
Беларускі фестываль фантастыкі, фэнтэзі, коміксаў і кампутарных гульняў «Unicon-2016» ў пяты раз сабраў сваіх прыхільнікаў. Сёлета прыйшлі аматары звыш 30 фантастычных сусветаў (фэндомаў).
На гэты раз пляцоўкай канвенту стаў спартовы комплекс «Уручча». На фестывалі прадстаўлены стэнды папулярных фільмаў і серыялаў: «Зорныя войны», «Зорны шлях», «Доктар Хто», «Зорная Брама», «Піраты Карыбскага мора», «Гары Потэр», «Уладар пярсцёнкаў», «Мерлін», «Гульня тронаў», «Светлячок». Асобную стойку займалі «олдскульныя» відэагульні і фільмы 1980-х з легендарным аўтамабілем DeLorean са стужкі Роберта Зэмекіса «Назад у будучыню». Тут таксама прадставілі беларускі незалежны кінапраект у жанры фэнтэзі «Неруш».
Апроч аматараў экраннага мастацтва на фэсце размясціліся зоны для прыхільнікаў гульняў і эпічных сусветаў: «Вядзьмак», «Portal», «Bioshock», «Resident Evil», «Warcraft», «Pokemon», «My Little Pony», «Mad Max». На «Unicon-2016» надалі ўвагу і творчасці Говарда Лаўкрафта, Тэры Пратчэта, Дугласа Адамса і Тэры Гудкайнда.
Які гік-фэст без коміксаў? Стэнды выдавецтваў «DC» і «Marvel», якія ўжо даўно перараслі ў кінастудыі, таксама былі. На кожнай стойцы ладзіліся конкурсы, віктарыны і квэсты. Таксама можна было пазнаёміцца бліжэй з кожным фэндомам.
Акрамя ўсяго гэтага на фэсце праводзіліся агульныя конкурсы, майстар-класы і лекцыі ад пісьменнікаў-фантастаў. Працавала бясплатная зона для настольных гульняў (якія можна было потым і набыць) і некалькі крам з ежай, сувенірамі і цікавай тэматычнай прадукцыяй.
Паспейце адчуць атмасферу беларускай гік-культуры. Фестываль працягнецца і заўтра.