Абвешчана найлепшая паэтычная кніга 2020-га года
Найлепшай паэтычнай кнігай на беларускай мове 2020-га года стаў зборнік вершаў Алесі Башарымавай «Расамаха».
Алеся Башарымава — паэтка, перакладчыца. Аўтарка паэтычнага зборніка “Расамаха”. Пераклала са шведскай кнігі Астрыд Ліндгрэн пра Карлсана, некалькі кніг Тувэ Янсан пра мумітроляў, дзіцячыя кнігі-карцінкі, а таксама шэраг вершаў Эдыт Сёдэргран, Дана Андэрсана, Тумаса Транстромера, зборнік паэзіі Вернэра Аспенстрэма “Літанне”.
У дэбютны зборнік паэзіі Алесі Башарымавай “Расамаха” ўвайшлі выбраныя вершы за 2004–2018 гады. Паэтка так апісвае сваю кнігу: “Расамаха” — кніга вечнай стомы і руху, бегу праз лясы і балоты, шуканняў у краявідах. Кніга слядоў, якімі можаце прайсці і вы".
Паслухаць вершы ў выкананні аўтаркі можна ў праекце “Аўдыятэка”.
Арганізатары прэміі — Беларускі ПЭН-цэнтр, «Саюз беларускіх пісьменнікаў» і Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына».
Паводле прэс-рэлізу