9/11. Кнігі пра самы страшны тэракт у гісторыі ЗША
23 гады таму ў Нью-Ёрку і Вашынгтоне тэрарысты «Аль-Каіды» здзейснілі шэраг тэрактаў, у выніку якіх загінула амаль тры тысячы чалавек. Гэтая страшная трагедыя знайшла сваё адлюстраванне ў літаратуры. «НЧ» расказвае пра кнігі, якія сталі рэфлексіяй на тыя жудасныя падзеі.
Вельмі часта на шматлікіх падборках рэдкіх здымкаў мінуўшчыны можна ўбачыць высачэзны гмах, які самотна стаіць пасярод звычайнай гарадской забудовы. Гэта Empire State Building — будынак у стылі ар-дэко, з вялізным тонкім шпілем, вельмі пазнавальны і па сённяшні дзень. Праз некалькі дзясяткаў гадоў ён ужо сам будзе як тыя дамкі, што на яго фоне выглядалі ніякавата, хоць і складалі сабой мапу Нью-Ёрка. Побач з ім выраслі дзве бетонна-шкляныя вежы Сусветнага гандлёвага цэнтра, якія да пачатку другога тысячагоддзя былі самымі высокімі хмарачосамі свету, сімваламі «амерыканскай мары», росквіту і эвалюцыі чалавецтва.
«Эмпайр Стэйт Білдынг» можна ўбачыць і сёння — ён па-ранейшаму стаіць у цэнтры Нью-Ёрка і ўсё гэтак жа дзеліць пальму першынства па вышыні са сваімі суседзямі. А вось вежаў-блізнятаў ужо 23 гады як няма, і гісторыя іх знікнення была і ёсць найглыбокай траўмай не толькі для амерыканцаў, але і для многіх людзей па ўсім свеце, хто з экранаў тэлевізараў 9 верасня 2001 года бачыў кадры, на якіх самалёт уразаецца ў будынак — і шкляны гмах складваецца, нібы картачны дамок, хаваючы пад сабой тысячы жыццяў.
19 тэрарыстаў-смяротнікаў здзейснілі найбуйнейшы ў гісторыі ЗША тэракт, адзначыўшы тым самым не толькі пачатак новага тысячагоддзя, але і пачатак новай Амерыкі — той, якая пачне бясконца і часам ажно занадта актыўна змагацца з тэрарызмам і больш пільна прыслухоўвацца да сваіх траўм. Той, у якой стане магчымым і цемнаскуры прэзідэнт Барак Абама, і патрыярхальна-дамастроеўскі Дональд Трамп.
Амерыканцы пастаянна вяртаюцца да 9/11. Тысячам і тысячам, калі не мільёнам, гэты дзень зламаў жыцці. На доўгі час нацыя захрасла ў сваёй траўме, пражываючы і перажываючы яе наноў, быццам «дзень сурка». Першымі з заганнага кола рэтраўматызацыі пачалі выходзіць журналісты і публіцысты, паэты і пісьменнікі, якія ў рэжыме рэальнага часу перапрацоўвалі досвед і эмоцыі і трансфармавалі іх у тэксты — рабілі рэпартажы, пісалі эсэ, нататкі, развагі, фіксавалі сведчанні і гісторыі, аналізавалі, што адбылося і чаму стала магчымым.
Рэакцыяй на тэракт 11 верасня 2001 года стала кніга Стыва Кола«Ghost Wars: The Secret History of the CIA, Afghanistan, and Bin Laden, from the Soviet Invasion to September 10, 2001», якая выйшла ў 2004 годзе і адразу ж атрымала Пулітцэраўскую прэмію. Стыў Кол, журналіст «The New Yorker», на той момант быў галоўным рэдактарам «The Washington Post» і меў досвед асвятлення баявых дзеянняў, а таму выдатна ведаў палітычны ландшафт Афганістана і суседніх з ім дзяржаў. У сваёй кнізе ён прасачыў гісторыю ўзнікнення і развіцця «Талібана» і ўплыў на тэрарыстычны рух падтрымкі савецкіх і амерыканскіх спецслужб. У прыватнасці, крытыцы падвяргаецца дзейнасць ЦРУ, якая «празявала» талібаў у сваёй вайне з тэрарызмам. Пры гэтым Кол адзначае і паспяховыя аперацыі амерыканцаў па ліквідацыі пагроз з боку баевікоў, але робіць гэта асцярожна, ураўнаважваючы станоўчыя бакі з крытыкай.
Па гэтай жа сцежцы пайшоў і Лоўрэнс Райт, яшчэ адзін журналіст «Нью-Ёркера», які ў сваім бестсэлеры «The Looming Tower: Al-Qaeda and the Road to 9/11» расказаў гісторыю самай вядомай тэрарыстычнай групоўкі «Аль-Каіда», раскрыў малавядомыя факты з жыцця яе стваральніка Усамы бэн Ладэна, прааналізаваў яго інтэрв'ю і публічныя выказванні, паказаўшы, як «тэрарыст №1» пагражаў Амерыцы і ўсяму астатняму свету задоўга да тэракта, а таксама расказаў, чаму не спрацавалі спецслужбы — і чаму 9/11, начны кашмар чалавецтва, стаў рэальнасцю. Па кнізе, дарэчы, знялі міні-серыял «The Looming Tower», і сюжэт не асабліва адыходзіць ад папяровай першакрыніцы: галоўны герой — супрацоўнік спецслужбаў Джон О'Ніл — спрабуе пераканаць сваё начальства ў тым, што «Аль-Каідзе» трэба надаваць больш увагі, што гэтыя тэрарысты больш небяспечныя, чым падаецца. Але начальства не прыслухоўваецца да О'Ніла. Праз некаторы час ён звальняецца і... ўладкоўваецца на працу ў службу аховы Сусветнага гандлёвага цэнтра. Гісторыя закальцоўваецца — і былы супрацоўнік спецслужб сутыкаецца з тымі, супраць каго так доўга змагаўся. І сутыкненне гэтае аказваецца вельмі трагічным.
Прыкладна ў гэты ж час, у 2004-2005 годзе, рэакцыя на падзеі 11 верасня 2001 года пачынае перарастаць у рэфлексію, з'яўляюцца мастацкія творы, у якіх фізічная абалонка рэальнасці — тэракт — адыходзіць на задні план, а асноўная ўвага надаецца лёсам канкрэтных людзей, унутранаму свету персанажаў, якія вымушаныя жыць з успамінамі пра той страшны дзень, кожную раніцу прачынацца ў свеце, які ніколі не будзе ранейшым, насіць у сабе ўспаміны, боль ад страт і пакутаваць ад немагчымасці выбрацца самім з гэтага пекла памяці.
Так, рэфлексіяй, а хутчэй спробай выбрацца з ПТСР, стаў графічны раман Арта Шпігельмана«In the Shadow of No Towers» (2004). Шпігельман, на той час мастак «The New Yorker», жыў непадалёк ад вежаў Сусветнага гандлёвага цэнтра і бачыў на ўласныя вочы крушэнне будынкаў, пасля якога вымушаны быў у паніцы дабірацца да школы, дзе вучылася яго дачка, каб упэўніцца, што з ёю ўсё ў парадку. Падзеі таго дня леглі ў аснову комікса, які замовіла Арту Шпігельману германская газета «Die Zeit». Доўгі час у ЗША мастак не мог выдаць свой твор асобнай кнігай, урыўкі з яго друкаваліся ў брытанскай «The Independent», а ўпершыню комікс цалкам выйшаў у «London Review of Books» у 2003 годзе. Праз год свет пабачыла арыгінальнае выданне, якое адразу ўвайшло ў топ-100 кніг 2004 года паводле версіі «The New York Times».
Мабыць, самай вядомай кнігай, якая закранае падзеі верасня 2001 года, стаў раман Джонатана Сафрана Фоера«Extremely Loud and Incredibly Close» (2005). Напісаны як раман ініцыяцыі, «Страшэнна гучна і неверагодна блізка» расказвае гісторыю хлопчыка, які ў тэракце, здзейсненым баевікамі «Аль-Каіды», страціў бацьку. Увесь шлях, які дзевяцігадовы Оскар праходзіць у пошуках паслання ад бацькі, з'яўляецца шляхам сталення героя, яго пераадолення траўмы, нанесенай страшнай стратай. Раман па-ранейшаму карыстаецца папулярнасцю ў чытачоў, хаця, варта прызнаць, чытаецца нялёгка і часцяком не з першага разу. У 2012 годзе ў пракат выйшаў аднайменны фільм, які наш рэгіён чамусьці абмінуў — таму пра яго мала хто ведае. Але калі кніга Фоера ніяк не «заходзіць» вам, то можна глянуць экранізацыю — а раптам атрымаецца?
Варта таксама сказаць пра асобную плынь у амерыканскай літаратуры, якая наўпрост не закранае падзеі 9/11, але грунтуецца на антытэрарыстычнай тэматыцы. Тут «флагманам», канешне, будзе знакаміты раман Доны Тарт«The Goldfinch» (у рускім перакладзе — «Щегол»). Гэта таксама свайго кшталту раман ініцыяцыі, сюжэт якога нечым нагадвае вышэй згаданую кнігу Фоера. Хлопчык апынуўся ў эпіцэнтры катастрофы — выбуху ў Нью-Ёркскім Метраполітэн-музеі, пасля якога аказаўся незаконным уладальнікам вядомай карціны. І шлях, які пройдзе з гэтай карцінай трынаццацігадовы галоўны герой, гэтак жа, як і ў «Страшэнна гучна і неверагодна блізка», стане шляхам падзення ў прорву памяці, змагання з уласнымі дэманамі і выплывання на паверхню, да новага жыцця. Раман Доны Тарт таксама экранізаваны, прэм'ера фільма адбылася ў 2019 годзе. А за кнігу пісьменніца атрымала Пулітцэраўскую прэмію.
І апошняя на сёння згадка, без якой гэты спіс быў бы няпоўным. Папулярнымі становяцца і постапакаліптычныя сюжэты, у якіх чалавецтва (а дакладней, тое, што ад яго засталося) вымушанае выжываць пасля якой-небудзь страшнай катастрофы. І ў амерыканскай літаратуры гэта пераклікаецца з рэальнай катастрофай, якую перажылі жыхары Нью-Ёрка і Вашынгтона ў верасні 2001 года. Таму хацелася б тут згадаць раман Кормака Макарці«The Road» («Дарога») — таксама «ўладальніка» Пулітцэраўскай прэміі за 2007 год.
Свет пасля катастрофы, жорсткі, бязлітасны. Людзі вымушаныя выжываць, літаральна аддаючы жыцці за ежу. Хлопчык і яго бацька ідуць да мора, па дарозе натыкаючыся на марадзёраў, бандытаў і іх ахвяр, самі становяцца бандытамі і ахвярамі і часта наступаюць на горла ўласнай маралі, выбіраючы выжыванне. Макарці напісаў свой раман у 2006 годзе, у ім відавочна лунае водгулле нядаўняга тэракта, толькі пісьменнік павышае стаўкі і пашырае яго маштабы на ўсё чалавецтва. Як і любы класічны «постапакалісіс», «Дарога» ўздымае шмат праблем і пытанняў, якія чытачу давядзецца вырашаць разам з героямі кнігі. Яна, дарэчы, экранізаваная — можна паглядзець фільм і параўнаць, ці так вы сабе ўяўлялі свет, створаны Кормакам Макарці, і ці атрымалася ў рэжысёра Джона Хілкоўта перанесці яго з паперы на экран. Дадатковы прыемны бонус: «Дарога» перакладзеная на беларускую Сержам Мядзведзевым і выйшла адносна нядаўна ў выдавецтве «Янушкевіч». Кажуць, пераклад шыкоўны!