70-гадовы юбілей скульптара Уладзіміра Жбанава: шлях майстра

Сення магло б споўніцца 70 гадоў Уладзіміру Жбанаву, без скульптур якога цяжка ўявіць Мінск і іншыя беларускія гарады. Ягоныя «Хлопец, які прыкурвае», «Дама з сабачкам», «Фатограф» і іншыя працы дадаюць атмасферы горада прыгажосці і містыкі, нараджаюць легенды і анекдоты, распавядае «Наша Ніва».

Фота minsknews.by

Фота minsknews.by

Сёння споўнілася б 70 гадоў Уладзіміру Жбанаву, чые скульптуры ўпрыгожваюць Мінск і Беларусь. Да іх дакранаюцца на шчасце, каля іх прызначаюць спатканні. На іх фоне любяць фатаграфавацца.

Уладзімір нарадзіўся 26 студзеня 1954 года ў Мінску ў сям'і ваеннага. Пасля заканчэння Мінскай мастацкай вучэльні Уладзімір Жбанаў паступіў у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут на аддзяленне скульптуры мастацкага факультэта, які скончыў у 1979 годзе.

Глядзіце таксама

Пасля заканчэння інстытута Уладзімір Іванавіч служыў у Афганістане (1979-1980). Па вяртанні з войска ён працягнуў навучанне ў творчых майстэрнях Акадэміі мастацтваў СССР, дзе правучыўся тры гады.

З 1985 па 1999 год Уладзімір Іванавіч працаваў выкладчыкам у Мінскай мастацкай вучэльні імя Глебава. З 1993 года ён з’яўляўся членам Беларускага саюза мастакоў.

Пачынаючы з 1997 года ён займаўся толькі паркавай і вулічнай скульптурай. Першай з’явілася «Дзяўчына на лаўцы» («Мінчанка») у Міхайлаўскім скверы, затым — «Хлопец, які прыкурвае».

Фота са старонкі Facebook Etno.by

Фота са старонкі Facebook Etno.by

Пасля трагедыі ў падземным пераходзе на станцыі метро «Няміга», калі ў цісканіне, якая ўзнікла праз дождж, загінулі 53 чалавекі, большасць з якіх былі маладыя дзяўчаты, Жбанаў стварыў «Дзяўчынку з парасонам». Для гэтай скульптуры Жбанаву пазіравала яго дзесяцігадовая дачка Маша. Адкрыццё кампазіцыі адбылося ў 2000 годзе ў Дзень абароны дзяцей.

Сярод іншых работ Уладзіміра Жбанава можна адзначыць «Фатографа», «Даму з сабачкам», «Каня», «Гусей у фантане», «Лазеншчыка» і «Астролага».

Работы скульптара ўстаноўлены не толькі ў Мінску, але і ў Бабруйску, Магілёве, Віцебску, пад Гомелем, у Светлагорску, у Падмаскоўі (Расія), у Табольску (Расія), Паўлаградзе (Украіна).

Дзіўна, але пры жыцці Жбанава не было арганізавана ніводнай яго персанальнай выставы. Майстар адкладваў гэтую падзею да свайго 60-годдзя. Але не паспеў.

Уладзімір Жбанаў памёр 16 студзеня 2012 года ад вострага панкрэатыту ў Мінску. Пахаваны на Усходніх могілках. У яго засталася жонка, а таксама сын і дзве дачкі, якія таксама прысвяцілі сябе мастацтву.

Уладзімір Жбанаў аднойчы прызнаўся: «Цяпер нават не ўяўляю, чым бы я мог займацца ў жыцці, калі б не захапленне скульптурай з самага ранняга дзяцінства. Апантанасць ствараць маленькіх чалавечкаў ніколі не пакідала мяне самотным. У гэтым свеце казак я адчуваў сябе самым шчаслівым з дзяцей».