5-ты Адамаўскі фэст прайшоў на сядзібе знакамітага батаніка

Адамаўскі фэст, заснаваны 5 гадоў таму ў памяць пра знакамітага вучонага-батаніка Уладзіміра Адамава, упершыню прайшоў на тэрыторыі ягонай колішняй сядзібы непадалёк ад Віцебску.

2016_06_17_lipka_adamauskifest_f18_833x400.jpg

Паводле нязменнай традыцыі, першай часткай фэсту было назіранне за птушкамі разам з прадстаўніцай грамадскага аб’яднання “Ахова птушак Бацькаўшчыны” Галінай Захаравай.

Па дарозе ад чыгуначнай станцыі да вёскі Вялікія Лётцы гасцей знаёміў з гэтымі мясцінамі заснавальнік Адамаўскага фэсту, краязнаўца Міхаіл Дук:

 — Тут жыў і працаваў Уладзімір Уладзіміравіч Адамаў, вядомы батанік, які ўваходзіў у Топ-100 адмыслоўцаў у гэтай галіне. А ідэя фэсту заключаецца ў тым, каб людзі маглі выехаць на прыроду, крыху павандраваць, а потым усё гэта завяршыць, слухаючы выступы добрых музычных калектываў.

Сёлета ўпершыню госці фэсту змаглі трапіць у сядзібны будынак, які ў пачатку 20-га стагоддзя належаў батаніку Адамаву. Пазней тут размяшчаліся розныя ўстановы, у тым ліку мясцовыя школа. Пэўны час будынак пуставаў і разбураўся, але цяпер у яго ёсць новы гаспадар – віцебскі прадпрымальнік Максім Жукаў:

— Я даведаўся пра сядзібу Адамава ў 2017-м годзе. Мне вельмі спадабалася гэтая імпрэза — Адамаўскі фэст. Адной з частак была экскурсія да сядзібы Уладзіміра Адамава. Так, гэта закінуты дом, але месца дужа спадабалася, запомнілася. І было дакладнае разуменне, колькі сіл сюды трэба ўкласці, і што я буду тут рабіць.

2016_06_17_lipka_adamauskifest_f20.jpg

Максім Жукаў хоча стварыць тут культурніцкую пляцоўку для правядзення фэстаў, творчых майстар-класаў, канцэртаў. Першы з іх прайшоў падчас 5-га Адамаўскага фэсту. А ў перспектыве, магчыма, у сядзібным будынку з’явіцца і музей Уладзіміра Адамава.




www.racyja.com