20 найлепшых кніг пра Мінск
Да 950-й гадавіны гораду svaboda.org прыгадала самыя яскравыя кнігі пра беларускую сталіцу.
Уладзіслаў Сыракомля напісаў некалькі краязнаўча-гістарычных працаў. У 1857 годзе ў часопісе Teka Wilenska быў надрукаваны ягоны нарыс «Менск», напісаны ў сааўтарстве з Адамам Шэмешам. У першай частцы нарысу расказваецца пра сучасны горад і яго жыхароў. У другой Сыракомля піша пра гісторыю Менску ад старажытных часоў крывічоў і да канца XVІІІ стагоддзя. На беларускую мову твор быў перакладзены і выдадзены ў 1992 годзе.
— Самым лепшым з старых, яшчэ савецкіх выданняў, прысвечаных Менску, я лічу фотаальбом Зянона Пазняка 1967 году, — казаў гісторык і культуролаг Сяргей Харэўскі для «Пяцікніжжа Свабоды». — Зрэшты, і сёння цяжка з чым параўнаць тую дыхтоўную, квадратнага фармату, у цвёрдым пераплёце кнігу з шыкоўнымі чорна-белымі фотаздымкамі.
Ягоная кніга стала сапраўдным бестсэлерам. Там упершыню быў дадзены мастацтвазнаўчы аналіз архітэктурнай спадчыны Менску, расказаная гісторыя стыляў, а ўсе здымкі, у тым ліку і аўтарскія, былі дакладна атрыбутаваныя і датаваныя. Сёння гэта кніга мае ўнікальную дакументальную каштоўнасць, бо тое, што мог тады сфатаграфаваць аўтар, ужо не існуе.
— Праз 17 год пасля выхаду фотаальбому Зянона Пазьняка выйшаў іншы фотаальбом — «Менск на старых паштоўках», — працягвае Харэўскі. — Зрэшты, тую невялічкую кніжачку ў мяккім пераплёце назваць альбомам можна з нацяжкаю. Але ягонае аздабленне, у модным тады стылі «рэтра», настолькі выбівалася сваёй густоўнасцю і цэласнасцю, што прыцягвала міжволі ўвагу эстэтаў і гуманітарыяў...
Гэта быў, без перабольшання, эстэтычны прарыў. Але гэта быў і прарыў светапоглядны. Мы зусім іншымі вачыма, праз калекцыю старых, яшчэ расійскіх часоў паштовак, зірнулі на родны горад. Я толькі з гэтага фотаальбому і дазнаўся, дзе ў нас ёсьць кафедральны касцёл, міма якога як спартыўнага таварыства «Спартак» я хадзіў гадамі! Мы, юныя беларусы, з трымценнем адкрывалі для сябе старасвецкія назвы сваіх вуліцаў і з захапленнем разглядалі хараство знішчаных храмаў.
— У 1985 годзе выйшла тонкая брашурка Ўладзіміра Дзянісава па-расейску — «Площадь Свободы в Минске», — адзначае Харэўскі. — На першы погляд непрэзентацыйнае, гэта выданне ўжо мела зусім іншы дыскурс. Бо ў ім пісалася ня столькі пра знішчаныя помнікі нашае даўніны, колькі пра тыя, што дзівам ацалелі.
Больш за тое, у кнізе Дзянісава былі змешчаныя праекты іх рэстаўрацыі і аднаўлення. У гэтай брашурцы былі малюнкі і фотаздымкі даўніх часоў і раней нікім не чытаныя цытаты падарожнікаў і публіцыстаў мінулых эпохаў. З іх стары Менск паўставаў калі не «Градам нябесным», то прынамсі зусім еўрапейскім горадам, апірышчам заходняй цывілізацыі, знішчаным ворагамі.
— Яшчэ адна кніга, у якой скрозь сачылася антысавецкасць, была лапідарная афармленнем і безэмацыйная стылем навуковая праца Захара Шыбекі «Минск в конце XIX — начале ХХ в.», — кажа Сяргей Харэўскі. — Нібы разлічаная на вузкае кола чытачоў, абазнаных у палітычнай эканоміі і ў сацыялогіі, яна прама пярэчыла нашым савецкім падручнікам.
З кнігі Шыбекі вынікала, што беларуская сталіца сталася ўнікальным палітычным цэнтрам, дзе ўтварыліся сацыялістычныя і сіянісцкія рухі і партыі Расіі, Польшчы і Беларусі, праз якія палітычная гісторыя ўсёй Эўропы склалася так, а не іначай. Пазней Захар Шыбека стаў аўтарам тых выдатных пульхных, добра аформленых кніг, што сёння ўпрыгожваюць нашы кніжныя зборы. А тады, у далёкім 1985 годзе, гэта быў першы стрэл у савецкую гістарыяграфію пра Менск.
— Гэтае вялікае, шыкоўна на свой час праілюстраванае выданне ўнікальнае з многіх прычын, — заканчвае свой топ-5 Харэўскі. — Вядома ж, і праз тое, што большасць з тых будынкаў, што яшчэ можна было якасна сфатаграфаваць у колеры ў апошнія гады СССР, ужо разбураныя.
Фотаздымкі, малюнкі і паштоўкі Васіля Каляды, карэннага менчука, зробленыя ім самім і сабраныя за дзесяцігоддзі калекцыянерскіх пошукаў, — унікальны жыццёвы праект. Подпісы і ракурсы здымкаў і невядомыя цяпер нікому адрасы былі выяўлены ў кнізе «Менск учора i сёньня» самым лепшым, прыгожым бокам. Праз ягоны збор, праз ягоныя ўспаміны мы можам уваскрасіць той стары Менск, які яшчэ бачылі нашы бацькі і дзяды і ніколі ўжо не ўбачым мы. Ніколі.
Фотаальбом «Горад СОНца» сам Артур Клінаў называе «візуальнай паэмай у трох частках». У яго ўвайшлі каля ста фотаздымкаў і эсэ Клінава пад аднайменнай назвай «Горад СОНца». З 2000 па 2004 год фатаграфаваў горад. Сярод 5000 фотаздымкаў для альбому ён адабраў 100.
«Горадам Сонца» Клінаў называе забудову 1930-1950-х гадоў, так званы сталінскі ампір. На яго думку, гэта адзінае ўвасабленьне ідэальнага гораду ў Савецкім Саюзе. Як ён распавядаў у інтэрвію TUT.BY, горад Сонца — гэта ўнікальны горадабудаўнічы комплекс, ансамбль, каштоўны менавіта сваёй цэласнасцю.
Першы том кнігі Леаніда Маракова ў момант раскупілі ў менскіх кнігарнях. Як напісана ў анатацыі, гэта грунтоўнае дасьледаванне пісьменьніка гісторыі соцень дамоў галоўнай вуліцы Менску — праспекта Незалежнасці, вуліцы, што цягам свайго існавання каля дзясятка разоў мяняла назвы.
Маракоў умоўна падзяліў вуліцу на 14 кварталаў. Ён раскапаў, наколькі гэта было магчыма, гісторыю кожнага будынка і кожнай кватэры праспекта. Ён апісвае біяграфіі шараговых жыхароў, часам дэтэктыўныя і містычныя. У кнізе поўна ўнікальных фотаздымкаў, якія раней нідзе не публікаваліся. Усяго ён сабраў інфармацыю пра дзьве сотні дамоў галоўнага праспекта Менска.
Да 950-й гадавіны Менску выйшаў унікальны фотаальбом Віктара Корбута і Дзмітрыя Ласько. У ім сабраныя здымкі ўсіх помнікаў архітэктуры, пабудаваных у Менску да 1917 году, якія ацалелі да нашых дзён. На больш як 400 старонках змешчана звыш 1500 сучасных і архіўных фотаздымкаў менскай архітэктурнай спадчыны. Таксама ў кнізе змешчаны QR-коды, дзякуючы якім на тэлефоне можна пабачыць 3D-выявы чатырох менскіх храмаў.
«Стары горад захінуты сучаснымі гмахамі. Дзякуючы здымкам Дзмітрыя Ласько нам удалося вывесці помнікі старажытнасці зь ценю сучаснай архітэктуры, — казаў Віктар Корбут пра фотаальбом газэце „Туризм и отдых“. — Альбом, спадзяюся, стане арыенцірам у тым ліку для гарадскіх уладаў: каб яны ведалі, якое багацце акружае менчукоў, і каб працягвалі дбаць пра яго захаванне»
— Мы ўжо ведаем, дзякуючы фотаздымкам з часоў вайны, як выглядаў напаўразбураны Менск з-пад крыла нямецкага самалёта. Цяпер жа даведаліся, як «з такой высакосці» на яго глядзелі ягоныя былыя жыхары, якім, як «летунам-бальшавікам», даручыў пякельнае заданьне руйнаваць з паветра радзімае гняздо таксама былы мянчук, — распавядала для рубрыкі «Пяцікніжжа Свабоды» Вольга Бабкова.
Героем апавядання выступае і сам «каханы горад», які па волі бязлітаснага лёсу становіцца аб’ектам налёту, і праз гэта руйнуюцца таксама жыцці галоўных персанажаў. У беларускай літаратуры яшчэ ў часы вайны з’явіўся твор, які праўдзіва расказаў сучаснікам пра трагізм існавання чалавека ў ваенных умовах. Адметная магія мовы менчука Антона Адамовіча, якая калісці гучала на вуліцах любімага ім гораду.
— Выдатная проза, якая, паводле аўтара, кампазіцыйна нагадвае раман у навэлах, сапраўды ёсць хронікай Менска часоў перабудовы, хронікай самотнага чалавека ў гэтым горадзе, — піша Бабкова пра кнігу Асташонка. — А таксама «праўдзівай гісторыяй». «Юбілейка», «Мутнае вока», кінатэатры «Новости дня», «Победа», могілкі на Чыжоўцы, таварная станцыя, каток на «Дынама», гарадзкія хіпі — менскія рэаліі, ужо ўдрукаваныя ў ягоную гісторыю.
Гэтаксама, як і «гарачы» пункт шклатары ў цэнтры гораду. Ці не зрабілася сёньня ягонай пераемніцай кнігарня «ЛогвінаЎ»? Я ў гэтым цалкам перакананая. Заходзяць жа сюды дасюль наведнікі той установы, шукаючы невідушчымі вачыма былое. Героі са старонак апавядання Асташонка «Шклатара». А галоўнаму герою, адрынутаму з рэчаіснасці, застаецца адно скочыць, раскрыўшы стары чорны парасон, з пустой дзедавай адрыны.
— Чым пахне ў горадзе? Духмянай кавай, булачкамі, памаранчамі, рассыпанымі на рагу вуліцы, парфумай, газіроўкай, цыгарэтамі, а таксама мокрай зямлёй, вясновым вулічным пылам, зялёнай маладой лістотай. Выдатнае апавяданне Міхася Стральцова прасякнута такім светлым настроем, напісана такой паэтычнай мовай, што проста адчуваеш між радкоў павеў сіняга стральцоўскага ветру ды напятасць ветразяў. І таму верыш, нават міжволі, ва ўласную здольнасць бясконца адшукваць таемнасці гэтага свету, — кажа Бабкова.
— Адзін з самых адметных раманаў у беларускай літаратуры, — працягвае Вольга Бабкова. — Духоўныя пошукі, «вострыя» разважанні, «жыцьцёвыя блытанасці» ягоных герояў збольшага адбываюцца на вуліцах Менску сярэдзіны 20-х гадоў. Гораду, напоўненага грукатам конкі і калёсаў па бруку, крыкамі паравікоў і пеўняў, стукам цягнікоў і зыкам званоў, а таксама дзіцячым крыкам і сьпевам гарадскіх птушак. Гораду, дзе ў цесных пакойчыках, у піўных, у кавярні на Каломенскай пад гукі скрыпкі, на вакзале, у скверах вядуцца спрэчкі і думаецца пра сэнс існавання. Гораду, які на пачатку вясны ўвесь «у барацьбе з гразёю», дзе пахне сьвежасцю і вапнаю ад тынкаваных вільготных сценаў камяніц, дзе гайдаюцца пад нагамі драўляныя тратуары, дзе вада Свіслачы ўвечары мацней пахне гарадской цеснатой. А дзень прыходзіць гатовым «да вялікіх жорсткасцяў у імя вялікай ласкавасці».
— Выкшталцоны твор пра Освальда ў Менску напісаў Аляксандар Лукашук, — піша Бабкова. — Некалькі гадоў, пражытых амерыканцам у нас, зрабілі горад аб’ектам пільнай увагі. Менск узору 1960-х разам з ягонымі насельнікамі паўстаў праз самыя розныя сьведчанні. І найперш праз адрасы галоўных герояў — меркаванага забойцы амерыканскага прэзыдэнта, ягонай жонкі і знаёмцаў.
Гэткі своеасаблівы экскурс па яўных і ўяўных мясцінах гораду. Мы можам наведаць кінатэатр «Цэнтральны», але ўжо не адшукаць у гарадскіх рэестрах кінатэатра «Летні». Зайсці ў гатэль «Мінск», але дарэмна шукаць вачыма шыльду кавярні «Вясна» на праспекце. Нават у раёне, блізкім ад Грушаўкі, дасюль жыве міт пра чалавека са стрэльбай. Хутчэй пра ягоную жонку, якая нібыта працавала ў маленькай крамцы (цяпер кавярня на рагу вуліц Карла Лібкнэхта і Хмялеўскага). Але ж у шпіталі насупраць Освальд сапраўды ўпершыню прапанаваў шлюб сваёй мінскай абранніцы.
Аўтабіяграфічны раман Уладзімера Някляева пра мінскіх стыляг часоў хрушчоўскай адлігі. Антысавецкія сходкі ў Менску ў пачатку 60-х, несанкцыяваныя ўладай паэтычныя чытанні на прыступках Тэатру юнага гледача, паседжанні «Палітбюро ЦК КПСС» у вар’ятні — усё гэта адбываецца ў рамане Някляева.
«Я пражыў у Менску жыццё, і мне не хапала легенды пра яго, — казаў Някляеў у інтэрвію Свабодзе. — І я падумаў, што гэтай легендай можа быць маё юнацтва, што ў гэтую легенду ўвойдуць тыя людзі, якіх я ведаў і любіў у 60-я гады. Шыкоўныя, прыгожыя гады, бо гэта былі часы маладосці».
Зборнік эсэ па гісторыі штодзённасці Вялікага Княства Літоўскага XVI-XVII стагоддзяў выйшаў у 2010 годзе. Героі кнігі — простыя людзі, жыццё якіх зафіксаванае ў адпаведных натарыяльных актах. Нараджэнні, шлюбы, скаргі, суды і смерці — дакументы аб гэтых падзеях могуць расказаць шмат цікавага.
З кнігі Вольгі Бабковай таксама можна даведацца пра вуліцы старога Менску, пра сярэднявечныя кошты, пра тагачаснае стаўленне да дзяцей. Вольга Бабкова пачала працаваць у архіве старажытных актаў з судовымі паперамі — канцылярскімі кнігамі, разнастайнымі актамі, тэстаментамі. У 2010 годзе за «...І цуды, і страхі» Бабкова стала лаўрэаткай літаратурнай прэміі імя Францішка Багушэвіча Беларускага ПЭН-цэнтру.
«Шабаны. Адно з сакральных месцаў сённяшняга Менску. Канцавая станцыя мітычных аўтобусаў і нікому не цікавых лёсаў, — гаворыцца ў апісаньні кнігі. — Менавіта ў Шабанах і іх ваколіцах разгортваецца дзея гэтай кнігі, у якой прыватныя жыцьці герояў пераплятаюцца з забытымі тэорыямі акадэміка Мара, за кожным паваротам чакае патруль часу, а ўспаміны дзяцінства пішуцца на старых мапах».
— Кніга атрымалася настальгічная, — казаў Бахарэвіч у інтэрвію «Будзьме». — Бо Шабаны знікаюць і ніколі ўжо ня вернуцца, Шабаны майго дзяцінства, майго юнацтва. Кніга мае падзагаловак «Гісторыя аднаго знікненьня», але знікненьняў у ёй шмат. Саступае месца гораду, знікае вёска Шабаны. Знікаюць людзі, знікае дзяцінства, знікае Радзіма. Гэта кніга пра немагчымасць вяртання. Тое, што я з’ехаў, дапамагло мне зразумець, што вярнуцца немагчыма. Бо ў тую Беларусь, з якой я з’яжджаў, я ўжо ніколі не вярнуся.
«Гэта гісторыя пра адну менскую кавярню, — гаворыцца ў анатацыі кнігі. — Расповед пра трох герояў, якія трапляюць у яе напрыканцы васьмідзясятых і адтуль не выходзяць». У інтэрвію Свабодзе Ігар Бабкоў распавядаў пра свой раман: «Кавярня — гэта надзвычай важнае месца. Ёсць тое, што можна назваць метафізыкай кавярні. Гэта не проста месца, дзе ядуць або адпачываюць, а месца, дзе адбываецца штосці важнае. „Хвілінка“ існавала ў рэальнасьці, гэта вядомы ўсім менскім інтэлектуалам барны закутак на праспекце, і ён стаў поўнафарматным героем раману. Чаму менавіта „Хвілінка“? У пэўны момант мне захацелася перадаць атмасферу той эпохі; тую халодную, тонкую, неверагодна насычаную энэргетычную атмасфэру, поўную мрояў і прадчуванняў, якая сёньня засталася толькі ў нашай памяці. У канцэнтраваным выглядзе ўсё гэта існавала ў тым невялічкім барным закутку, „Хвілінцы“, і нават бармэн быў рэальны, то бок сапраўдны Леа, альбо Лёня, гатаваў найлепшую каву ў горадзе. Гэта, так сказаць, мой унёсак у міфалагізацыю Менску».
Юр’енен нарадзіўся ў сям’і вайскоўцаў у Нямеччыне, рос у Ленінградзе, Горадні і Менску. Вучыўся на журфаку БДУ, пасьля — на філфаку МДУ ў Маскве. З 1977 году жыве ў эміграцыі. Спачатку ў Францыі, а з 2005-га — у ЗША.
«Яна (аповесць. — РС) уяўляе сабой своеасаблівы погляд збоку на Менск як чужы, няродны, часам не да канца зразумелы горад, які ёсьць толькі дэкарацыяй для сюжэту жыцця, — піша гісторык і паэт Антон Рудак у часопісе „Прайдзісьвет“. — Менск у гэтай кнізе паўстае даволі пазнавальным, але разам з тым і нязвыкла іншым, амаль містычным».
Выхадзец са Смаргоні, Майсей Кульбак быў адным з найпапулярнейшых габрэйскіх пісменнікаў міжваеннага часу. Пасля эміграцыі ў 1928 годзе ён пераехаў у БССР. Пісаў на дзяржаўнай мове ідыш.
Раман «Зельманцы» — гэта невядомая гісторыя міжваеннага Менску. Як пісала Вольга Бабкова для Пяцікніжжа Свабоды, Менск у рамане прысутнічае не праз дакладныя адрасы, а праз адчуванне прасторы (палі, тракты), гукі ( «новы дзіўны звон» трамвая), колеры (сіні, срэбны, ліловы...) і брук.
«Раман — хроніка двара, сям’і, разгалінаванай як сямісвечнік, якая распачалася ад рэбе Зелмелэ ў 1863 годзе і пражыла на адным месцы 70 гадоў, пакуль побач не пачалі будаваць фабрыку „Камунарка“».
Паводле Радыё Свабода