Жыхары Магілёва паскардзіліся ў пракуратуру на мясцовыя ўлады
У Магілёве жыхары сямі запланаваных да зносу дамоў паскардзіліся ў пракуратуру і Мінбудархітэктуры на мясцовыя ўлады, якія, паводле іх меркавання, адмаўляюцца выконваць даручэнне міністра аб паўторным інструментальным абследаванні будынкаў.
Ілюстрацыйнае фота.Вежа на вул .Крупскай у Магілёве
Раней жыхары сямі дамоў па вуліцы Крупскай на тэрыторыі былога ваеннага гарадка запатрабавалі ад гарадскіх улад адмяніць рашэнне аб зносе, прынятае, як яны лічаць, незаконна. Грамадзяне
сцвярджаюць, што 26 снежня 2013 года гарвыканкам неабгрунтавана і тайна прыняў рашэнне, якое аспрэчваецца зараз у судзе, а акты абследавання кватэр у 2013 годзе не адпавядаюць рэчаіснасці. Жыхары
ўпэўненыя, што іх дамы зносяць для далейшага будаўніцтва, што трэба кваліфікаваць як канфіскацыю зямель пад дзяржаўныя патрэбы, і гэтае жыллё не можа лічыцца непрыдатным для пражывання. Прадстаўнікі
магілёўскай гарадской і абласной улады сцвярджаюць адваротнае, заяўляючы, што ўсе дзеянні гарвыканкама законныя.
Пасля звароту жыхароў у Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва 28 сакавіка кіраўнік ведамства Анатоль Чорны ў лісце ад 17 красавіка на імя адной з жыхарак паведаміў, што гэтае жыллё падлягае зносу
з канфіскацыяй зямельных участкаў для дзяржаўных патрэб. Разам з тым з-за нязгоды жыхароў з актамі абследавання міністэрства даручыла ўпраўленню ЖКГ Магілёўскага аблвыканкама сумесна з Магілёўскім
гарвыканкамам правесці паўторнае абследаванне стану запланаваных да зносу дамоў.
Пасля атрымання ліста 35 жыхароў звярнуліся да магілёўскіх улад з просьбай правесці абследаванне публічна і адкрыта ў прысутнасці саміх уладальнікаў жылля і ўласнікаў кватэр. Аднак у адказе
намесніка старшыні Магілёўскага гарвыканкама Аляксандра Вераксы ад 27 мая гаворыцца, што "заканадаўствам не рэгламентаваны парадак абследавання жылых дамоў з удзелам грамадзян, іх законных
прадстаўнікоў".
Такі адказ жыхары расцанілі як сабатаж і адмову выканаць даручэнне міністра архітэктуры і будаўніцтва аб паўторным інструментальным абследаванні іх дамоў з іх жа ўдзелам. У сваіх скаргах у
абласную пракуратуру і Мінбудархітэктуры яны патрабуюць абавязаць магілёўскія ўлады неадкладна пачаць і ў кароткія тэрміны выканаць даручэнне кіраўніка Мінбудархітэктуры аб паўторным інструментальным
абследаванні стану дамоў.
19 мая ў Магілёве адбыўся суд па скарзе жыхароў запланаваных да зносу дамоў па вуліцы Крупскай на рашэнне гарвыканкама аб зносе. Суд прызначыў судова-будаўнічую экспертызу будынкаў, якая будзе
праведзена пасля таго, як жыхары збяруць на яе некалькі дзясяткаў мільёнаў рублёў.
Паводле рашэння магілёўскіх улад, якое яны абгрунтоўваюць указам прэзідэнта № 563 ад 16 снежня 2013 года, што набыў моц 1 красавіка 2014 года, тыя, хто мае ў дамах для зносу прыватызаваныя кватэры, уселяцца ў арэнднае жыллё і атрымаюць грашовую кампенсацыю па рынкавым кошце сваіх цяперашніх кватэр. Жыхарам непрыватызаваных кватэр будзе прапанавана жыллё з дзяржаўнага жылога фонду з магчымасцю яго прыватызацыі да 2016 года. Грамадзяне не згодныя з перспектывай страты уласнасці, якая ім належыць.
Уладзімір Лапцэвіч, БелаПАН