Журналісты тыдзень шукалі Віктара Бабарыку. У калоніі параілі звярнуцца ў Google
Ужо 61-шы дзень тысячы беларусаў задаюцца адным і тым жа пытаннем: куды падзеўся экс-прэтэндэнт у кандыдаты ў прэзідэнты пасля таго, як яго павезлі з калоніі ў бальніцу? У штабе палітыка пра гэта нічога не ведаюць, звесткі пра месца знаходжання асуджанага і стан яго здароўя хаваюцца нават ад самых блізкіх сваякоў.
— У розныя месцы
перыядычна тэлефануюць і пытаюцца. Нічога талковага, адны адпіскі, — кажуць у
штабе.
Паводле закона людзі маюць права ведаць, як сябе адчуваюць іх родныя, нават калі яны зняволеныя. Тым больш — дазнавацца першымі, калі тыя раптам паміраюць.
Ад імя прыватнай асобы журналіст «Еўрарадыё» цягам тыдня абзвоньвае розныя бальніцы, калонію і іншыя дзяржаўныя ўстановы, дзе тэарэтычна Віктар Дзмітрыевіч мог бы апынуцца. Як мінімум службоўцы гэтых ведамстваў маглі б паўплываць на тое, каб людзям нарэшце сказалі праўду.
«Я думаю, што ў Google шмат будуць пісаць»
Страшнае пытанне пра смерць з надзеяй атрымаць на яго адмоўны адказ я задаю проста ў лоб і пачынаю з работніка калоніі №1 у Наваполацку, дзе палітык адбываў свой тэрмін. Вядома, што тут за зносіны з ім іншых зняволеных штрафавалі і адпраўлялі ў ШІЗА, а палітвязня Ігара Лосіка дык увогуле давялі да спробы самагубства.
— Добры дзень, праўда, што Віктар Бабарыка памёр у вашай калоніі?
— На такія пытанні я не адказваю, прабачце. Усяго добрага.
— Што з ім адбываецца? Чаму няма ніякай інфармацыі? Гэта ж ненармальна, я па-чалавечы пытаюся.
— Я вам па-чалавечы і адказаў: на гэтыя пытанні я не адказваю.
— Вы можаце сказаць: ён у калоніі? Ён жывы ці мёртвы? Хоць бы так?..
— Нават «хоць бы так» я адказаць не магу.
— Чаму? Гэта ж не таямніца — проста сказаць: чалавек памёр ці не.
— Я вам не магу даваць інфармацыю, якая тычыцца асуджаных. Вось у чым рэч.
— Блізкія людзі маюць права ведаць!
— А вы блізкія людзі?
— Так.
— Я зразумеў. Увогуле, на такія пытанні я адказаць не магу.
— Скажыце, а да каго я магу звярнуцца? Хто можа адказаць?
— Я думаю, што ў Google шмат будуць пісаць…
— У сэнсе, у Google? У Google ніхто нічога не піша. Я хачу ведаць, хто можа адказаць мне на маё пытанне?
— Дакладна не сюды. Я думаю, ёсць сэнс патэлефанаваць блізкім сваякам. Можа, яны вам раскажуць…
— Дык не ведаюць…
— І блізкія сваякі нічога не ведаюць?
— Не.
— Я зразумеў. Выбачайце, усяго добрага, да пабачэння.
Калі нам нічога не кажуць пра месцазнаходжанне нашых зняволеных сваякоў, мы пачынаем абзвоньваць медыцынскія ўстановы і моргі. Урок, засвоены за апошнія дзесяцігоддзі, прыводзіць мяне ў Віцебскую абласную клінічную бальніцу, затым — у псіхіятрычную, куды мяне перанакіравалі, затым — у прэзідэнцкую і, нарэшце, у шпіталь КДБ.
«Родным заўсёды павінны паведамляць!»
— Гэта праўда, што ў вашай бальніцы памёр Віктар Бабарыка?
— Не чулі... Ён на кафедры працаваў ці хворы? — удакладняюць у Віцебскай абласной.
— Хворы.
— Мы не ў курсе.
— Можна неяк даведацца? Тэлефануем па тэлефоне, па якім выдаюць інфармацыю пра пацыентаў.
— Дык у сваякоў удакладніце.
— Не ведаюць сваякі…
— Мы не павінны выдаваць такую інфармацыю.
— Чаму?
— Ну нельга. А то ці мала што закране — пойдуць скаргі.
— Родныя не ў курсе, таму і тэлефаную. Праўда, што ён памёр, а калі не, то як сябе адчувае?
— Калі сваякі нічога не кажуць, патэлефануйце ў аддзяленне, у якім ляжыць хворы. Хоць цяпер вось гляджу, што ён у нас наогул не праходзіць. Вось, нават па-беларуску ўвяла ініцыялы.
— А да вас яго прывозілі?
— Адкуль мы ведаем. Калі што, трэба тэлефанаваць ва ўсе бальніцы і ўдакладняць, дзе ён знаходзіцца.
— Ён знаходзіўся ў калоніі і яго адтуль павезлі. Куды — незразумела.
— Можа, на дзявяты кіламетр? Там псіхлячэбніца. Не можа быць, каб родныя не ведалі. Родным заўсёды павінны паведамляць!
Ну што ж.
Псіхлячэбніца — так псіхлячэбніца. Званю. Спагадлівая суразмоўніца слухае
гісторыю пра зніклага зняволенага і спачувальна вывучае базу пацыентаў.
— Як бы я ні ўводзіла прозвішча, яго няма. Часам бывае, што літары дзесьці пераблыталі ў ініцыялах, але я ўжо ўсё пераспрабавала.
— А па-беларуску не маглі напісаць? Ба-ба-ры-ка.
— Не, у нас толькі па-руску пішацца. На жаль, у нас яго няма і да нас яго не дастаўлялі.
Пошукі працягваюцца…
— Праўда, што ў вашай бальніцы памёр Віктар Дзмітрыевіч Бабарыка? — цікаўлюся ў Рэспубліканскім клінічным медыцынскім цэнтры Упраўлення справамі прэзідэнта.
— У нашай? Не, вядома. Я такога не чула.
— А можна неяк даведацца, як ён сябе адчувае?
— Дык адкуль я ведаю, у нас у цэнтры ён не ляжыць.
— Можа, вы ведаеце, дзе ён тады?
— Адкуль я ведаю? Я не цікаўлюся гэтым чалавекам.
— Мы проста вельмі перажываем, разумееце? Ніхто нічога не кажа.
— І мы не ведаем. Не ведаем, чым вам дапамагчы. Не ў курсе.
Па тэлефоне Рэспубліканскага шпіталя КДБ жаночы голас адказвае, што я трапіла ў паліклініку і вельмі абураецца.
— Што за глупства? Чаму вы тэлефануеце сюды з такімі пытаннямі?
Бескарысныя грамадскія арганізацыі
На ўсялякі выпадак некалькі разоў спрабую датэлефанавацца непасрэдна ў КДБ і Адміністрацыю прэзідэнта, але там не адказваюць ні па адным нумары. Цікава, толькі мне так шанцуе ці, можа, нехта перакусіў драты?..
Падобная сітуацыя з прадстаўнікамі розных праўладных арганізацый з Віцебскай абласной грамадскай назіральнай камісіі пры Галоўным упраўленні юстыцыі Віцебскага аблвыканкама, якая ў пачатку чэрвеня не выявіла ніякіх парушэнняў у наваполацкай калоніі №1. Шчыра кажучы, наогул незразумела, навошта нам такія грамадскія дзеячы, тэлефоны якіх трэба суткамі шукаць у інтэрнэце. Як і незразумелая дзейнасць Чырвонага Крыжа ў Беларусі, дзе мне паведамляюць, што іх праца — "гэта арганізацыя гуманітарнай падтрымкі", ды і тое, калі ёсць чым дапамагаць.
Так, дарэчы, на
сайце арганізацыі прапісана, што беларускі Чырвоны Крыж "закліканы
абараняць і паляпшаць жыцці ўразлівых асоб", а бачанне БТЧК — гэта
"грамадства, у якім ніхто не застаецца сам-насам з бядой". Падымаць
тэму знікнення палітвязня тут лічаць недарэчным.
— Чалавек знаходзіцца ў сацыяльна ўразлівым становішчы, як вы думаеце?
— Ён да нас не звяртаўся.
— Можа, ён памёр, а можа, не здаровы.
— Разумееце, мы не можам высвятляць, на падставе чаго ён знік, гэта значыць, нібыта аказваем дапамогу тым людзям, ад якіх паступае нейкі запыт.
— Гэта значыць, што Чырвоны Крыж — гэта безыніцыятыўная арганізацыя…
Тэлефаную начальніку галоўнага ўпраўлення юстыцыі Віцебскай вобласці Сяргею Канапельку:
— Пры вашым кіраванні была створаная камісія, якая правярала калонію, адкуль павезлі Віктара Бабарыку. Інфармацыі пра яго няма ўжо некалькі месяцаў. Можа, ён памёр?
— Вам трэба не да нас з гэтым пытаннем, а ў абласное ўпраўленне Дэпартамента выканання пакаранняў МУС.
— А калі працавала камісія, там сапраўды парушэнняў ніякіх не было?
— Вас цікавіць праца камісіі ці тое, дзе знаходзіцца вязень?
— І першае, і другое. З калоніі, якую вы правяралі, знік чалавек. Чаму вы не рэагуеце?
Замест адказу на пытанне суразмоўца проста вешае трубку.
«Блізкія сваякі з ім вядуць ліставанне»
Ну што ж... Тэлефаную ва ўпраўленне Дэпартамента выканання пакаранняў МУС па Віцебскай
вобласці.
— Прыязджайце, пішыце заяву... Ды я ўвогуле вартаўнік!
— Вартаўнік?
— Вартаўнік-вахцёр другога разраду!
Суразмоўца дае яшчэ адзін нумар, па якім мне адказваюць хоць бы нешта.
— Ва ўпраўленні юстыцыі сказалі, што менавіта да вас трэба звяртацца па гэтым пытанні.
— Так, ён утрымліваецца ў нашых установах. Але ўсё роўна вы павінны альбо пісьмова звярнуцца, альбо прыйсці на прыём.
— Гэта значыць, ён не памёр?
— Я не ведаю.
— Блізкім людзям нічога не паведамляюць.
— Блізкія сваякі з ім вядуць ліставанне.
— Праўда? І нікому нічога не кажуць?
— Я не ведаю…
На ўсялякі выпадак набіраю тэлефон службы даверу Вярхоўнага суда Беларусі, у якім Віктара Бабарыкі судзілі.
Прайшоўшы шлях, які даводзіцца праходзіць многім родным беларускіх палітвязняў, мне хочацца спытаць толькі адно: у якую суму можа быць ацэненая маральная шкода, калі падаць у суд на ўсіх прыкарытных маўчуноў і баязліўцаў?
Але тут ананімныя вусныя звароты разглядаць
адмаўляюцца, як і цікавіцца тым, што стала з экс-прэтэндэнтам у кандыдаты ў
прэзідэнты Беларусі, якога менавіта гэты суд адправіў у калонію.