Журналіста «КП» Генадзя Мажэйку пакінулі за кратамі, але абвінавачання яшчэ няма
З моманту затрымання журналіста «Комсомольской правды в Беларуси» Генадзя Мажэйкі ўжо прайшлі 72 гадзіны, за якія журналісту павінны прад’явіць абвінавачанне або адпусціць.
«Мяркуючы па тым, што ён не выйшаў з ізалятара, да яго ўжытая мера
стрымання ў выглядзе заключэння пад варту», — паведаміў прадстаўнік
«Комсомольской правды» Валянцін Алфімаў.
Раней галоўны рэдактар «Комсомольской правды» Уладзімір Сунгоркін сказаў,
што Генадзя Мажэйку будуць абараняць два адвакаты.
Журналіста выдання Генадзя Мажэйку затрымалі ў ноч на 2 кастрычніка,
пасля чаго змясцілі ў ізалятар на Акрэсціна ў Мінску, у яго дома правялі
ператрус, нагадвае «Свабода». Дагэтуль дакладна невядома, у якой краіне затрымалі Мажэйку.
Беларускія сілавікі сцвярджаюць, што зрабілі гэта ў Мінску, але ёсць таксама
інфармацыя пра тое, што журналіста «КП» вывезлі наўпрост з Масквы.
4 кастрычніка прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Пуціна Дзмітрый Пяскоў
заявіў, што Крэмль апавясціў Лукашэнку аб тым, што выступае супраць
блакавання СМІ на беларускай тэрыторыі.
Праз матэрыял пра забітага супрацоўнікамі КДБ праграміста Андрэя Зельцэра ў
краіне заблакавалі сайт «Комсомольской правды в Беларуси»: там з'явілася
нататка, дзе адна з яго аднакласніц добра выказалася пра забітага
мужчыну. Аўтарам той нататкі якраз быў Генадзь Мажэйка.
За негатыўныя каментары ў адрас забітага ў той перастрэлцы супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка сілавікі затрымалі ўжо звыш 110 чалавек.