Знішчана яшчэ аднаго пахаванне польскіх салдат
СМІ паведамляюць пра знішчэнне яшчэ аднаго пахавання польскіх салдат у Беларусі.
Яшчэ адно пахаванне польскіх салдат знішчанае ў Беларусі. Зраўнавалі з зямлёй брацкую магілу салдат Арміі Краёвай каля вёскі Качычы Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці. Пра гэта са спасылкай на чытачоў паведамляе польскі рэсурс, які піша пра падзеі ў Беларусі.
У гэтым месцы былі пахаваныя 89 польскіх партызан, якія загінулі ў студзені 1945 года ў баях з унутранымі войскамі НКУС, піша Еўр*дадыё.
Армія Краёва — падпольная польская ваенная арганізацыя, якая дзейнічала падчас Другой сусветнай вайны. Яе мэтай было аднаўленне Польшчы. На баку фашыстаў Армія Краёва ніколі не ваявала. Адносіны з савецкімі войскамі былі розным: здараліся і сумесныя аперацыі супраць фашыстаў, але адбываліся і ўзброеныя сутыкненні.
Апошнім часам у Гродзенскай вобласці знішчылі некалькі пахаванняў салдат Арміі Краёвай. Так, на мінулым тыдні зраўнавалі з зямлёй магілы ў вёсцы Мікулішкі Ашмянскага раёна. На гэтае месца выязджаў часовы павераныў справах Польшчы ў Беларусі Марцін Вайцяхоўскі, які ўсклаў там кветкі. Пасля гэтага яго выклікалі ў МЗС, дзе заявілі, што афіцыйна там не зарэгістравана ваенных пахаванняў, а гэта было "ўпарадкаванне тэрыторыі".
Нагадаем, што гэта не першы выпадак апаганьвання магіл салдат Арміі Краёвай на фоне напружаных адносін Беларусі і Польшчы.
Раней Польшча выказвала занепакоенасць частымі выпадкамі апаганення магіл. У МЗС краіны заяўлялі, што выпадкі вандалізму ў асноўным датычацца Гродзенскай вобласці, дзе знаходзіцца каля 550 месцаў пахавання салдат АК. Польшча звярталася да беларускіх уладаў з заклікам неадкладна спыніць акты вандалізму і прыцягнуць вінаватых да адказнасці.
Выпадкі знішчэння магіл салдат Арміі Краёвай былі зафіксаваныя ў вёсках Багданы, Бабровічы, Дындылішкі, а таксама ў Іўі. У Ёдкавічах (Бераставіцкі раён) невядомыя ссунулі надмагільныя пліты і выкапалі астанкі салдат з брацкай магілы.