Змены не ў лепшы бок. Ці можа гісторыя Беларусі знікнуць з падручнікаў?

Цалкам верагодна, што беларускія дзеці будуць вучыць «агульнарускую» гісторыю — з адпаведным ідэалагічным ухілам і нават з апраўданнем вайны ва Украіне.

licej_adukacyja_fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas1_logo.jpg

Пасол РФ у Беларусі заявіў, што новы падручнік павінен ліквідаваць розначытанні ў разуменні важных падзей у часы Савецкага Саюза і Расійскай імперыі. Улады створаць камісію па гісторыі, якая вырашыць, як правільна трактаваць «спрэчныя» пытанні. Апытаныя «Deutsche Welle» гісторыкі мяркуюць, што ў выніку будзе перагледжаная ўся гісторыя Беларусі, школьнікам і студэнтам давядзецца перавучвацца.

Камісію па гісторыі ад расійскага боку ўзначаліць памочнік Пуціна Уладзімір Мядзінскі, ад беларускага — кіраўнік Адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Сергеенка. Тэрміны стварэння адзінага падручніка ўлады не называюць.

Пры гэтым рэктар Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта Дзяніс Дук у эфіры дзяржТБ заявіў, што ў беларускіх школах ужо выкарыстоўваецца такі падручнік. Паводле яго, настаўнікі выкарыстоўваюць яго на факультатывах. «У гісторыі было нямала пераломных момантаў, якія па-рознаму трактаваліся ў нашай і расійскай найноўшай гісторыі. Сёння мы прыйшлі да разумення, што неабходна выпрацаваць адзіныя падыходы», — адзначыў Дук.

Як могуць перапісаць гісторыю Беларусі?

Прафесар і гісторык Павел Церашковіч лічыць стварэнне адзінага падручніка «заканамерным крокам на шляху паўзучай акупацыі Беларусі». На яго думку, у выніку будзе перагледжана ўся гісторыя Беларусі.

«Будзе дамінаваць расійскі падыход, — мяркуе прафесар. — Хутчэй за ўсё, змены закрануць этнічную гісторыю Кіеўскай Русі. У савецкі час акадэмік Рыбакоў выдаў канцэпцыю аб старажытнарускай народнасці. Гэта адпавядае і ўяўленням Пуціна, які ўвесь час паўтарае, што быў адзін народ. Без умяшання палітыкаў тут не абыдзецца».

Таксама, на думку гісторыка, будзе пытанне аб Вялікім Княстве Літоўскім, якое Пуцін нядаўна абвясціў рускай дзяржавай, дзе дамінавала руская мова.


Глядзіце таксама

Яшчэ адно праблемнае пытанне — Трынаццацігадовая вайна, якая адбылася ў XVII стагоддзі. «І сёння афіцыйная гістарыяграфія не любіць пра гэта згадваць, — кажа Церашковіч. — Але напраўду гэта самая страшная вайна ў нашай гісторыі, не Другая сусветная, а вайна 1654-1667 гг., калі Беларусь была акупаваная расійскімі войскамі — страты насельніцтва склалі блізу 50%. У новых падручніках пра гэтыя падзеі ці ўвогуле не згадаюць, ці як у савецкі час, напішуць, што гэта была барацьба беларусаў супраць палякаў за ўз'яднанне з Расіяй».

Таксама гісторык чакае змен у апісанні падзей, звязаных з падзелам Рэчы Паспалітай. Павел Церашковіч згадвае артыкул Дзмітрыя Мядзведзева, які выйшаў два гады таму. «На думку Мядзведзева, ніякіх падзелаў Рэчы Паспалітай не было. Проста Расія вярнула сабе тое, што ў яе раней адабрала Польшча, — кажа суразмоўца DW. — Мядзведзеў нават прапаноўваў у 2023 годзе адзначыць 250-годдзе вяртання Беларусі ў родную гавань. Праўда, ніхто ў Беларусі на яго прапанову не адгукнуўся».

Акрамя таго, прафесар упэўнены, што ў новых падручніках будуць перагледжаныя пытанні, звязаныя з паўстаннем пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. «Сёння некаторыя расійскія гісторыкі і палітыкі падаюць вобраз Каліноўскага як аналаг Сцяпана Бандэры для ўкраінцаў», — удакладняе Церашковіч.


Глядзіце таксама

Таксама варта чакаць змен у асвятленні рэвалюцыі 1917 года, а затым і стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі. «Не думаю, што ў новых падручніках будуць кропкавыя змены. Будзе перагледжана ўся гісторыя Беларусі, нават тая недасканалая версія, якая сёння выкладзена ў падручніках», — растлумачыў эксперт.

У новых падручніках можа з'явіцца расійская версія падзей ва Украіне

Аляксандр (прозвішча не названа з меркаванняў бяспекі)  выкладае гісторыю ў адной са школ Мінскай вобласці. Паводле яго, да іх пакуль не паступалі адзіныя падручнікі. «Я чуў пра гэта ў навінах, але з настаўнікамі гэтую тэму пакуль афіцыйна не абмяркоўвалі, — кажа ён. — Нічога добрага ад новых падручнікаў я не чакаю, таму што чытаў меркаванне расійскіх гісторыкаў, якія лічаць, што беларускую гістарычную канцэпцыю трэба ператварыць у агульнарускую. Сумняваюся, што меркаванне нашых навукоўцаў пачуюць».

Таксама Аляксандр асцерагаецца, што падручнікі ператворацца ў прарасійскую прапаганду. «Школьнікам давядзецца зноўку перавучвацца, ім прапануюць новы погляд на гісторыю. Да таго ж, у новых падручніках, верагодна, не абыдуць тэму вайны з Украінай. І калі гэта будзе ў падручніках, а потым і ў тэстах, настаўнік ужо не можа ігнараваць гэтыя пытанні, выказваць сумневы адносна інфармацыі ў афіцыйнай крыніцы».


Глядзіце таксама

На яго думку, гэта будзе дэматываваць настаўнікаў гісторыі — «давядзецца хлусіць дзецям, каб яны здалі іспыт».

Павел Церашковіч звяртае ўвагу, што ў 2023 годзе быў выпушчаны падручнік для ВНУ па гісторыі Беларусі, які ўжо пачалі выкарыстоўваць у Расіі. Паводле слоў прафесара, каля 90% выдання займае гісторыя апошніх 30 гадоў. «Цалкам чакана, што ў адзіным падручніку для школьнікаў будуць выкладзеныя і падзеі апошніх гадоў з праўладнай ацэнкай падзей», — падсумаваў гісторык.