Змеі выконваюць жаданні, жабы прыварожваюць — найцікавейшыя беларускія міфы і забабоны

Большасць людзей, сустрэўшы змяю, ускрыкне і адскочыць убок. Няветлівыя мы і да жаб. Пагадзіцеся, жаба — не тая істота, якую хочацца браць у рукі, лашчыць і цалаваць. Аднак нашы продкі надавалі вялікае значэнне гэтым істотам — пацвярджэнні знаходзім у кнізе «Міфалогія беларусаў», над якой працавалі Сяргей Санько і Таццяна Валодзіна.

zhaba.jpg


Што беларусы распавядалі пра жаб
«Пасварыліся неяк з-за хлопца дзве сястры. І адна адной кажа: «Каб ты дома свайго не мела і дзяцей сваіх не гадавала». А другая адказвае: «Каб ты, калі ідзеш, грудзямі аб падлогу білася». Так і з’явіліся зязюля ды жаба», — гаворыцца ў адным з паданняў.
Здаўна самымі страшнымі праклёнамі ў беларусаў былі тыя, у якіх фігуравалі жабы. «Каб табе жаба цыцкі дала», «Каб табе зялёна жаба зубы пашчытала», — гаварылі беларусы сваім ворагам.
Лічылася, што прысніць жабу — вельмі кепскі знак. Жабу ў хаце таксама называлі дрэннай прыкметай.
Маленькае дзіця ні жартам, ні паўжартам нельга было дражніць «жабай». Казалі, што чалавек, якога так дражняць у дзяцінстве, будзе гарбатым.
Але ёсць і добрыя міфы пра жаб. Нездарма ж у казцы царэўна прымае гэты вобраз: жаба мудрая, у яе ёсць сувязь са светам цудаў.
Былі і жабы-дамавікі, якіх задобрывалі міскай малака.
У некаторых рэгіёнах Беларусі ёсць смешная прыкмета: калі на свята ў хату першай зойдзе жанчына, то ў доме будзе шмат жаб.

Як спадабацца дзяўчыне

Цікавая роля жабы і ў любоўнай магіі.
Лічылася, што, калі хлопец хоча прываражыць дзяўчыну, ён павінен з’есці лапку жабы. Але ў сваіх апетытах хлопцу належала быць стрыманым: калі малады чалавек з’есць жабу цалкам, то пакахае старую жанчыну.
Жабы сапраўды дзівосныя: яны могуць дыхаць і ў вадзе, і ў паветры. Каб іх скура не сохла, яна пакрытая сліззю, якае мае бактэрыцыднае дзеянне. Таму кажуць, калі пасадзіць жабу ў скрыню, малако не скісне.
Не менш цікавым было стаўленне беларусаў і да змей.

Калі да чалавека прыходзіць змей

У павер’ях і паданнях беларусаў згадваюцца і паветраныя змеі або цмокі, і водныя, і вогненныя. Апошнія з’яўляюцца ў сюжэтах, калі чалавек знаходзіць скарб ці калі гаспадарцы пагражае засуха.
Цікава, што паводле паданняў змеі могуць змяняць аблічча і нават пераўтварацца ў чалавека. Вядомы сюжэт, калі змяя трапляе ў хату да дзяўчыны праз комін і пераўтвараецца ў прыгожага хлопца ці прымае аблічча памерлага каханага. Праўда, такая сустрэча не абяцае дзяўчыне нічога добрага. Зусім наадварот — прадвяшчае хваробу ці нават смерць.

zhaba_2.jpg

Дарэчы, у некаторых сюжэтах згадваецца, што жанчына магла нарадзіць ад змея дзіця. Калі верыць міфам, маці Аляксандра Македонскага нарадзіла яго акурат ад змяі. А ў беларускім фальклоры той самы сюжэт звязваюць са з’яўленнем на свет Усяслава Чарадзея.
Калі вы былі ў краязнаўчых музеях, то, пэўна, звярталі ўвагу, што шмат старажытных жаночых упрыгажэнняў зробленыя акурат у выглядзе змяі. Лічылася, што, калі такім чынам «прыручыць» змяю, яна будзе абярэгам і для самой жанчыны, і для ўсёй яе сям’і.
А колькі згадак пра тое, што змяю, якая селіцца ў хаце, хляве ці лазні, трэба паіць малаком? Усё па той жа прычыне: каб задобрыць госцю.

Чаму маланка часта трапляе ў дрэва

Адно з лукомльскіх паданняў распавядае пра змея, які жыў сярод людзей і шыў ім адзенне. Змей той быў моцным чарадзеем, мог нават пераўтварацца ў вясёлку. З ім звязваюць такую легенду.
Закахаўся змей у дзяўчыну, стаў да яе ўвесь час наведвацца, аднак пачуццё яго аказалася не ўзаемным. Аднойчы дзяўчына вырашыла ад яго пазбавіцца. Калі змей заснуў, яна не стала папярэджваць яго пра тое, што на вёску ідзе хмара разам з Перуном, якога змей асцерагаўся. У апошні момант змей раптоўна прачнуўся і, зразумеўшы здраду, ударыў дзяўчыну па твары, пакінуўшы ў яе на шчацэ апёк, а пасля кінуўся хавацца ў дупло дрэва. Аднак Пярун яго заўважыў і забіў.

zhaba_3.jpg

Лічылася, што акурат па гэтай прычыне маланка часта трапляе ў дрэва: там можа хавацца змей.

Як зразумець мову птушак і звяроў

Змеі неслі чалавеку не толькі беды і непрыемнасці. Меркавалася, што калі з імі дамовіцца, змеі могуць адарыць чалавека рознымі чароўнымі рэчамі ці ўласцівасцямі.
Памятаеце, у адным з апавяданняў «Шляхціца Завальні» Баршчэўскага гаворыцца, што трэба перад Вужыным Каралём разаслаць белы абрус, каб змей скінуў сваю карону, з якой можна лёгка выканаць усе свае жаданні?
У іншых паданнях распавядаецца, што калі на расліну ўпадзе хоць кропля змяінай крыві, то яна стане гаючай і цудадзейнай.
Больш за тое, людзі верылі, што змяя можа дапамагчы чалавеку зразумець мову жывёл і птушак. У Лунінецкіх паданнях прыводзіцца нават адмысловая інструкцыя: забіць вялізную чорную змяю, расцягнуць яе на зямлі ва ўсю даўжыню, узяць фасоліну і ўціснуць яе змяі ў вока. Калі гэтая фасоліна прарасце, дачакацца ўраджаю, сабраць фасоліны, адну зварыць і з’есці. Але ні ў якім разе не частаваць іншага чалавека — атруціцца.
Паводле Нашай Ніны