«Згубім настаўніка — будзем хадзіць п’яныя і дурныя»

Менавіта так казаў Лукашэнка на досвітку свайго прэзідэнцтва. Але тады ён, напэўна, яшчэ не думаў, што «п’яныя і дурныя» — выдатны для яго электарат. Цяпер, як заўважае тэлеграм-канал «Нашы грошы», менавіта «згуба настаўнікаў» і адбываецца.

list_6_ghost_towns_chernobyl_and_pripyat_4853749429_2.jpg


Ахова здароўя і адукацыя — дзве вельмі падобныя па некалькіх параметрах сферы. Абедзве сацыяльныя і датуемыя дзяржавай, у кожнай можна ўбачыць яскрава акрэсленую працоўную міграцыю: штогод яе пакідае вялікая колькасць спецыялістаў, якія адпрацавалі належнае па размеркаванні, і адразу ж на іх месца прыходзяць выпускнікі ВНУ, закрываючы недахоп у спецыялістах, які ўтварыўся з-за звальненняў.

А яшчэ на ахову здароўя і адукацыю сыходзіць ільвіная доля бюджэту. Іх утрыманне патрабуе вялікіх грошай нават з тымі жабрацкімі заробкамі, якія мы бачым цяпер (яны ўсё яшчэ не дацягваюць да сярэдніх па Беларусі).

Калі паглядзець на тое, як змянялася занятасць у сферы адукацыі з 2016 да сярэдзіны 2022 года, то адразу стануць прыкметныя адзначаныя вышэй цыклы найму/звальненняў. На працягу года ў адукацыі назіраецца пастаянны адток кадраў, а ў верасні іх папаўняе новы «прызыў».

Задумка чыноўнікаў такая: увёўшы інстытут размеркавання, яны падтрымліваюць неабходную колькасць педагогаў у школах дзякуючы рэгулярным папаўненням. І нейкі час гэтая канцэпцыя больш-менш працавала: хоць спецыялістаў, занятых у галіне, патроху станавілася ўсё менш, але адбывалася гэта плаўна, малапрыкметна. Усё змянілася пасля 2020 года, калі адток настаўнікаў стаў мець масавы характар, і штогадовыя «мабілізацыі» з дзяржаўных ВНУ ўжо перасталі кампенсаваць страты.

Прасочым тэндэнцыю. У далёкім 2016 годзе адукацыя Беларусі змагла апошні раз пахваліцца станоўчай дынамікай нанятых/звольненых: па выніках года плюс 1574 чалавекі. Далей — толькі адмоўныя вынікі: 2017 год — мінус 3987, 2018-ты — мінус 3101, 2019-ты — мінус 2002 настаўнікі, сітуацыя, здаецца пачынае выраўноўвацца... Але тут здараецца 2020-ты. Педагогі масава адчулі да сабе «народную любоў» пасля ўдзелу ў выбарчых камісіях. Па выніках года сышло на 9274 чалавекі больш, чым пачало працаваць. У 2021-м — мінус 8391, а ў 2022-м (па стане на ліпень) — мінус 10575. Важна адзначыць, што ў гэтым годзе недабор яшчэ будзе часткова нівеліяваны размеркаванымі, якія прыходзяць у жніўні-верасні.

Сумарна ж, са студзеня 2016-га па ліпень 2022-га сфера адукацыі страціла больш за 35 тысяч чалавек, ці амаль 8% спецыялістаў. Каб разумець маштабы: у цэлым у гэтай галіне ў 2020 годзе было занята 448 тысяч чалавек. Гэта значыць, што кожны дзясяты з працаўладкаваных у краіне з'яўляўся супрацоўнікам сферы адукацыі.

photo_2022_09_13_12_19_54.jpg


Адна з прычын, вядома, фінансавая. Сярэдняя зарплата ў беларускіх настаўнікаў сёння — 1251 рубель. Гэта на 23% ніжэй сярэдняга заробку па краіне.

Так ці інакш, уся сфера адукацыі, па сутнасці, ператварылася сёння ў сістэму «новых прыгонных», настаўнікі не па ўласнай ініцыятыве выконваюць для ўлады шматлікую непапулярную працу: ад забеспячэння яўкі на канцэрты, мітынгі і выбарчыя ўчасткі да праверкі электраправодкі і пячнога ацяплення ў дамах. Для іх створаны ўмовы, пры якіх асаблівага выбару няма, за межамі галіны гэтая армія работнікаў (у большасці сваёй — жанчын) мала каму патрэбная. Прынамсі, да іх гэтую думку старанна даводзяць. Але прапаганды, якая вядзе да вывучанай бездапаможнасці, усё часцей не хапае нават на перыяд размеркавання.

Карціну таго, наколькі ўраду пляваць на адукацыю зараз, прыгожа дапаўняе статыстыка па рэгіёнах. Велізарны адток кадраў назіраецца нават у сталіцы, якая заўсёды была пад асобнай, пільнай увагай. У 2021 годзе сталічных педагогаў стала на 2580 менш, а са студзеня па ліпень 2022-га адмоўная розніца склала 3538 чалавек (яна скароціцца за кошт ізноў прыбылых настаўнікаў у пачатку навучальнага года, але потым працягне павялічвацца). Гэта азначае, што за два гады з Мінска ўцякло амаль столькі настаўнікаў, колькі за шэсць гадоў з Магілёўскай вобласці або з Гомельскай і Мінскай абласцей разам узятых.