Зэльвенскія кантрасты: 1 снежня, субота
У суботу, бліжэй да абеду, Зэльва заціхае і замірае. Прыехаўшы ў першы снежаньскі дзень у гэты раённы цэнтр, здаецца, што зэльвенцы альбо пахаваліся ў норы, альбо паўміралі.
На рынку сям-там яшчэ працавалі гандляры, але пакупнікоў не было. Толькі ў нядзелю з ранку зноў ажыве рынак на некалькі гадзін. Але цяпер – цішыня, якая неяк палохае і робіць цябе падазроным і чужым у гэтым гарадку.
З гарадскіх могілак, як на далоні, відаць Зэльвенскае вадасховішча. Яно таксама нейкае сумнае і адзінокае. Сумна і на могілках. Бываючы ў Зэльве, іх мінуць немагчыма, бо там спачывае вечным сном
народная беларуская паэтка Ларыса Геніюш.
Наведваю магілу паэткі. Як заўсёды — шмат кветак, вянкоў, свечак. На доме на Савецкай вуліцы, 7, дзе жыла Ларыса Антонаўна, няма мемарыяльнай шыльды. Сапраўдную шыльду
сарвалі работнікі райвыканкама за некалькі дзён да святкавання 100-гадовага юбілею паэткі ў жніўні 2010 года. Але замест яе творчая беларуская інтэлігенцыя прымацавала папяровую.
Пэўны час яна вісела на хаце, дзе жылі Ларыса і Янка Геніюшы, але сёння і папяровай не было. Сарвалі і яе вертыкальшчыкі.
Затое ў цэнтры Зэльвы насупраць райвыканкама з паднятай рукой стаіць помнік Леніну. Праўда, твар яго нагадвае не правадыра сусветнага пралетарыяту, а нейкага монстра.
За монстрам у цэнтральным скверыку таксама ёсць помнік… жарабяці. Чаму жарабяці? Ды таму, што ў канцы XYIII — пачатку XIX стагоддзяў у Зэльве праходзілі Ганненскія
кірмашы. На гэтых кірмашах прадавалі самы розны тавар з Расіі, Украіны, Польшчы, Балканаў, але найбольш гандлявалі ў Зэльве коньмі. Конскі торг — адна з характэрных рыс Ганненскага кірмашу.
У асобныя гады ў Зэльве прадавалі па некалькі тысяч коней. Таму зэльвенскія вертыкальшчыкі і паставілі помнік жарабяці. Відаць, на помнік добраму каню не хапіла грошай. Вось і стаіць жарабя
ў цэнтры Зэльвы. А шыльду Ларысы Геніюш нахабным чынам зрываюць з дому, дзе яна жыла. Такі там кантраст.
У цэнтры пасёлка, як і ў савецкі час, кідаецца ў вочы ўнівермаг. Абмінуць яго нельга. Заходжу туды. На першым паверсе — як і сорак гадоў таму, выбар тавараў даволі сціплы. Але мягкіх
дзіцячых цацак шмат, быццам іх выпускаюць ва ўнівермагу. Пытаюся ў гандлярак: чаму ў вас такі сціплы асартымент тавараў? Адна з жанчын адказвае: “Нашай вялікай вёсцы і
гэтага хапае!.
Можа і так. Зэльвенцам лепш відаць. Але мне неяк нязвыкла. Сярод сякіх-такіх тавараў убачыў і кружкі. На іх напісана “Ганненскі кірмаш у Зэльве. Кошт — 31.100 рублёў.
Дарагавата!
Побач з універмагам — рэстаран. Вырашыў паабедаць. Заходжу на другі паверх. Цішыня. І раптам чую жаночы голас: “Рэстаран не работает. “Чаму? —
пытаюся. “У нас спецзаказ, — адказвае. “Што за спецзаказ?, — цікаўлюся. “У нас — свадзьба, — адказвае
кабета. Сапраўды, сур’ёзны спецзаказ. Больш у цэнтры Зэльвы знайсці месца, каб у суботу паабедаць, не ўдалося.