Завершана следства па справе аб выбуху падчас салюту 3 ліпеня
Адзін чалавек загінуў, яшчэ 11 пацярпелі падчас салюту на Дзень незалежнасці ў Мінску ў 2019 годзе. Прычынамі выбухаў стала бракаваная расійская піратэхніка. Абвінавачанымі па справе праходзяць тры чалавекі. Вынікі расследавання паведамляе прэс-служба Следчага камітэта.
Паводле следства, напярэдадні правядзення салюту супрацоўнікі Мінскай ваеннай камендатуры выявілі неадпаведнасць большай частцы піратэхнічных вырабаў калібра 195 мм, што прызначаліся для святочнага салюту, нарматыўна-тэхнічнай дакументацыі. Закупленая раней у расейскай кампаніі піратэхніка была з бракам, дапушчаным на прадпрыемстве-вытворцы. Так, дыяметр (калібр) вырабаў перавышаў норму, што не дазваляла іх зараджаць у ствалы салютных установак у штатным парадку, яны падлягалі безумоўнай адбракоўцы і не маглі бяспечна выкарыстоўвацца пры правядзенні салюту. Па ўзгадненні з камендатурай для выпраўленні на месцы выяўленых дэфектаў і замены бракаваных вырабаў у Мінск прыбылі два інжынера прадпрыемства-вытворцы.
«У працэсе зараджання салютных установак феерверачнымі вырабамі названыя асобы разам з камандзірам роты Мінскай ваеннай камендатуры дапрацоўвалі іх шляхам унясення зменаў (памяншэнне дыяметра шляхам механічнага ўздзеяння), якія не прадугледжаны кіраўніцтвам па эксплуатацыі, нарматыўнай і тэхнічнай дакументацыяй. Такія змены прыводзілі вырабы ў небяспечны для выкарыстання стан, што пацвярджаецца вынікамі экспертных даследаванняў і следчага эксперыменту», — гаворыцца ў паведамленні СК.
У восем салютных установак зарадзілі 480 феерверачных вырабаў калібра 195 мм, больш за 190 з іх выкарыстоўваць было нельга.
З-за дапушчаных парушэнняў пры правядзенні салюту адбыліся выбухі вырабаў на нізкай вышыні і ў ствалах марцір. У выніку адзін чалавек загінуў, яшчэ адзінаццаць пацярпелі. Маёмасці фізічных і юрыдычных асоб нанесена шкода на агульную суму звыш 740 тысяч беларускіх рублёў.
Па выніках расследавання двум супрацоўнікам прадпрыемства-вытворцы феерверачных вырабаў прад'яўленае абвінавачванне па ч. 2 арт. 299 (Парушэнне правілаў абыходжання з піратэхнічнымі вырабамі, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека і прычыненне шкоды ў буйным памеры) Крымінальнага кодэкса Беларусі. Максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле прадугледжвае да 7 гадоў пазбаўлення волі.
Дзеянні камандзіра роты Мінскай ваеннай камендатуры кваліфікаваныя следствам па ч. 2 арт. 463 (Парушэнне правілаў абыходжання з прадметамі, якія ўяўляюць павышаную небяспеку для навакольных, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека і прычыненне шкоды ў асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэкса Беларусі. Максімальнае пакаранне па гэтым артыкуле прадугледжвае да 5 гадоў пазбаўлення волі.
Нагадаем, 3 ліпеня 2019 года пад час святочнага салюту ў Мінску адбылося надзвычайнае здарэнне. Загінула 64-гадовая жанчына, яшчэ 10 чалавек пацярпелі. У Мінабароны расказалі, што падрывы адбыліся ў трох з шасці месцаў, дзе вырабляўся салют.
СК разглядаў чатыры асноўныя версіі: пра няспраўнасць салютных установак, няспраўнасці феерверачных вырабаў, няправільным зараджанні салютных установак, няправільнай эксплуатацыі салютных установак.
На наступны дзень затрымалі двух расіян з фірмы «Піра-Рос», якая пастаўляла феерверкі Мінабароны Беларусі. Супрацоўнікі кампаніі заявілі, што падчас салюту ў Мінску ўжываліся феерверкі ўласнай вытворчасці 2017 года выпуску. Кампанія шмат гадоў супрацоўнічала з Мінабароны Беларусі, сума кантракту складала каля 20 млн расійскіх рублёў (звыш 300 тысяч долараў).
Паводле tut.by