Жарсці вакол алоўка

Ведаць абедзве дзяржаўныя мовы павінны ўсе работнікі ўсіх арганізацыяў, а «Белсаюздруку» і «Белкнізе» Мінінфарм раіць зладзіць курсы беларускай. Такія вынікі змагання за «аловак» у Гомелі

fota_szapik.jpg


«Дзеянне норм артыкула 4 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь» распаўсюджваецца на ўсіх без выключэння работнікаў дзяржаўных органаў, органаў мясцовага кіраваньня і самакіраваньня, прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый і грамадскіх аб’яднанняў Рэспублікі Беларусь».
Так сцвярджаецца ў адказе Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу па адукацыі, культуры і навуцы за подпісам яе старшыні Ігара Марзалюка, які атрымаў на свой зварот жыхар Рэчыцы Андрэй Мядзведзеў.

Рэчычанін мусіў звярнуцца да заканадаўчага органа краіны па тлумачэнні, што маюць на ўвазе заканадаўцы пад фармулёўкамі закона, пасля атрымання даволі цікавага адказу ад Гомельскай філіі прадпрыемства «Белсаюздрук» на сваю скаргу. Інцыдэнт адбыўся ў адным з гомельскіх газетных шапікаў.
«У лістападзе мая сяброўка спрабавала ў гэтым шапіку набыць некалькі сшыткаў. Яна мне і распавяла, што прадавачка пачала рабіць выгляд, быццам не разумее, што такое «сшыткі» і наракала, што мая сяброўка адмыслова здзекваецца з яе. Праз некалькі дзён я выпадкова апынуўся каля таго самага шапіка, узгадаў аповяд сяброўкі, і вырашыў праверыць — ці сапраўды ў прадавачкі нейкія праблемы з адукацыяй, альбо так званае неразуменне беларускай — проста прынцыповае жаданне ігнараваць дзяржаўную мову. Я загадзя ўключыў дыктафон і звярнуўся ў акенца шапіка», — распавядае Андрэй Мядзведзеў.


Ён запытаўся аловак. Прадавачка сказала, што не разумее, папрасіла перакласці. Але Андрэй, які заўжды карыстаецца беларускай мовай, сцвярджае, што ніколі не перакладае беларускія словы на расійскую, а тлумачыць іх тым, хто нешта не зразумеў, па-беларуску. І тут ён спрабаваў патлумачыць прадавачцы значэнне слова «аловак». Але яна ўпарта не хацела яго разумець. 
У выніку Андрэй пакінуў запіс у Кнізе заўваг і прапаноў, спаслаўшыся на артыкул 4 закона «Аб мовах», дзе сказана, што «кіраўнікі, іншыя работнікі дзяржаўных органаў, органаў мясцовага кіравання і самакіравання, прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый і грамадскіх аб’яднанняў павінны валодаць беларускай і рускай мовамі ў аб’ёме, неабходным для выканання імі сваіх службовых абавязкаў».
Праз два тыдні ён атрымаў адказ за подпісам дырэктара Гомельскай філіі прадпрыемства «Белсаюздрук» Васіля Кулыбы са своеасаблівай трактоўкай нормаў артыкула. У прыватнасці, распаўсюджвальнікі друку сцвярджалі, што «Тэрмін «службовыя абавязкі» можна перакласці на рускую мову як «должностные обязанности», так і «служебные обязанности». У той жа час, згодна з дзеючым заканадаўствам, прадавец не з’яўляецца службовай асобай, а належыць да катэгорыі «працоўных». Такім чынам, прымяненне да яго тэрміна «службовыя абавязкі» (у рускім варыянце напісаньня «должностные обязанности») пры выкананьні ім працоўных функцый, якія прапісаныя ў рабочай інструкцыі прадаўца Вавілонскай М.П., непрыдатна».
Але з такім перакручваннем нормаў закону жыхар Рэчыцы не пагадзіўся, і вырашыў даведацца, што мае на ўвазе заканадаўца, накіраваўшы электронны зварот у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу. Атрыманы адказ быў досыць адназначны.


Акрамя таго, што дзеянні артыкула 4 закона «Аб мовах» распаўсюджваюцца на ўсіх без выключэння работнікаў, дэпутаты пацвярджаюць і тое, што «ўсе катэгорыі работнікаў маюць службовыя абавязкі незалежна ад займаемай пасады, толькі абавязкі гэтыя ў кожнага розныя». 

Такім чынам, паводле дзейнага закона «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь», усе, хто працуе ў любой арганізацыі краіны, павінны ведаць абедзве дзяржаўныя мовы ў тым аб’ёме, каб маглі выканаць свае службовыя абавязкі.
«Я не патрабаваў ад прадавачкі ведаць беларускамоўную тэрміналогію ядравай фізікі ці найвышэйшай матэматыкі. Таксама я не настойваў на тым, каб яна мне адказвала па-беларуску. Але тое, што прадаецца ў яе шапіку, яна павінна ведаць на абедзвюх дзяржаўных мовах, каб, прынамсі, зразумець, што ў яе просіць пакупнік, які гаворыць не на той мове, на якой размаўляе прадавачка», – гаворыць Андрэй Мядзведзеў.
Як і параіў у сваім адказе дырэктар Гомельскага «Саюздруку», ягоны адказ Мядзведзеў абскардзіў у Міністэрстве інфармацыі, спаслаўшыся на меркаванне Палаты прадстаўнікоў адносна нормаў Закона «Аб мовах». Нядаўна рэчычанін атрымаў адказ з Мінінфарма, які падпісаў міністр Аляксандр Карлюкевіч.

mininfarm_adkaz_miadzviedzievu_logo.jpg


Ён падтрымаў абурэнне наконт няведання прадавачкай элементарных беларускіх словаў з асартыменту яе шапіка, але патлумачыў парушэнне закона супрацоўнікамі «Белсаюздруку» тым, што цяжка знайсці кваліфікаваных прадаўцоў, асабліва такіх, якія б валодалі дзвюмя дзяржаўнымі мовамі, бо заробкі ў гэтай катэгорыі работнікаў невялікія.
Міністр інфармацыі паведаміў, што для супрацоўнікаў прадпрыемства «Белсаюздрук», а таксама акцыянерных таварыстваў «Белкніга» і «Магілёўсаюздрук» Мінінфарм парэкамендуе правесці курсы беларускай мовы.