Жанчына справабала абараніць сына ад войска — на яе распачалі крымінальную справу
Супраць дзвюх віцяблянак, якія не хацелі пусціць міліцыю ў дом з-за позвы ў войска для сына адной з іх, распачалі крымінальную справу.
У Віцебску маці і цётка хлопца-прызыўніка не пускалі ў дом міліцыю. Прычынай візіту супрацоўнікаў міліцыі стала тое, што малады чалавек ухіляўся ад службы ў войску.
Хлопец праігнараваў некалькі позваў — і па яго прыйшлі міліцыянты
Мяркуючы па відэа, што было знятае, верагодна, на нагрудны відэарэгістратар, спачатку маці і цётка хлопца спрабавалі пагаварыць з супрацоўнікамі, прасілі пакінуць хлопца ў спакоі і папросту не пускалі сілавікоў у дом. Калі тыя паспрабавалі ўвайсці ў яго, жанчыны сталі іх адштурхоўваць.
У выніку міліцыянты затрымалі і хлопца, і яго маці ды цётку. Праўладны канал піша, што супраць жанчын распачата крымінальная справа, але не ўдакладняюць канкрэтны артыкул, але адзначае, што ім пагражае да шасці гадоў турмы.