«Заказчык» студэнтаў на поле — БРСМ?
Студэнты прыбіраюць моркву ў ААТ «Камбінат Усход» па просьбе БРСМ. А навучальная ўстанова — Белдзяржуніверсітэт транспарту — толькі закупіў для студэнтаў рабочыя пальчаткі і правёў інструктаж па тэхніцы бяспекі.
Пра гэта інспектар працы незалежнага прафсаюза РЭП Леанід Судаленка даведаўся ад рэктара БелДУТ Юрыя Кулажанкі, піша praca-by.info.
«План універсітэта ідэалагічнай і выхаваўчай працы змяшчае пункт аб аказанні дапамогі гаспадаркам ва ўборцы ўраджаю. Усе студэнты з'яўляюцца паўналетнімі, працуюць у поле добраахвотна, пагадзіліся на выплату заработнай платы ў натуральнай форме — 5 кг морквы ў дзень на аднаго чалавека», — напісаў рэктар БелДУТ прафсаюзнаму інспектару працы.
Юрыст Леанід Судаленка маніторыць выкарыстанне працы школьнікаў і студэнтаў для уборкі ўраджаю і раней уздымаў гэтае пытанне перад пракурорам Гомеля. Адтуль запыт быў перанакіраваны ў абласное ўпраўленне адукацыі, якое перанакіраваў зварот у навучальную ўстанову.
— Гэтая праца ў полі, няхай нават паўналетніх і з іх згоды, як нам тут пішуць, не параджае працоўных адносін. Я хачу данесці да кожнага — у выпадку, калі адбудзецца няшчасны выпадак, усе адразу хутка «ўмыюць рукі». Пагаджаючыся на такую працу, патрабуйце заключэнне працоўных дагавораў на час выканання сельгасработ, страхавання жыцця і здароўя. У адваротным выпадку кожны рызыкуе заставацца ў выпадку чаго сам на сам са сваімі праблемамі, — раіць інспектар працы.
У якасці прыкладу Леанід Судаленка ўзгадвае маладзечанскую трагедыю 2015 года, калі на ўборцы бульбы загінула школьніца. Тады чыноўнікі ад адукацыі заявілі, што школьніца выхоўвалася працай на калгасным полі, а факт працоўных адносін не ўдалося даказаць нават у судзе.