За павелічэнне зарплаты педагогаў заплацяць бацькі

Доўгачаканае павелічэнне заробкаў работнікам сферы дадатковай адукацыі адбылося фактычна адначасова з пераходам працы значнай часткі гурткоў і секцый на камерцыйныя рэйкі.



kruzhki.jpg

«Мы ж павінны неяк зарабляць на развіццё, дзяржава выдзяляе сродкі толькі на сціплыя зарплаты супрацоўнікам, вось і ўводзім плату за гурткі»,  — у адзін голас кажуць у цэнтрах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, калі тэлефануеш туды як бацька.

Калі ж звяртаешся як журналіст, нагадваюць, што з верасня павялічана тарыфная стаўка першага разраду, аклады павялічацца, але рэальныя грошы на гэта павелічэнне яшчэ трэба зарабіць, таму і расце колькасць платных паслуг.


У пачатку жніўня убачыла свет пастанова Савета міністраў, згодна з якой аклады настаўнікам былі павялічаныя на 25%. З верасня на 4% вырасла і тарыфная стаўка першага разраду. У выніку ў буйных цэнтрах дадатковай адукацыі зарплата з 2,5 млн. рублёў павялічыцца да 3 млн. рублёў, чакаюць педагогі.


Справядлівасці дзеля адзначым, што Міністэрства адукацыі паведаміла аб планах зрабіць платным удзел дзяцей і моладзі ў гуртках і секцыях ва ўстановах дадатковай адукацыі яшчэ ў лютым 2013 года. Рашэнне перавесці пазашкольныя заняткі на платную аснову звязана з неабходнасцю эканоміі бюджэтных сродкаў.


Частка гурткоў і секцый, якія Мінадукацыі палічыць сацыяльна значнымі, застануцца бясплатнымі. Аднак хто менавіта атрымае бюджэтнае фінансаванне пакуль не вызначана.
Цікава, што ў верасні мінулага года намеснік міністра адукацыі Беларусі Віктар Якжык адзначаў, што «дадатковая  адукацыя дзяцей і моладзі ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляецца важным сегментам сістэмы адукацыі, дзякуючы якой  навучэнцам забяспечваецца магчымасць заняткаў у вольны час рознымі напрамкамі творчай дзейнасці».
Намеснік міністра спаслаўся на распрацаваную Канцэпцыю развіцця дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі на 2013-2017 гады, на аснове якой будзе распрацавана адпаведная дзяржаўная праграма. Гэты дакумент, паводле слоў Якжыка, прадугледжваў істотнае пашырэнне спектру прапанаваных адукацыйных паслуг ўстановамі дадатковай адукацыі. У адпаведнасці з гэтымі задачамі меркавалася вызначыць шляхі якасных, структурных і зместавых пераўтварэнняў у сістэме дадатковай адукацыі, а таксама іх фінансава-эканамічнага і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння.
Аднак гэты дакумент так і не пабачыў свет, што яшчэ раз прадэманстравала, з аднаго боку, адсутнасць у ведамства стратэгіі развіцця дадатковай адукацыі, а з іншага  — недафінансавання сферы.

Ва ўстановах дадатковай адукацыі на пытанне, па якім прынцыпе адны гурткі становяцца платнымі, а іншыя  — не, адказваюць, што, як правіла, платнымі зрабілі тыя, якія карыстаюцца большай папулярнасцю. І падкрэсліваюць: выбар бясплатных гурткоў ёсць. Іншая справа, што калі вы хочаце займацца ў педагога з імем, за гэта, хутчэй за ўсё, прыйдзецца плаціць.


Дырэктар Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі Галіна Шкляр у каментары для Naviny.by адзначыла, што ў Кодэксе аб адукацыі прапісана, што паслугі дадатковай адукацыі прадастаўляюцца бясплатна для дзяцей і моладзі, на што вылучаецца дзяржаўнае фінансаванне. Аднак праводзяцца заняткі і на аснове гаспадарчага разліку :

«Напрыклад, разліковая лічба ў нашым палацы  — 5 тысяч дзяцей, якія займаюцца на бясплатнай аснове. Мы адкрываем дадатковыя гурткі для дзяцей дашкольнага ўзросту, якія карыстаюцца вялікай папулярнасцю, і даем гэтыя паслугі платна. Акрамя таго, у нас на тых жа ўмовах ёсць курсы для дарослых. Таму каля 3,5 тысяч чалавек у нас займаецца платна і 5 тысяч бясплатна» .


Галіна Шкляр падкрэсліла, што кошт навучання вызначаецца, зыходзячы з рэальных выдаткаў на камунальныя паслугі , заработную плату педагогам, падаткаў. Плата за навучанне дазваляе зацікавіць педагогаў і матываваць дзяцей і бацькоў. Дзеці становяцца больш дысцыплінаванымі і адказна падыходзяць да заняткаў. З тымі, хто плаціць, заключаецца дагавор, на падставе якога ў выпадку паважнай прычыны для пропуску заняткаў аплата не бярэцца.


Дырэктар палаца адзначыла, што сацыяльна неабароненыя пласты насельніцтва не ўшчамляюцца ў сувязі з распаўсюджваннем платных паслуг. Так, дзеці з шматдзетных сем'яў, дзеці з інваліднасцю пры наведванні платных гурткоў ўносяць толькі палову кошту. А тарыфы, дарэчы, вагаюцца ад 95 да 300 тысяч рублёў у месяц у залежнасці ад аб'ёму вучэбнай нагрузкі.


У Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі ў мінулым навучальным годзе працавала больш за 170 секцый, гурткоў, калектываў, дзе займалася больш за дзве тысячы дзяцей. У большасці сваёй гурткі для дзяцей былі бясплатныя. Кошт у параўнанні з мінулым навучальным годам павялічыўся на 4% і залежыць ад колькасці гадзін заняткаў у тыдзень. Напрыклад, ужо не першы год на камерцыйнай аснове працуе Студыя сучаснай харэаграфіі «Натхненне». Плануецца, што заняткі (чатыры разы на тыдзень па паўтары гадзіны) будуць каштаваць каля 200 тысяч рублёў.
Заробкі супрацоўнікаў невялікія, многія працуюць у некалькіх месцах.

«Зразумела, што за 2,5-3 млн. працуюць энтузіясты,  — сказала Naviny.by кіраўнік студыі аднаго з цэнтраў дадатковай адукацыі.  — Хоць кіраўніцтва даплачвае за актыўныя выступы, поспехі выхаванцаў, калі ёсць сродкі ў фондзе эканоміі заработнай платы. З дзецьмі працаваць цікава, але і цяжка . Разумееце, іх заўсёды было няпроста зацікавіць, а цяпер, калі вольны час дзеці праводзяць за кампутарам  — тым больш. Ды і не ва ўсіх бацькоў ёсць магчымасць вадзіць дзяцей некалькі разоў на тыдзень на заняткі. Дзеці цікавяцца кружкамі танцаў, выяўленчым мастацтвам. У музычныя калектывы ідуць з меншай ахвотай. Мне здаецца, калі заняткі ў іх зрабіць платнымі, бацькі абяруць музычныя школы».


naviny.by