За хабар затрымалі галоўнага архітэктара Мінска Паўла Лучыновіча
Старшыню камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама затрымалі ў Мінскім раёне пасля атрымання 4 тысяч долараў ЗША.
Грошы за спрыяльнае вырашэнне пытанняў па ўзгадненні праектных рашэнняў чыноўніку перадала індывідуальны прадпрымальнік, паведамляе сайт Міністэрства ўнутраных спраў.
Галоўным следчым упраўленнем Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь у дачыненні да службовай асобы Мінгарвыканкама ўзбуджаная крымінальная справа па ч.2 арт.430 (атрыманне хабару ў буйным памеры) КК РБ, у дачыненні да хабарадавальніка распачата крымінальная справа па ч.2 арт.431 (дача хабару ў буйным памеры) КК РБ.
Павел Лучыновіч паходзіць з Мінска, скончыў архітэктурны факультэт БНТУ ў 2000 годзе. Працаваў начальнікам аддзела архітэктуры адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска, затым — начальнікам аддзела горадабудаўніцтва Камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама, потым быў намеснікам старшыні камітэта. Пасаду галоўнага архітэктара сталіцы Лучыновіч займаў з 2015 года.